11.10.2012 / 14:41

Літоўскія Меднікі: сярэднявечны замак за 2 км ад Беларусі, адноўлены на грошы ЕС — фотарэпартаж 10

У літоўскіх Медніках (Мядзінінкай) на беларуска-літоўскай мяжы адкрылі пасля рэканструкцыі самы сапраўдны сярэднявечны замак.
Ад замку да Беларусі — толькі 2 кіламетры, і гэта адзінае, што аддзяляе яго ад беларускай гісторыі. Але не турыстаў. Generation.by трапіў у замак адным з першых.
Замест брамы — проста пралом у сцяне і білетная каса на ўваходзе. Студэнтам — 3 літы (9 тыс. рублёў), астатнім — 6.
Гэта плата за магчымасць агледзець толькі што адкрытую для публікі сярэднявечную цвярдыню: абгароджаныя адноўленымі каля двух метраў шырынёй каменнымі сценамі, укрытыя новенькай чырвонай чарапіцай, два гектары газону і пяціпавярховую вежу са сцягам з пагоняй на даху.

Выява старажытнага замку на квітку падказвае: ты трапіў у сярэдзіну нечага колісь вельмі значнага і сур’ёзнага. Галоўнае не разгубіцца, і адразу накіравацца ў бок вежы, дзе турыстаў прымаюць усмешлівыя музейшчыцы, што час ад часу вымушаныя адцягвацца на тое, каб прагнаць мясцовых падлеткаў да замкавай сцяны, якую тыя з нейкай нетлумачальнай мэтай імкнуцца зруйнаваць драўлянымі палкамі.

Сярэднявечча за $3 млн

Мы і не здагадваліся, але ў двух кіламетрах ад памежнага пропуску Каменны Лог на беларуска-літоўскай мяжы шмат гадоў хаваўся сапраўдны скарб гісторыі Вялікага княства Літоўскага: сярэднявечны замак Меднікі. Замак быў зруйнаваны яшчэ ў тыя часы, калі прыстойныя людзі ў далёкія вандроўкі без мяча не выпраўляліся, а па княству час ад часу праносіліся віхоры розных заваёўнікаў.

Пасля Другой сусветнай да Меднікаў дабраліся археолагі, якія, троху пакапаўшыся ў ягонай глебе, пакінулі руіны дажываць да часоў незалежнасці Літвы. І толькі два гады таму ў замку пачаліся працы па аднаўленні сярэднявечнай цікавосткі. Без грошай Еўрапейскага саюзу не абышлося.

Уласна, толькі на брусельскія $3 млн. і быў адноўлены замак — літоўскі ўрад не знайшоў на рэканструкцыю ні цэнта.

Замак у Медніках вельмі нагадвае аналагічнае збудаванне ў Крэве. Абодва замкі былі ўзведзеныя ў прыкладна аднолькавы час у спробе Альгерда ці Гедыміна ўмацаваць Вялікае княства ад небяспекі нападаў крыжакоў. Верагодна, аднымі і тымі ж будаўнікамі. Кажуць, што будавалі замкі фантастычнага росту асілкі. І калі ў кагосьці з іх не ствала патрэбнага інструменту, то яны вельмі проста дзяліліся імі: перакідалі па паветры гіганцкія малаткі і рубанкі ад адной будоўлі да іншай. Неблагі прамежак, між іншым: ад Крэва да Меднікаў каля 45 кіламетраў.

Іншы беларускі замак, што таксама «ўражвае сваёй суровай прыгажосцю» — Лідскі.

Той таксама цяпер рэканструююць. Гэту беларускую будоўлю, што ўжо паспелі аднесці да стылю «аграрэнесансу», называюць жахлівай з-за хібаў такіх маштабаў, якіх, мабыць, не ведала яшчэ беларуская рэканструкцыя. Зрэшты, і літоўская версія сярэднявечнага замку не надта адпавядае канонам тых часоў.

Аказваецца, і «там» не ўсё добра з захаваннем спадчыны! Хаця пэўны ўзровень прыстойнасці будаўнікам усё ж атрымалася захаваць: бетонныя прыступкі старана схаваныя пад сур’ёзным узроўнем тынкоўкі, а ўмацаваныя ў сцены замкавай вежы разеткі і ліхтары выглядаюць даволі натуральна. Асабліва калі ўлічыць склад музейнай экспазіцыі, што заняла чатыры першых паверхі вежы.

Калі першы паверх даволі натуральна адведзены для экспазіцыі сярэднявечных гарматаў і глінянай керамікі, да якой далучаная чамусьці выстава слядоў жыўнасці на цаглінах, то вышэйшыя паверхі занятыя, падаецца, тым, што атрымалася знайсці па ўсёй Літве.
Тут і зброя ўсіх сярэднявечных часоў і новачасся, і крышталь, і нават пудзілы жывёлаў з калекцыі знатнага літоўскага паляўнічага і першага пасля вяртання незалежнасці прэзідэнта краіны Бразаўскаса. Адпаведныя інструкцыі да экспанатаў старана тлумачаць, што у часы, да якіх адносіцца замак, паляванне было натуральнай часткаю жыцця шляхты. Але ўсё роўна застаецца адчуванне, што экспазіцыю вежы літоўскія музейныя супрацоўнікі запаўнялі з апошніх сілаў: нітка да ніткі, як той казаў.

З апошняга паверху можна трапіць на дах, дзе ёсць шанец троху пафантазіраваць на тэмы тагачасных бітваў.

Вядома, што калі ў канцы 14 ст. крыжакі дабраліся да Меднікаў, у час асады яны зладзілі пад ягонымі сценамі паказальны рыцарскі турнір. Карціна, на якой можна пабачыць замак тых часоў, у кампаніі іншых выяваў літоўскіх і беларускіх замкаў вісіць на першым паверсе вежы.

0
Віталь з Менску / Адказаць
11.10.2012 / 15:11
З першага погляду выглядае прыстойна. А мяжа павінна быць прыбраная.
0
Racyja / Адказаць
11.10.2012 / 15:39
мяжа павінна быць прыбраная. =============================== Ne, khaj zastaecca mjaža. Nazvu treba praviļnuju paznačac. Žamojc!!! U inšykh movakh hetuju kraina nidze ne zavecca Litva, navat sami žamojty takuju nazvu ne užyvajuc. Čamu belarusy uparta nazyvajuc jaje Litva??? Žamojc, toļki Žamojc.!!!
0
Wlodek / Адказаць
11.10.2012 / 16:04
А дзе пластыкавыя шклопакеты?
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру