20.10.2012 / 10:53

З выставы ў цэнтры Мінска знялі крэсла Алеся Пушкіна 3

З экспазіцыі выставы «Пастулат», што адкрылася 19 кастрычніка ў мінскай галерэі «Універсітэт культуры», знятае крэсла Алеся Пушкіна «Аграгламур». Дзе знаходзіцца зараз яго твор, мастак не ведае.

Як паведаміў БалаПАН Алесь Пушкін, удзельнічаць у праекце яму прапанаваў старшыня Беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі: «Зміцер асабіста мяне запрасіў зрабіць ды выставіць крэсла. Я зрабіў, даслаў яму фотаздымак аб'екта. 3 кастрычніка быў абнародаваны папярэдні спіс удзельнікаў праекта, дзе было і маё прозвішча. У панядзелак я прывез у Мінск гэтае крэсла.

Дзмітрый мне тады сказаў: «Ой, Алесь, лепей бы нам гэтае крэсла прыняць. Прашу цябе, не дражні гусей, дрот прыбяры, а то будуць праблемы». Не чакаючы распараджэння начальства, творцы самі здымаюць творы мастацтва! У гэтым я бачу самацэнзуру, яны дзейнічаюць па прынцыпе «абы чаго не выйшла».

Пушкін таксама паведаміў, што не ведае, дзе зараз знаходзіцца яго крэсла ў стылі аграгламур: «Я прынёс яго ды аддаў дырэктарцы галерэі, яна яго прыняла, запісала ў журнал, што твор прыняты. А пасля проста не выставілі яго. Куды падзелі — невядома».

Зміцер Сурскі так патлумачыў сітуацыю з крэслам Пушкіна: «Так склалася, што Пушкін апынуўся персонай нон грата і кіраўніцтва галерэі ў сілу розных прычын не захацела бачыць яго твор у экспазіцыі.
Гавораць пра нейкія міфалагічныя спісы, якіх ніхто не бачыў. Пушкін быццам у гэтых спісах ёсць. Я так і не атрымаў адказаў на свае пытанні. Мне вельмі шкада, што так атрымалася, але Алесь прапіярыўся, прапіярыў нашае мерапрыемства. Думаю, што гэта на руку і яму, і нам».

Гаворачы пра мастацкі бок свайго твора, Пушкін адзначыў: «Пазалочанымі цыбулінамі ды дротам я хацеў паказаць, што за гламурным фасадам аграгарадкоў хаваюцца сур`ёзныя праблемы.

Ну выставілі б гэтае маё крэсла, пасмяяліся б, выказалі б сваё меркаванне… Не бачу тут нічога крымінальнага. Гэта ж мастацтва, а не плошча!»
Сурскі таксама лічыць, што крэсла мастака можна было паказаць публіцы:
«Думаю, што ў рабоце Алеся Пушкіна нічога страшнага няма, яе можна было смела паказваць. Тут шмат падобных аб`ектаў. Канечне, нам было б цікавей бачыць нейкае чыстае цэласнае дызайнерскае рашэнне крэсла. У яго ж атрымаўся арт-аб`ект з падтэкстам. Крыху палітычным, а можа, і асабістым. Там ёсць стаўленне да аграгарадка чалавека, які ўсё жыццё пражыў у вёсцы. У яго, відаць, свае патрыярхальныя ўяўленні. Яго такая рэакцыя цалкам дапушчальная».

Мастак Алесь Пушкін вядомы як эпатажны перформер, які неаднаразова рэзка выказваўся пра ўладу, вядомыя яго мастацкія акцыі, прымеркаваныя да важных палітычных нагодаў: угодкаў БНР, пратэсту супраць разбурэння гістарычных будынкаў Гродна ды інш.

0
райцэнтр / Адказаць
20.10.2012 / 11:48
ну хоць фота???
0
Просты саўгаснік / Адказаць
21.10.2012 / 02:49
Фатакартачку ў студзію!
0
Paliasouschtschyk / Адказаць
24.10.2012 / 17:57
Alies Puschkin zwiedau -uron: Jaho <>-adabrali, Dy dyktataru paslali, Kab useusia - na toj tron !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру