Аб гэтым было заяўлена на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка, якое прайшло 19 кастрычніка ў Горках (Магілёўская вобласць) з удзелам прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Асацыяцыі беларускіх банкаў, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, банкаў.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка, сітуацыя на валютным рынку фарміруецца пад уздзеяннем знешнегандлёвых і фінансавых патокаў. Чысты продаж валюты суб’ектамі гаспадарання ў студзені-верасні склаў 1,3 млрд. долараў ЗША. Пры гэтым суб’ектамі было прададзена 17,3 млрд. долараў ЗША, куплена — 15,9 млрд. долараў ЗША. На наяўным рынку попыт на валюту ўзрос з пачаткам перыяду адпачынкаў і павелічэннем грашовых даходаў насельніцтва. У выніку за тры кварталы гэтага года грамадзяне купілі ў банкаў наяўнай валюты на 569,4 млн. менш, чым прадалі. У цэлым на ўнутраным валютным рынку за студзень-верасень прапанова замежнай валюты перавысіла попыт на яе на 0,4 млрд. долараў ЗША.

«Да канца 2012 года дынаміка абменнага курсу беларускага рубля будзе знаходзіцца пад уздзеяннем жорсткай манетарнай палітыкі Нацыянальнага банка,
накіраванай на абмежаванне залішняй грашовай прапановы ў беларускіх рублях, у тым ліку шляхам падтрымання высокага ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку. Як вынік, значнага змянення абменнага курсу не чакаецца», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
Ва ўмовах стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ўзмацніўся прыток сродкаў насельніцтва ў тэрміновыя банкаўскія ўклады.
Іх аб’ём за студзень-верасень павялічыўся на 16,6 трлн. рублёў (на 39,3%). У тым ліку тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва выраслі на 45,8% (на 4,3 трлн. рублёў). Тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва папоўніліся на 36% (на 1,4 млрд. долараў ЗША).

Сёлета ўзрос попыт на крэдытаванне банкамі эканомікі ў нацыянальнай валюце. Калі ў першым квартале рублёвыя патрабаванні банкаў у эканоміцы павялічыліся на 2,6%, за другі квартал — на 5,8%, то ў трэцім квартале — на 11,1%. За дзевяць месяцаў яны выраслі на 19,7 трлн. рублёў (на 20,6%). Рост крэдытавання ў замежнай валюце застаецца на стабільна высокім узроўні. У цэлым прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі за дзевяць месяцаў склаў 42,3 трлн. рублёў (ці 26,9%). Асноўны аб’ём крэдытных рэсурсаў накіраваны ў рэальны сектар эканомікі — 87,7% ад агульнага прыросту патрабаванняў.

Удзельнікі пасяджэння сышліся ў меркаванні, што перад банкаўскай сістэмай на найбліжэйшыя месяцы стаяць «дастаткова напружаныя задачы».

«Ад таго, наколькі паспяхова яны будуць вырашаныя да канца гэтага года, шмат у чым будуць залежаць і вынікі яе дзейнасці ў 2013 годзе. Таму сярод ключавых задач на найбліжэйшы час — недапушчэнне змякчэння манетарнай палітыкі, а пры неабходнасці — яе ўзмацненне», — лічаць яны.

«У сувязі з гэтым Нацбанкам будзе максімальна абмежавана падтрымка бягучай ліквіднасці банкаў.

Адпаведна банкам неабходна асаблівую ўвагу надаць пытанням ліквіднасці, не дапускаючы пагаршэння яе стану», — адзначалася на пасяджэнні.

У Нацбанку лічаць важным забяспечыць рэальны прыток рублёвых зберажэнняў насельніцтва і прадпрыемстваў, што патрабуе распрацоўкі больш прывабных умоў па банкаўскіх прадуктах. «Банкам трэба прымаць дзейсныя меры па павелічэнні безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах і скарачэнні наяўнага грашовага абарачэння», — упэўнены ў галоўным банку краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?