Звязаныя з Расіяй сілы наперадзе на выбарах у Літве, але не будуць мець большасці
Партыя працы Віктара Успаскіх заняла першае месца прыкладна з 20% галасоў.
А вось кансерватыўны Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты дзейнага прэм’ера Кубілюса выйшаў толькі на трэцяе месца прыкладна з 15%. Другое месца занялі цесна звязаныя з буйным бізнэсам сацыял-дэмакраты (19%). У парламент таксама праходзяць лібералы, «Парадак і справядлівасць» імпічнутага прэзідэнта Паксаса і новая партыя «Шлях смеласці». На мяжы пяціпрацэнтавага бар’ера балансуе выбарчы спіс літоўскіх палякаў.
Нават калі рэальны падлік галасоў скарэктуе вынікі экзіт-полаў, ужо ясна, што новы літоўскі Сойм будзе такім сама фрагментаваным, як і папярэдні. Але калі ўрад Кубілюса абапіраўся на правацэнтрысцкую большасць, то гэтым разам ківач рушыў у бок левага цэнтра.
Імаверна, новым прэм'ерам стане лідар сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус. Пакуль няясна, у якой ступені ва ўрад будуць дапушчаны Партыя працы й «Парадак і справядлівасць» з іх цеснымі сувязямі з Масквой і Мінскам. Калі гэта здарыцца, уплыў лукашэнкаўцаў на палітычнае жыццё паўночна-заходняга суседа ўзмацніцца. Аднак эксперты мяркуюць, што прэзідэнтка Грыбаўскайце не дапусціць, каб прэм'ерам стаў ураджэнец Расіі Успаскіх.
Мікола Бугай
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ