Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што сітуацыя апошніх гадоў характарызуецца тэндэнцыямі ўзмацнення рэпрэсій у дачыненні да дэмакратычнай супольнасці і адсутнасцю адзінства ў дэмакратычных арганізацыях. «Разлад у дэмакратычных структурах вядзе да страты цікавасці з боку міжнароднай супольнасці да беларускай апазіцыі. У міжнароднай супольнасці ўзмацняецца ўспрыманне бязвыхаднасці ў магчымасці змяніць сітуацыю ў Беларусі», — сказаў ён.

Паводле слоў Янукевіча, у многіх на Захадзе «ўзнікае жаданне ўцячы ад беларускага пытання ці гаварыць пра беларускую сітуацыю з Масквой, якая мае ўплыў на афіцыйны Мінск».
«Аднак зараз вельмі важна, каб увага міжнароднай супольнасці заставалася прыцягнутай да Беларусі, каб наша краіна не была аддадзена на водкуп Маскве», — сказаў ён.

Янукевіч лічыць, што ў такой сітуацыі «вельмі важна, каб паміж дэмакратычнымі сіламі была дасягнута не толькі згода, але і яны вылучылі адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах».

Дэмакратычныя сілы павінны выйсці на эфектыўны механізм вызначэння адзінага кандыдата, лічыць ён. «Тут наша задача-максімум — зрабіць так, каб гэты кандыдат быў ад нашай партыі, задача-мінімум — каб ён падзяляў нашы погляды», — сказаў лідар Партыі БНФ.

Янукевіч паведаміў, што Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо прапанавала свой механізм вызначэння адзінага кандыдата — праз правядзенне праймерыз. Партыя БНФ у якасці такога механізма прапануе правядзенне Кангрэса дэмакратычных сіл.

Янукевіч дапускае, што адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года не будзе. «Таму нам важна вылучаць свайго кандыдата, незалежна ад таго, ці будзе дасягнута дамоўленасць па адзіным кандыдаце. Цяпер у нас досыць канструктыўная пазіцыя ў пытанні выйсця на адзінага кандыдата. Але і свой кандыдат нам неабходны, каб не застацца па-за палітычным працэсам у выпадку адсутнасці адзінства ў апазіцыі», — адзначыў ён.

Кандыдат, якога падтрымае Партыя БНФ, можа і не з’яўляцца яе членам, лічыць партыйны лідар. «Хоць пры неабходнасці ў нас будуць свае кандыдаты. Гатовы вылучацца я, Рыгор Кастусёў таксама пра гэта гаварыў», — адзначыў Янукевіч.

Сойм Партыі БНФ лічыць неабходным як мага хутчэй сумесна з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі вызначыцца наконт механізма выйсця на адзінага кандыдата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?