Яе галаву ўсё яшчэ ўпрыгожваюць дзіцячыя коскі, але цела ўжо паказвае, што гэта будзе прыгожая маладая жанчына. Трохі рамантычная, трохі нудлівая, трохі ідэалістычная, трохі наіўная, трохі нахабная і трохі сарамлівая, смех і плач у адным мяшку… Жыццё перад ёй, і яна таемна марыць свае прыгожая дзявочыя мары пра прынца на белым кані, пра слаўнае вяселле ды бязмежнаe шчасце да канца жыцця. Здавалася б, сярэдні шараговы падлетак.

Што яе прывяло ў шэрагі Mаладога фронту, яна і сама не зможа дакладна сказаць. Можа, цікаўнасць? Можа, супраціў? Можа, ідэалістычнае жаданне зрабіць «нешта вялікае» для сваёй краіны? Можа, яна хацела размаўляць па-беларуску? А можа, гэта былі прыгожыя вочы пэўнага маладафрантоўца? Можа… хто скажа, што адбываецца ў галаве 14-гадовай?

Гады ляцяць, і ёй ужо дваццаць. Косы даўно зніклі, і яе прыгажосць расквітнела. Яна змянілася. Амбіцыйная, хоць усё ж рамантычная. Вельмі рэалістычная, хоць і захавала ідэалы. Упэўненая ў сабе, хоць у пэўным сэнсе ўсё яшчэ сарамлівая. Яе твар упрыгожвае прыемная ўсмешка, а слёзы яна ўжо даўно навучылася глытаць. Жыццё ўсё яшчэ перад ёй і яна ўсё яшчэ марыць свае мары пра прынца на белым кані, пра вяселле ў белых карунках ды бязмежнаe шчасце да канца жыцця. Здавалася б, сярэдняя шараговая маладая жанчына.

Сярэдняя? Шараговая? Для свайго ўзросту яна вельмі сталая. За дваццаць гадоў свайго жыцця яна прайшла столькі, колькі сярэдняя жанчына не пройдзе за ўсё жыццё. На дыскатэцы апошні раз была тры гады таму. На кіно ў яе няма часу. Пра паездкі з сябрамі нават не думае. Сустрэчы з хлопцам? Пра іх можа толькі марыць. Яе жыццё ўжо некалькі гадоў даволі манатоннае: нарада, планаванне падзей, дзеянне (дэманстрацыя), суткі, напісанне лістоў, нарада, планаванне падзей, дзеянне, перадачы на Акрэсціна, напісанне лістоў, сустрэча сяброў ля Акрэсціна, нарада, планаванне падзей… Скаргі, падачы ў суд, суды, наведванні пракурора, прэс-канферэнцыі, і, сто разоў адхіленая, яна сто першы раз ідзе ў барацьбу за сваіх сяброў, за свой народ, за нас усіх. Замест рамантычных шпацыраў з каханым хлопцам — толькі цэнзураваныя праз КДБ лісты. Замест вяселля ў белых карунках яна была б удзячная і за просты подпіс у вясельным пратаколе, які дазволіў бы ёй хоць часам бачыць каханага. Колькі сярэдніх шараговых маладых жанчын хацела б так жыць? Колькі маладых дзяўчат вытрымала б нешта такое? Колькі маладых жанчын ведае ізалятар знутры? Колькі маладых жанчын імкнецца ахвяраваць жыццём дзеля інтарэсаў сваёй краіны? Большасць яе сябровак, з якімі яна ў чатырнаццаць прыйшла ў МФ, даўно арганізацыю пакінулі і жывуць «нармальным жыццём». Наваколле яе не разумее. Хтосьці кажа адкрыта, іншыя за яе спінай, але ўсюдыіснае пытанне паўсюдна лунае навокал: «Табе гэта трэба?»

Так, ёй трэба. Магчыма, яна не зможа дакладна патлумачыць, што яе прывяло ў шэрагі Mаладога фронту, але што яе там трымала шэсць гадоў, наадварот, ведае дакладна: сярод маладафонтаўцаў яна атрымала найлепшую школу жыцця. Яе жыццё набыло ясную мэту. Яна зразумела, хто яна ёсць і кім быць не хоча. Яна навучылася распазнаваць, што бессэнсоўна і што мае значэнне ў жыцці. Яе ідэалістычныя паняцці пра любоў да краіны і зачараванне беларускай мовай саспелі ў свядомую беларускую нацыянальную ідэю і моцную любоў да сваёй роднай краіны, якая глыбока ўкаранілася ў яе сэрцы. Яна зразумела, што калі хоча гадаваць сваіх дзяцей у свабоднай краіне, то павінная нешта рабіць. Зведала, што калі яна хоча чагосьці дасягнуць, нешта павінна быць прынесенае ў ахвяру. І зразумела, што калі яе ахвяра не да канца, то яна марная.

Маладафронтаўка. Дакладна ведае, чаго хоча, і мэтанакіравана ідзе за мэтай. Яна не ўхіляецца направа або налева. Ідзе напрасткі, нягледзячы на перашкоды. Ведае, што за ёй назіраюць тысячы вачэй. Ведае, што многія чакаюць яе правалу. Таксама ведае, што многія іншыя разглядаюць яе як свой жыццёвы ўзор. Ведае, што яна не павінная пацярпець паразу. І яна не расчаруе. Дзеля сябе, дзеля свайго каханага, дзеля сваіх сяброў, дзеля сваіх ворагаў, дзеля ідэі, у якую верыць, дзеля Бога, Якога яна вартая. Дзеля таго, што яна — Маладафронтаўка!

Думаеце, гэта гісторыя пра адну канкрэтную маладафронтаўку? Ой, не. Яны ж такія — адважныя, смелыя, адданыя, мужныя, прыгожыя, далікатныя, жорсткія, непахісныя, сталыя, прынцыповыя, ахвярныя, поўныя ідэалаў. Яны даюць прыклад многім — проста выдатныя маладафронтаўкі.

Дзякуй табе, Малады фронце, што гадуеш такіх дзяўчат!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?