Графіці ў Мінску. Аўтар Mrrr. Фота Яні Русаковіч.

Графіці ў Мінску. Аўтар Mrrr. Фота Яні Русаковіч.

Калі чытаю эсэ Сяргея Дубаўца, адчуваю адначасова паліталагічнае раздражненне і літаратурную асалоду. Уласна, і тое, і другое з’яўляецца кампліментам аўтару, які кожнай сваёй новай працай спрабуе выклікаць у грамадстве дыскусію. І гэта ўдаецца яму значна лепш за абсалютную большасць запісных беларускіх палітыкаў.

На гэты раз Сяргей апублікаваў эсэ «Мова дэмакратыі і мова дыктатуры», у якой падняў адну з найважнейшых у краіне тэмаў — тэму беларускай мовы. Зрабіў гэта, як заўсёды, агрэсіўна, дакладна і таленавіта. Напэўна, менавіта таму частка беларускага інтэрнэт-сегмента адрэагавала на публікацыю гэтак балюча. Абмоўлюся адразу — мне падобны радыкалізм у публіцыстыцы вельмі імпануе, бо прымусіць аўдыторыю рефлексаваць і рэагаваць — гэта і ёсць адна з яе задач. І Дубавец такой задачы дае рады ці не лепш за ўсіх.

У наступным за публікацыяй інтэрв’ю радыё «Свабода» ён патлумачыў сваю пазіцыю для тых, хто ўбачыў у матэрыяле абразы ў свой адрас: «Я не адштурхоўваю рускамоўных, я іх клічу далучацца ды беларускамоўных.
Якраз для „дзвіжухі“. Проста заклікаю я іх не лепшым чынам, што многія і ўспрымаюць гэта як адштурхоўванне. А як заклікаць інакш, каб пачулі? У мяне не атрымліваецца. Хвароба надта застарэлая. Многія нават не ўяўляюць, што можна жыць па-іншаму. У кожным разе хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх, каго пакрыўдзіў. Далібог, гэтя не было маёй мэтай.
Мэтай было аб’яднанне рускамоўных у першую чаргу вакол таго, што вы называеце адзінай справай — нармальнай краіны Беларусі».

Таму тэму «бедных і пакрыўджаных» я б хацеў пакінуць убаку і выказацца па сутнасці пытання, паднятага Дубаўцом.

У першую чаргу, хацеў бы сказаць пра тыя змены, якія за апошнія 18 гадоў адбыліся.

Так, безумоўна, Лукашэнка і яго асяроддзе прыклалі ўсе намаганні, каб беларуская мова перастала існаваць як факт. Але, пры гэтым, яна не перастала. Больш за тое, яна актыўна асвойвалася часткай беларусаў, паступова дрэйфуючы ў свядомасці ад статусу «мовы вёскі» да «мовы істэблішменту».
Сёння для палітыка ці грамадскага дзеяча недапушчальна адмовіцца даць інтэрв’ю беларускамоўнаму рэсурсу на беларускай мове. Уласна, пратэставы рух супраць дыктатуры і стала трансфармаваць моўную праблему, вывеўшы яе ў ранг прыярытэтнай.
Наўрад ці сёння знойдзецца палітык дэмакратычнага лагера, які не пагодзіцца з тым, што рашэнне моўнай праблемы стане адным з найважнейшых пры трансфармацыйных працэсах.
Палажэнне мовы сёння бядотнае — выцесненая з сістэмы адукацыі, прэсы, асяроддзя зносін, яна выціснутая на перыферыю актуальных праблем.
Адзінае, што сёння можна канстатаваць — мова знаходзіцца ў рэжыме «кансервацыі», і большых стратаў, чым тыя, якія ёй нанесла ўлада, нанесці ўжо няможна.
На маю думку, змяніць сітуацыю можна толькі «зверху», пры неабходнай падтрымцы «знізу».
Колькі б мы ні звярталіся да грамадства, людзі не будзе гаварыць па-беларуску, пакуль гэта не стане для іх нормай.
А для гэтага неабходна палітычная воля кіраўніцтва краіны, здольнага мабілізаваць для вырашэння праблемы навукоўцаў, прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, лідараў меркаванняў і, як гэта ні парадаксальна, спецыялістаў па рэкламе.
Толькі сумесна выпрацаваная праграма і яе няўхільнае выкананне могуць даць хуткі і сур’ёзны эфект.
Адзін з тэзісаў, з якім я не пагаджуся ў матэрыяле Дубавца — гэта з тэзісам аб тым, што ў рускамоўных беларусаў «ззаду Расія». Няма Расіі ззаду ў беларусаў, а калі і ёсць, то толькі геаграфічна, у той момант, калі яны спрабуюць ўбачыць сваю будучыню ў Еўропе.
На працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў я не без задавальнення назіраў, знаёмячыся з вынікамі сацыялагічных апытанняў, як змяняецца настрой у беларускім грамадстве, як Расея для ўсё большай колькасці беларусаў перастае быць «вялікай радзімай».
У мяне дзве дачкі — Даніэла і Марыя, 13 і 18 гадоў. Старэйшая была ў Маскве адзіны раз у жыцці, і сёння гэта не найлепшы яе ўспамін ў чарадзе іншых падарожжаў. Яны не маюць зносінаў са сваімі аднагодкамі ў Расіі,
і не ў сілу сваіх палітычных перакананняў або надуманай варожасці. Проста ў іх трохі іншыя погляды на жыццё і адрозніваюцца культурныя коды. Яны ўспрымаюць Расею толькі як суседнюю дзяржаву, хоць і маюць там сваякоў. Так, у іх свядомасці няма сёння неабходнасці ведаць беларускую мову, але, зноў-такі не ў сілу ўпярэджання, а проста таму, што ўжываць яго практычна не даводзіцца.
Пры гэтым яны ведаюць беларускую, чытаюць, слухаюць аўдыё-кнігі, якія ў мностве начытвае на выдатнай беларускай мове іх дзядуля Андрэй Каляда. Яны хутка асвойваюць англійскую, бо ў ёй ёсць патрэба.

Я разумею, што Сяргей якраз і піша вось аб гэтым «няма патрэбы», але варта ўсведамляць, што новыя пакаленні беларусаў — гэта пакаленні прагматычных маладых людзей, якія лёгка асвояць мову пры пэўных умовах. І, у адрозненне ад сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, не стануць падкладаць пад сваю ляноту да вывучэння мовы ідэалагічную падкладку.

Я памятаю свой першы досвед зносін на беларускай мове. Гэта было амаль два дзясяткі гадоў назад на Беласточчыне, куды мы з Дзімам Бандарэнка прыехалі, каб паразмаўляць з польскімі беларусамі.
Падтрыманы Дзімам, я стаў гаварыць па-беларуску, з цяжкасцю пераадолеўшы сарамлівасць першага дня. Тады я некалькі разоў успамінаў жарт Віці Івашкевіча, які сказаў аднойчы аб тым, што на час трэба зрабіць дзяржаўнай мовай «трасянку», каб беларусы, якія пачалі гаварыць па-беларуску, не адчувалі дыскамфорту ад няправільна вымаўленых слоў.
Успамінаю яшчэ адзін выпадак з уласнай практыкі. Мы прыехалі на чарговы еўрапейскі тэатральны форум у Швейцарыю, куды, рэдкі выпадак, прыехала нямала расейскіх тэатралаў.
Практычна не змаўляючыся, мы перайшлі на беларускую, каб дыстанцыявацца ад расійскай дэлегацыі. Але, зноў-такі, не ў сілу нейкіх канфліктаў, а проста ў кантэксце разнастайнасці тэатральных гуртоў захацелася адчуваць уласную ідэнтыфікацыю нават на ўзроўні мовы.
Яшчэ адзін «лінгвістычны» момант узнік падчас падрыхтоўкі да пастаноўкі «Караля Ліра» для ўдзелу ў перадалімпійскім фестывалі Globe to Globe на прэстыжнай сцэне Шэкспіраўскага тэатра «Глобус».
Нам прапанавалі ажыццявіць гэтую пастаноўку ў складзе 37 тэатраў з усяго свету, прэзентуюць 37 п’есаў Шэкспіра на 37 мовах. Першапачаткова арганізатары паняцця не мелі аб тым, ці існуе пераклад п’есы на беларускую мову, і прапанавалі нам ажыццявіць пастаноўку на рускай. Мы наадрэз адмовіліся, заявіўшы, што спектакль альбо будзе пастаўлены на беларускай, альбо мы адракаемся ўдзелу ў фестывалі.
Я апісваю гэтыя гісторыі не таму, што вырашыў ўспомніць беларускія лінгвістычныя вехі ў сваёй гісторыі, а таму, што хачу паспрабаваць растлумачыць: штуршок да ўжывання мовы адбываецца тады, калі ўзнікае адчуванне неабходнасці.
Калі чалавек пастаўлены ва ўмовы асэнсаванага выбару. Як тыя ўмовы, у якія быў пастаўлены спікер Вярхоўнага Савета Мечаслаў Грыб. У той дзень я знаходзіўся ў парламенцкай зале, дзе займаўся сваімі журналісцкімі абавязкамі ў складзе парламенцкага пула журналістаў. Абраны напярэдадні спікерам, генерал міліцыі Мечыслаў Іванавіч Грыб падняўся на трыбуну і загаварыў па-беларуску. Спачатку ніхто не зразумеў, што адбылося, настолькі ў нас ўнутры спрацоўваў білінгвістычны код, а затым журналісты сталі перапытваць адзін у аднаго, ці чуў хтосьці як Грыб размаўляў на беларускай мове. Ніхто ўзгадаць так і не змог.
Гісторыя Мечаслава Грыба паказальная — ён не змог пачаць весці пленарнае пасяджэнне на рускай мове, пры тым, што дзяржаўнай мовай краіны была беларуская. Але я не магу сказаць, што ён стаў беларусам у выніку гэтага. Ён стаў беларусам раней, і менавіта таму не змог весці пасяджэнне на рускай.
Я таксама стаў беларусам раней — да таго, як стаў гаварыць па-беларуску. У адваротным выпадку, не загаварыў бы. Сёння ў побыце я практычна не карыстаюся беларускай, і прычын гэтаму знаходжу значна больш, чым стымулаў да змены гэтай сітуацыі.
Мабыць, у гэтым я вельмі нагадваю абсалютную большасць сваіх суайчыннікаў, і не магу сказаць, што ганаруся гэтым — хутчэй, адчуваю няёмкасць. Няёмкасць, за якую дзякую Сяргею Дубаўцу, бо такі дыскамфорт прымушае змяняць сітуацыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?