Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся змяніць кіраўніцтва «Камунаркі» і «Спартака». Такое даручэнне ён даў 12 кастрычніка на нарадзе па пытанню развіцця кандытарскай галіны.

Як паведаміла дырэктар СААТ «Камунарка» Наталля Кот, уся закупка сыравіны на прадпрыемстве ажыццяўляецца на тэндарнай аснове. Аднак як высветлілася ў час дэталёвага абмеркавання гэтага пытання, пастаўшчыком асноўнай сыравіны для «Камунаркі» — какава-зярнят — з’яўляецца амерыканская кампанія. Што датычыцца збыту прадукцыі за мяжу, то экспартам таксама займаецца адна кампанія — «Белкандытар». Больш таго, існуе выклікаючая пытанні дамоўленасць паміж кампаніяй і «Камунаркай» аб тым, што прадпрыемства на працягу 25 гадоў не можа карыстацца паслугамі якой-небудзь іншай збытавой кампаніі.

Аляксандр Лукашэнка жорстка адрэагаваў на прадстаўленыя факты: «Можа, нам дырэктараў таксама адвесці ад кіравання прадпрыемствам, прынамсі, гэтых і паспрабаваць з іншымі папрацаваць?»

«Я думаю, дапусцім, Данчанку (старшыня канцэрна „Белдзяржхарчпрам“) трэба на „Камунарку“ адправіць, няхай навядзе парадак і пакажа, як працаваць. Вось і ўсё. Якія тут праблемы? Давайце так зробім», — сказаў ён.

Што датычыцца кіраўнікоў «Камунаркі» і «Спартака», то Лукашэнка адзначыў, што ім будзе прапанавана работа на іншых прадпрыемствах.

«Прадастаўляйце ім работу на працягу гэтага месяца і мне на кантроль. Як яны працуюць на іншым прадпрыемстве — дакладваць кожны месяц.
Добра будуць працаваць — не пакрыўдзім, будуць працаваць і далей, — сказаў ён. — А на прадпрыемствы накіруйце сваіх людзей. І галавой будзеце адказваць за гэтыя прадпрыемствы. Інвестараў, якія тут, крыўдзіць не трэба. Няхай працуюць. Можа, яны будуць пастаўляць з Ганы вам сыравіну, там жа ўжо напрацавана схема, але вы вазьмеце за нармальную цану».

«А ўсе размовы, што ў нас «Камунарку» і «Спартак» хочуць забраць і прадаць — забудзьце! Тут будзе дзяржаўнае прадпрыемства для народа! І гэта не толькі прадпрыемства калектываў, гэта здабытак народа, гэта стваралася пакаленнямі, і мы зробім так, што гэтыя прадпрыемствы будуць проста зіхацець на фоне іншых «, — падкрэсліў Лукашэнка.

«Паверце, я гэта рашэнне прымаю не спантанна. Я вельмі добра ведаю пазіцыю абодвух дырэктараў. Як толькі яны пачалі бударажыць калектывы, я даручыў адпаведным органам адсачыць сітуацыю вакол.
І я яе атрымліваў пастаянна. Не толькі афіцыйна. Гэта цалкам падкантрольныя Новікаву людзі. Яны ўсё рабілі па яго ўказцы, плюс яшчэ і гэтыя старшыні наглядальных саветаў», — адзначыў Лукашэнка

«Да канца кастрычніка па ўсім канцэрне ўсё павінна быць прыведзена ў парадак. Замест Данчанкі — на працягу сутак унесці кандыдатуру!

— даручыў Аляксандр Лукашэнка Міхаілу Русаму. — Усе астатнія рашэнні вы павінны за суткі прыняць разам з губернатарамі і мне заўтра далажыць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0