Моладзь БНФ стварае грамадзкую ініцыятыву за захаваньне ільготаў на праезд для студэнтаў і школьнікаў.

Рэдкая канструктыўная і канкрэтная ініцыятыва ад апазыцыі, не зьвязаная з дэмакратыяй і правамі чалавека. Гэта невялічкі, але бяспройгрышны крок. У прынцыпе, улады могуць спакойна праігнараваць гэтыя патрабаваньні — але для грамадзкасьці тады атрымліваецца, што менавіта БНФ будзе стаяць за справядлівасьць, і Фронту застанецца гэты факт пакласьці сабе ў капілку і зладзіць распаўсюд інфармацыі пра яго. Малаверагодна, але могуць улады і аднавіць ільготы моладзі — гэта атрымалася б непасярэднай саступкай патрабаваньням БНФ, што таксама належала б класьці ў капілку і раскручваць.

Праблема ў тым, што шкаляры і студэнты па беларускай завядзёнцы касаваньне ільготаў моўчкі праглынуць. Але ж такія рэчы копяцца, копяцца — і аднойчы колькасьць павінна перайсьці ў якасьць.

Такія пачынаньні мусяць арганічна ўплесьціся ў агульны пасыл апазыцыі, зрабіцца часткаю фундамэнтальнай альтэрнатывы Лукашэнку. Эканоміка, сацыяльная сфэра, адукацыя, ахова здароўя — улады трэба крытыкаваць за канкрэтныя памылкі, якія на сабе адчувае кожны чалавек, пагатоў рэжым багата забясьпечвае апазыцыю нагодамі для гэтага.

Дарэчы, дагэтуль з боку арганізаванай апазыцыі не прагучала аформленай у выразнай заяве крытыкі праекту рэканструкцыі бэрнардынскага кляштару ў Менску, што зьдзіўляе. Чаму маўчыць Партыя БНФ, якая закліканая быць галоўным абаронцам нацыянальнай спадчыны? Чаму маўчыць нацыянальна сьвядомы палітык Мілінкевіч?

Магчыма, яны баяцца «запляміць» ініцыятыву аб вяртаньні будынкаў сваёй падтрымкай, каб справа не набыла палітычнае адценьне і ад таго канчаткова згубіла шанец быць вырашанай на карысьць вернікаў. Паводле такой жа лёгікі прадпрымальніцкая супольнасьць раней спрабавала дыстанцыянавацца ад палітычнай апазыцыі: калі пытаньне ня будзе мець прынцыповы і сымбалічны характар, дабіцца ад уладаў міласьці нібыта можа быць прасьцей.

Але гэта трагічны і наіўны самападман, бо ўлада толькі і чакае разьяднаньня сілаў, што супрацьстаяць ёй.

Гэта ня першая падобная ініцыятыва Партыі БНФ за апошні час. Напярэдадні ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы ва ўправе БНФ арганізаваны збор сродкаў для дзяцей, хворых на анкалёгію.

Так трымаць. Трэба больш азірацца навокал і маленькімі карыснымі справамі набліжаць вялікую перамогу.

Алесь Чайчыц, pozirk.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0