Лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч лічыць натуральным працэс палітызацыі грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі. Пра гэта ён заявіў, выступаючы 20 кастрычніка на справаздачна-выбарнай канферэнцыі арганізацыі ў Мінску.

Паводле слоў Мілінкевіча, ён «бачыць развіццё „За Свабоду“ як грамадска-палітычнага руху». Пры стварэнні арганізацыі, зазначыў ён, ставіліся «агульныя і простыя мэты: дэмакратыя ў краіне, незалежнасць Беларусі, шлях у Еўропу». «Беларусь, калі мы хочам жыць у незалежнай краіне, павінна рухацца ў бок Еўропы. Рух ва ўсходнім напрамку — гэта страта суверэнітэту», — упэўнены палітык.

Аднак сёння, мяркуе Мілінкевіч, ні беларусы не гатовы стаць часткай Еўропы, ні Еўропа не гатова прыняць Беларусь.
«Але ў нас ёсць усё неабходнае, каб стаць часткай Еўропы ў наступным — у нас высокая адукацыя, мы маем высокі эканамічны патэнцыял. Мы ставім сваёй мэтай даць беларусам больш праеўрапейскай інфармацыі і еўрапейскага аптымізму», — заявіў лідар руху «За Свабоду».

Ён лічыць важным аб’яднанне апазіцыі.

«З аднаго боку, апазіцыя давала прыклады, што яна можа аб’яднацца. Фармальна мы гэта рабілі, але затым не заўсёды працавалі разам», — сказаў Мілінкевіч, які на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл.
Лідар «За Свабоду» нагадаў, што з 2007 года апазіцыя яшчэ не правяла ніводнага дэмакратычнага кангрэса, дзе маглі б абмеркаваць праблемы і выпрацаваць агульную стратэгію.
А барацьба ўнутры апазіцыі, на думку Мілінкевіча, наогул «вельмі шкодная».

«Думаю, мы зможам выйсці на адзінага кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах, але гэта — не самамэта. Наша мэта — незалежная дэмакратычная Беларусь», — падкрэсліў палітык.

Пры гэтым Мілінкевіч мяркуе, што моцны адзіны кандыдат неабходны не толькі на выбарах, у якіх бярэ ўдзел Лукашэнка. «На выбарах з Лукашэнкам адзіны кандыдат неабходны. А калі рэжым упадзе? Ці зможа перамагчы менавіта дэмакратычны кандыдат? На 100% гэта сказаць нельга. Папулісты могуць перамагчы, прарасійскія кандыдаты», — мяркуе лідар руху «За Свабоду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?