Генеральнай пракуратурай 10 кастрычніка накіравана ў суд Цэнтральнага раёна Мінска крымінальная справа ў дачыненні да старшыні Іудзейскага рэлігійнага аб’яднання Юрыя Дорна. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Генпракуратуры.

Справа расследавалася галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі.

Дорну інкрымінуецца ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), чч. 1, 2, 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў), ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 427 КК (службовая падробка), ч. 2 арт. 377 КК (крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў).

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачванага пакінута ранейшай — утрыманне пад вартай.

Нагадаем, першая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 430 КК была распачатая ў дачыненні да Дорна Следчым камітэтам Беларусі ў сакавіку гэтага года.

Тады паведамлялася, што Дорн быў затрыманы пры атрыманні незаконнай грашовай узнагароды ад аднаго з кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання. Устаноўлена, што, з’яўляючыся службовай асобай, адказнай за выкананне арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый аб’яднання, ён атрымаў грашовыя сродкі ў памеры больш як 13 тысяч долараў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дагавора арэнды нежылых памяшканняў, якія належаць рэлігійнаму аб’яднанню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?