18.04.2007 / 17:29

Эўра-2012: «Вось чаго можа дабіцца краіна, дзе ледзь не штогод адбываюцца рэвалюцыі» Абноўлена, дададзена апытаньне 6

У сераду выканаўчы камітэт УЭФА прыняў рашэньне, што чэмпіянат Эўропы па футболе ' 2012 пройдзе на палях Польшчы і Ўкраіны. Як Эўра‑2012 адаб'ецца на Ўкраіне і Беларусі?

У сераду выканаўчы камітэт УЭФА прыняў рашэньне, што чэмпіянат Эўропы па футболе 2012 пройдзе на палях Польшчы і Ўкраіны. Як Эўра‑2012 можа адбіцца на Ўкраіне і Беларусі?

Багдан Арлоў, заўзятар, аўтар беларуска-расейскага слоўніка спартовых тэрмінаў: «Найперш хацелася б павіншаваць нашых суседзяў, што ім удасца на свае вочы пабачыць футбольны турнір такога ўзроўню. Прыняць у сябе першынство кантынэнту марыць любая краіна, дзе больш‑менш разьвіты футбол. Упершыню чэмпіянат будзе настолькі геаграфічна адсунуты ад цэнтра Эўропы на ўсход. Застаецца спадзявацца, што калі‑небудзь мы аб’яднаем намаганьні з той жа Балтыяй, каб правесьці і ў сябе дома такі турнір».

Сяргей Аляхновіч, спартовы журналіст: «Зважаючы на палітычныя падзеі, што разгортваліся ва Ўкраіне апошні месяц, я меркаваў, што УЭФА не даверыць правядзеньне такога турніру Ўкраіне, але я памыляўся. Гэта вялікае дасягненьне нашых суседзяў. Гэтаму ў значнай ступені паспрыяў і новы прэзыдэнт УЭФА Мішэль Пляціні, які вельмі прыхільна ставіцца да постсавецкіх краін. Спадзяюся, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай да гэтага часу яшчэ ня будзе ўсталяваны візавы рэжым, і беларусы змогуць вольна паглядзець на эўрапейскіх футбольных зорак. Такая магчымасьць здараецца ня кожны год».

Беларусам трэба яднацца з Балтыяй, каб правесьці аналягічны турнір.

Юлія Ляшкевіч, рэклямшчыца: «Вынік досыць нечаканы, бо паводле папярэдніх прагнозаў перамагчы мусілі італьянцы. Гэта асабліва здорава для заўзятараў. Асабіста я двойчы з боем прабівалася на сусьветныя першынствы ў Нямеччыну і Францыю. З той прычыны, што я жанчына і ў прынцыпе не павінна цікавіцца футболам, у мяне былі праблемы з атрыманьнем візаў гэтых краінаў. Даводзілася выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб туды трапіць. Спадзяюся, што зараз такіх праблем ня будзе, і зь Беларусі ў суседнія краіны паедзе аграмадная колькасьць заўзятараў. Таксама цікава, што будзе са стадыёнамі ў Польшчы і Ўкраіне, бо такіх стадыёнаў, як у Кардыфе яны пакуль ня маюць».

Сяргей Канашыц, спартовы аглядальнік «Беларусь сегодня»: «Гэта шыкоўна, што чэмпіянат пройдзе ва Ўсходняй Эўропе. Нямеччына ёсьць Нямеччынай, ня кожны можа туды зьезьдзіць, а да Ўкраіны і пешшу можна прайсьціся. У суседзяў цудоўная гулянка, і беларусы там заўжды будуць чаканымі гасьцямі. Таксама гэта дадатковы стымул для беларускіх футбалістаў трапіць на Эўра‑2012. Відавочна, што гэта і палітычны крок, бо футбол, у прынцыпе, ня можа быць апалітычным. Гэта бонус для Ўкраіны за ўсе палітычныя падзеі, што там адбываюцца».

Гэта вялікая перамога суседзяў і вялікая параза БТ.

Юры Чавусаў, палітоляг: «Рашэньне выканаўчага камітэту УЭФА разьбівае ўшчэнт камэнтары нашага тэлебачаньня, што ў Эўропе нас ніхто не чакае. Паглядзіце, на поўначы ад Беларусі праходзіць чэмпіянат сьвету па хакеі [Латвія-2006], балтыйскія краіны ўжо ў Эўрасаюзе, Украіна будзе прымаць чэмпіянат Эўропы па футболе і, напэўна, неўзабаве далучыцца да ЭС. Словы ж камэнтатараў пра тое, што «мы нікому не патрэбныя» папросту апраўдваюць аўтарытарызм нашых уладаў. Мае прагнозы адносна таго, што Беларусі могуць даверыць правядзеньне хаця б чэмпіянату сьвету па хакеі, хутчэй за ўсё, ня спраўдзяцца, бо за Беларусьсяй даўно замацаваўся імідж апошняй дыктатуры Эўропы, а не спартовай краіны».

Украінцам хапіла розуму аб'яднацца з Польшчай.

Сяргей Шчурко, журналіст газэты «Прессбол»: «Цяжка сказаць ці гэта было чыста спартовае рашэньне, ці палітычнае таксама. У Беларусі пра гэта вам дакладна ня скажа ніхто, бо беларускія функцыянэры рэдка ўваходзяць у склад нейкіх спартовых фэдэрацый. Яны нічога не вырашаюць у вялікім спорце. Таму і ня мы прымаем топ‑турніры, а нашы суседзі. Я радуюся, што ва ўкраінскай фэдэрацыі футболу хапіла розуму аб’яднаць свае намаганьні з Польшчай, каб правесьці Эўра‑2012. Чамусьці ў беларускай фэдэрацыі такіх думак не ўзьнікала і не ўзьнікае. Там увогуле рэдка калі думаюць. Для ўсёй Украіны гэта будзе моцны эмацыйны ўсплёск. Гэта прыклад таго, чаго можа дабіцца краіна, дзе ледзь не штогод адбываюцца рэвалюцыі, як кажуць па нашым тэлебачаньні».

Апытваў Зьміцер Панкавец

***

Украіна і Польшча атрымалі Эўра

Права прымаць чэмпіянат Эўропы па футболе 2012 г. была прысуджана Ўкраіне й Польшчы. Пра гэта абвесьціў старшыня ЎЭФА Мішэль Пляціні на цырымоніі ў сталіцы Валіі Кардыфе.

«Дайце мне веры, той гістарычны выбар, які зрабіў УЭФА, мы апраўдаем», — сказаў адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня старшыня Фэдэрацыі футболу Ўкраіны Рыгор Суркіс.

«Незалежная Ўкраіна нарадзілася 15 гадоў таму. У нас цяпер зьявіўся шанец, гэта новы выклік лёсу. Я дзякую ўсім, хто аддаў галасы за Ўкраіну і Польшчу. Я дзякую сваім калегам за тое, што яны аказалі нам давер. Мы апраўдаем», — сказаў Суркіс.

Супернікамі Ўкраіны ды Польшчы на апошнім этапе былі Італія, а таксама Харватыя і Вугоршчына. На першым этапе былі адсеяныя заяўкі Турэччыны ды Грэцыі.

Як ведама, на прыняцьці рашэньня ў сераду ўлічваліся перадусім рэкамэндацыі камітэту ЎЭФА ў нацыянальных зборных ды адмысловая справаздача ЎЭФА, што дае ацэнку транспартнай сыстэме, інфраструктуры, праўным аспэктам, умовам жыцьця і бясьпекі.

Афіцыйны сайт УЭФА так апісвае працэдуру выбару кандыдатаў, каторыя атрымалі права прымаць ЧЭ‑2012:

«Выканаўчы камітэт робіць выбар шляхам таемнага галасаваньня, прычым прадстаўнікі Італіі ды Ўкраіны пазбаўляюцца права голасу. Каб рашэньне было прызнана правамоцным, патрэбны кворум з васьмі чалавек. Кожны чалец выканкаму мае права аднаго голасу. Галасы тых, хто паўстрымаўся ці парушыў працэдуру, ня будуць улічвацца. Для прыняцьця рашэньня патрэбная абсалютная большасьць галасоў, то бок болей паловы. Калі на першым галасаваньні абсалютная бальшыня ня вызначыцца, дык заяўка, якая атрымала найменшую падтрымку, адкідваецца ад галасаваньня. Для двох астатніх кандыдатаў будзе праведзены яшчэ адзін тур галасаваньня. У тым разе, калі галасы пасьля першага туру падзеляцца пароўну паміж трыма заяўкамі, будзе праведзены прамежкавы тур, каб выключыць аднаго кандыдата. Урэшце, вынікі галасаваньня будуць абвешчаныя прынародна».

Лёс чэмпіянату Эўропы 2012 г. вызначалі 12 чалавек.

Гэта Мішэль Пляціні (Францыя), Герхард Маер‑Форфэльдэр (Нямеччына), Сэнэш Эрзік (Турэччына), Пэр‑Раўна Омдаль (Нарвэгія), Анхэль Марыя Вільляр Льёна (Гішпанія), Джэфры Томпсан (Ангельшчына), Мэт’ю Спрэнгерс (Галяндыя), Марыяс Лефкарыціс (Кіпр), Джозэф Міфсуд (Мальта), Жылбэрту Мадаіл (Партугалія), Мірча Санду (Руынія) і Вячаслаў Каласкоў (Расея).

Украіна і Польшча атрымалі сем галасоў з дванаццаці, перамогшы, такім чынам, у першым туры галасаваньня.

У падтрымку ўкраінска‑польскае заяўкі, паводле некаторых дадзеных, галасавалі прадстаўнікі Румыніі, Кіпру і Мальты і, вядома ж, Расеі. Нібыта яшчэ чатыры чальцы выканаўчага камітэту падтрымлівалі Італію. Мішэль Пляціні, абраны старшынём УЭФА пры падтрымцы фэдэрацыяў з Усходняе Эўропы, таксама ня меў нічога супраць украінска‑польскае заяўкі. Прынамсі, раскрываючы пакет, дзе быў напісаны пераможца, этнічны італьянец Пляціні задаволена ўсьміхаўся.

Як вядома, РФС плянуе пакласьці заяўку на правядзеньне чэмпіянату Эўропы ў 2016 г., і атрыманьне права на яго ў 2012 г. Украінай і Польшчай, хутчэй за ўсё, зьніжае шанцы Расеі на правядзеньне наступнага Эўра.

Украіна ж атрымала чэмпіянат Эўропы, нягледзячы на няпростыя палітычныя працэсы, што адбываюцца ў гэтай краіне. Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які пабываў напярэдадні ў Кардыфе, дзеля складанае абстаноўкі ў краіне вымушаны быў ад’ехаць зь Вялікае Брытаніі, не дачакаўшыся вынікаў галасаваньня.

Напярэдадні ж, падмацоўваючы польска‑ўкраінскую заяўку, прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў, што з аптымізмам глядзіць на вырашэньне задачаў, што стаяць перад краінай, у сьвятле правядзеньня чэмпіянату.

«Футбол — гэта частка нашае культуры, гісторыі, гэта часьцінка сэрца кожнага ўкраінца. Мы разумеем, што нам цяжка супернічаць зь дзяржавамі, дзе ўжо існуе інфраструктура, якую мы будуем. Але, запэўніваю вас, празь пяць гадоў Украіна і Польшча зробяць тое, што пры іншых абставінах ня здолелі б зрабіць і за паўстагодзьдзя. Дзеля гэтае ідэі аб’ядналіся ўсе — простыя людзі, бізнэсоўцы, палітыкі».

У Польшчы матчы маюць прайсьці ў Гданьску, Познані, Варшаве і Ўроцлаве, а на Ўкраіне — у Кіеве, Данецку, Днепрапятроўску і Львове.

У якасьці рэзэрвовых гарадоў прадугледжаныя Хожуў і Кракаў, а таксама Харкаў ды Адэса.

gazeta.ru

0
Zmicier / Адказаць
18.04.2007 / 18:29
A final u jakim goradzie??
0
Здралевіч / Адказаць
18.04.2007 / 20:26
Багдан Арлоў, заўзятар,<...>: «<...> Упершыню чэмпіянат будзе настолькі геаграфічна адсунуты ад цэнтра Эўропы на ўсход<...> Вельмі эўрапейскае мысьленьне. І дзе, цікава, той цэнтр Эўропы? :)))
0
Вечерний дозор / Адказаць
18.04.2007 / 20:45
Финал в Киеве, открытие в Варшаве. Так что - полный вперед! Если визы не введут...
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру