«Я не разумею, чаму з гэтай аварыі такую падзею раздзьмулі? Вунь па вуліцах машыны нашмат даражэйшыя ездзяць і пра іх чамусьці ніхто не піша. А тут у інтэрнэце з нічога такая шуміха ўзнялася. Там жа рамонту даляраў на 300», — абураўся ў тэлефоннай размове кіроўца Lamborghini.

Па словах мужчыны, дарагая іншамарка, за рулём якой ён быў у момант аварыі, яму не належыць.

«Машына старая, 2008 года выпуску. Мой сябар купіў яе для сваёй жонкі. У машыне былі непаладкі, таму ён узяў яе за бясцэнак — менш за 100 тысяч долараў, а не 200–300 тысяч еўра, як пісалі ў інтэрнэце.
Я сам жыву ў Мінску, у мяне там свой бізнэс, а ў Баранавічах жывуць бацькі. Lamborghini прыгналі ў Беларусь у пятніцу, 19 кастрычніка. Я папрасіў у аднаго пракаціцца. Калі б ведаў, што такое здарыцца і такая шуміха з-за гэтай аварыі паднімецца, я б да гэтай машыны і блізка не падышоў», — успамінае кіроўца Lamborghini.

Кіроўца «ВАЗ», як высветлілася, таксама ехаў не на сваім аўтамабілі. Ён пазычыў «Жыгулі» у цесця і паехаў у горад забіраць кагосьці з вяселля. Паводле яго слоў, ён не заўважыў, як перад ім апынулася іншамарка.

«Адразу пасля сутыкнення было страшнавата, бо машына дарагая. Але потым супакоіўся.
Галоўнае, што самі не пацярпелі, а жалеза пачынім», — разважаў кіроўца «Жыгулёў».

«ВАЗ» быў застрахаваны, так што ўсе выдаткі на рамонт дарагой іншамаркі пакрые страхавая кампанія. Да таго ж, малады чалавек, які сядзеў за рулём суперкара, папрасіў не прыцягваць кіроўцу «ВАЗа» да адміністрацыйнай адказнасці.

Пакуль жа, як распавёў кіроўца Lamborghini, чыніць аўтамабіль сябра ён будзе за свае грошы. Машыну ўжо адвезлі ў Мінск.

Нагадаем, аварыя, у якой, як у дрэнным анекдоце, сутыкнуліся італьянскі суперкар Lamborghini і твор расійскага аўтапрама здарылася вечарам 20 кастрычніка на пуцеправодзе па вул. Тэльмана. Паводле інфармацыі ДАІ, кіроўца «Жыгулёў, пераязджаючы ў суседні шэраг, не заўважыў іншамарку і ўрэзаўся ў яе. Папярэдняя прычына аварыі — няўважлівасць кіроўцы «Жыгулёў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?