Лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч гатовы прэтэндаваць на статус адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Пра гэта ён заявіў 20 кастрычніка ў Мінску падчас правядзення справаздачна-выбарнай канферэнцыі руху «За Свабоду».

«Я сябе ніколі не адчуваў такім маладым, як сёння, але мне 65 гадоў. Аднак я не адмаўляюся ад таго, каб прэтэндаваць на статус адзінага кандыдата, адпрацаваць не горш, чым у 2006 годзе. Але абяцаю: калі абяруць іншага адзінага кандыдата, то буду працаваць на яго», — сказаў палітык.

Пры гэтым Мілінкевіч лічыць, што «не трэба адразу ўсіх заганяць у адзінства». «Калі група ўплывовых арганізацый гатова працаваць на яго абранне [адзінага кандыдата], то трэба сустракацца і размаўляць», — адзначыў лідар руху.

Мілінкевіч лічыць вельмі небяспечным для апазіцыі тое, што яна «ўвесь час канцэнтруецца на адным Лукашэнку».
«Гэта ўжо становіцца нашым комплексам. Праблема не ў Лукашэнку, а ў тым, што робіцца ў галовах людзей. Прыбярэм з галоў людзей Лукашэнка, не будзе яго і ва ўладзе», — лічыць палітык.

Ён падкрэсліў неабходнасць «ісці да людзей». «Калі мы пераможам у іх галовах, то станем самай моцнай арганізацыяй», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч, які быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?