Нядаўна ў Вільні й Менску адбыліся прэзэнтацыі найноўшай кнігі зь бібліятэкі Радыё Свабода «Плошча». Ня ведаю, як у Менску, але ў Вільні выступоўцы аддавалі належнае тым, хто выйшаў на плошчу Каліноўскага ці, лепш сказаць, яе стварыў — з плошчы Кастрычніцкай. Гэта — зразумела. Але — мала.

Безумоўна, гэтыя дні ўвайшлі ў гісторыю, яны ўжо робяцца легендай, мітам. І мае абсалютную рацыю Валянцін Акудовіч, калі гаворыць, што краіна не існуе ў сьвядомасьці іначай як праз свае ўласныя міты, сваю паэзію і мастацтва.

Хто тут будзе з гэтым спрачацца, больш за тое, як нехта сказаў — проста «хочацца выйсьці і абняць усіх, хто мёрз у тых намётах…»

Больш істотна іншае — «разбор палётаў», адсейваньне карыснага досьведу, каб усьвядоміць, куды й як ісьці далей.

Ці ня кожны прыхільнік уздыхнуў‑выкрыкнуў — «Вось каб выйшла разоў у дзесяць больш! Тады б — перамаглі!»

А я — ня веру. Не перамаглі б.

Ужо стала банальнасьцю параўнаньне Плошчы й Майдану. Бо ў Менску і было рэха кіеўскіх падзей. А рэха — заўсёды слабейшае.

Калі нельга два разы ўвайсьці ў тую самую раку, дык і на той самы Майдан — таксама. Няхай гэтыя плошчы і ў розных краінах.

У Вугоршчыне ўжо пасьля кіеўскіх і менскіх падзей выйшлі на вуліцы сотні тысяч. І што? А нічога. Хто быў пры ўладзе, той застаўся.

Ды й «аранжавая рэвалюцыя» — ці перамагла? Не. Бо грамадзтва засталося такім самым, якім было да «рэвалюцыі» — расколатым і няўпэўненым.

Нядаўна ў адным з расейскіх тэлеканалаў быў паказаны фільм пра Троцкага. Асноўная ідэя такая — рэвалюцыя ў Кастрычніку была зьдзейсьнена ворагамі Расеі з‑за мяжы рукамі Троцкага і Леніна, а «богоносный» народ тут ні пры чым. Ашукалі, абдурылі.

Ніхто больш ня ўкладваў сродкаў на падрыўную працу за мяжой, як Савецкі Саюз. Колькі мільёнаў атрымлівалі ўсе гэтыя Гесы Холы, Жакі Дзюкло (кіраўнікі кампартыяў ЗША і Францыі — рэд.) ды іншыя, імя якім — легіён! А дзе «камуністычныя рэвалюцыі» ў ЗША, Францыі ды Англіі? Хоць і незадаволеных было многа, і рэальных праблем, і інтэлігенцыя пераважна «левая»…

Але грамадзтва ў цэлым было здаровае. Імунітэт перамог камуністычную заразу.

У нас жа — наадварот. Уявім сабе немагчымае — у сучаснай Беларусі аб’яўляюцца і праводзяцца свабодныя выбары. Крыштальна чыстыя. Празрыстыя, як сьляза дзіцяці.

Вы ўпэўнены, што ў прэзыдэнцкім палацы засядуць іншыя людзі? Я — не.

«Забег свабоды» ў Беларусі — ня спрынтэрская справа. І нават ня стаерская. Марафонская.

Нехта казаў у свой час, што ў яго з савецкай уладай «эстэтычныя рознагалосьсі». А цяперашняя «эстэтыка»?

Пакуль беларускае грамадзтва не адчуе сораму за сваю ўладу і за сябе саміх, пакуль ня будзе ўзгадаваная элемэнтарная годнасьць, гонар — ніякія героі, што ідуць пад дубінкі спэцназу, не дапамогуць. Больш за тое — яны будуць дастаўляць толькі задавальненьне садыстам у чорнай форме, магчымасьць «всласть оттянуться» на безабаронных.

Так, ня творыцца гісторыя без герояў і бяз подзьвігаў. Не магло быць плошчы Каліноўскага, калі б не было самога Каліноўскага як асобы. Але ёсьць прастора, дзе любыя спэцназы бясьсільныя — сфэра духу. Першыя хрысьціяне, а потым Махатма Гандзі дамагліся якраз найперш духоўнай перамогі.

Добра, што ёсьць юнакі й дзяўчаты, што не баяцца міліцэйскіх дубінак. Але кепска, калі яны так і не засвояць, калі трэба казаць «для», а калі — «дзеля». І што «то есьць» і «да» — не беларускія словы. І гэтак далей. Я калі чую заклікі да «нацыянальНАВА адраджэньня» — хачу гукнуць — НЯ НАДА!

Граматыка — таксама зброя.

І мастацтва, і літаратура, і ўвогуле — сьветлы розум. Якога ня маюць тыя — з круглымі чорнымі шаломамі на тым месцы, дзе ў людзей — галава.

Нам цяпер патрэбна ня войска, дзе ўсе, хоць і гатовыя памерці за Радзіму, але прывучаныя крочыць у нагу.

Нам патрэбны — аркестар. Дзе ўсе розныя і ўсе патрэбныя: і тыя, што са скрыпкамі, і хто з флейтай, і трэ, каб было каму, калі прыйдзе ягоны час, уваліць у вялікі бубен. А некаму ціха дзынкнуць у маленькі трохкутнік.

І тады будзе сымфонія Свабоды.

А пакуль — рэпэтыцыя. Кожны на сваім месцы, сваю партыю для свайго інструмэнта.

Мы ўсе патрэбны адзін аднаму.

І Беларусі.

Алег Аблажэй, Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0