12 кастрычніка ў Міністэрстве спорту і турызму Беларусі прайшла прэзентацыя першага ў краіне мадэльнага турысцка-экскурсійнага маршрута «Валожынскiя гасцiнцы» на аснове канцэпцыі Greenways.

Ён быў распрацаваны беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы» сумесна з ініцыятыўнай групай Валожынскага раёна па заданні Нацыянальнага агенцтва па турызме. На працягу некалькіх гадоў у рамках міжнародных праектаў камандай спецыялістаў былі ажыццёўлены экспедыцыі для вывучэння гісторыка-культурнага і прыроднага патэнцыялу раёна, знаёмства з аб’ектамі сельскага турызму, наладжвання кантактаў з Валожынскім грамадскім саветам па развіцці аграэкатурызму, органамі раённай улады, мясцовым насельніцтвам. Дзякуючы сумеснай партнёрскай працы, рэкамендацыям міжнародных і беларускіх экспертаў была закладзена аснова зялёнага маршруту, створаны экамузеі, новыя аб’екты турызму, пастаўлены інфармацыйныя шчыты, выдадзены рэкламныя буклеты.

Асноўныя аб’екты паказу на маршруце — цэнтральная плошча Ракава, экамузей і арт-галерэя «Ракаўская цывілізацыя» Фелікса Янушкевіча, экамузеі «Свет пчол», «Брама ў Налібокi» і народных інструментаў на хутары Барок, сядзібы «Ганка» і «Марцiнова Гусь», экасцежка ў заказніку «Налібоцкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?