Першая для нармальнага чалавека рэакцыя — спачуваньне. Асабліва калі ты сам ведаеш, што такое гіпэртанія, ішэмічная хвароба сэрца ці інфаркт. А калі чалавек памірае ў турэмнай камэры, далёка ад роднага дому й сваякоў, у атачэньні людзей, сярод якіх няма ніводнага знаёмага ці хоць бы прыязнага твару?

Аднак калі імя нябожчыка Слабадан Мілошавіч, звычайныя чалавечыя пачуцьці адыходзяць на другі плян. Нават калі б нехта й хацеў паразважаць аб хуткаплыннасьці жыцьця ды зьменлівасьці лёсу, тэлевізія ня дасьць гэтага зрабіць. Сьмерць палітыка становіцца сусьветным шоў і выклікае палітычныя эмоцыі, якія ня маюць нічога супольнага з сантымэнтамі.

Сябры нябожчыка

Адным зь першых на сьмерць Мілошавіча адгукнуўся кіраўнік Беларусі, які назваў яго «выдатным палітыкам нашага часу». Пасьля гэтага патрэба ў якіхсьці яшчэ водгуках з боку беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў адпала сама сабой. Ёсьць вядомая прыказка: «скажы мне, хто твой сябар, і я скажу табе, хто ты». Можна перабудаваць гэтую фразу па-іншаму: «скажы добра пра палітыка пасьля ягонай сьмерці, і я скажу табе, чаго ты хочаш».

З расейскіх тэлеканалаў смутак напалам з гнеўнымі тырадамі на адрас Трыбуналу ў Гаазе і ўсяго Захаду выказвалі часьцей за іншых Жырыноўскі, Зюганаў і Прымакоў. Для аднаго гэта была падстава нагадаць пра сябе, для другога — заявіць чарговы раз пра мітычны «славянскі саюз», для трэцяга — пахваліць самога сябе за свой незвычайны дыпляматычны талент. Каб зрабіць прыемнае Прымакову, расейскія, а нярэдка і беларускія журналісты часта згадваюць ягоны славуты «паварот над Атлянтыкай». У траўні 1999 г. тагачасны міністар замежных справаў Расеі, даведаўшыся пра пачатак бамбаваньняў Югаславіі сіламі NATO, адмяніў проста ў паветры свой візыт у Вашынгтон.

Але журналісты забываюцца на тое, што «чаўночная дыпляматыя» Прымакова, які выступаў добраахвотным адвакатам то Хусэйна, то Мілошавіча, то Асада, то Арафата, заўсёды сканчалася, у лепшым выпадку, нічым. Працягам гэткай вытанчанай «дыпляматыі» савецкага ўзору можна лічыць і некаторыя з апошніх дзеяньняў Крамля на замежнапалітычнай арэне. Напрыклад — бліскучы правал на перамовах з Іранам наконт стварэньня СП па перапрацоўцы ўрану. Але размова тут не пра Прымакова. Большасьць расейскіх палітыкаў і палітолягаў новага, пуцінскага, пакліканьня выкарысталі сьмерць Мілошавіча як падставу абвінаваціць Захад і ягоныя інстытуцыі — найперш, Міжнародны трыбунал у Гаазе — у неэфэктыўнасьці, а сам суд над міжнародным злачынцам назваць фарсам. Натуральна, пры гэтым маецца на ўвазе і працэс над Садамам Хусэйнам у Іраку, і ўсе падобныя цяперашнія й будучыя судовыя працэсы над міжнароднымі ваеннымі злачынцамі.

Балканскі гамбіт

Чалавецтва дагэтуль ня выдумала лепшых інстытуцыяў, акрамя дэмакратычных, да ліку якіх належыць і міжнароднае правасудзьдзе. Можна выстаўляць колькі заўгодна прэтэнзій Карле дэль Понтэ. Але самае галоўнае ў тым, што злачынцаў супраць чалавечнасьці судзяць бяз тэрміну даўніны, не зважаючы на асобы.

Прэзыдэнт Пуцін сёньня гатовы прызнаць «маральную адказнасьць» Расеі за крывавае падаўленьне паўстаньня ў Вугоршчыне ці за 1968 г. у Чэхаславаччыне. Але ён адмаўляе юрыдычную адказнасьць расейскай дзяржавы як спадкаемцы СССР за гэтыя дзеяньні, а таксама за агрэсію супраць краінаў Балтыі ў 1940-х. Адно з самых страшных злачынстваў ХХ ст. — расстрэл тысячаў грамадзянаў Польшчы ў Катыні расейская вайсковая пракуратура ўвогуле адмовілася лічыць злачынствам, а ягоных ахвяраў — прызнаць палітрэпрэсаванымі. Адмовілася на той падставе, што НКВД у Катыні расстрэльвала не на падставе артыкулаў Крымінальнага кодэксу РСФСР, а паводле запіскі Сталіна, без суду й сьледзтва. Як любіў казаць заснавальнік савецкай дзяржавы, паводле формы — правільна, па сутнасьці — зьдзек.

Магчыма, што паводле крымінальнага кодэксу былой Югаславіі яе кіраўнік не нясе непрасрэднай адказнасьці за зьнішчэньне альбо дэпартацыю дзясяткаў тысяч мусульманаў у Косаве ці Босьніі. Але ж дзеля таго й створаны быў міжнародны трыбунал, каб у адкрытым публічным працэсе, пры спаборніцтве бакоў можна было даказаць (альбо абвергнуць) датычнасьць да злачынстваў супраць чалавечнасьці галоўных асобаў краін —удзельніц канфлікту, а ня толькі шараговых салдатаў, выканаўцаў загадаў.

Зразумела, суд заўсёды будзе выклікацць незадаволенасьць абодвух бакоў працэсу. Падсудныя, іх абаронцы й сваякі заўсёды будуць лічыць суд несправядлівым, а падсудных — невінаватымі. Сваякі ахвяраў, са свайго боку, заўсёды будуць лічыць пакараньне занадта мяккім. Беларускае й расейскае тэлебачаньне ахвотна паказвала кадры «ўсенароднага смутку» ў Сэрбіі, які выказвалі пераважна сябры сацыялістычнай партыі Мілошавіча. Але тыя ж тэлеканалы пазьбягалі паказваць інтэрвію цяперашняга міністра замежных справаў Сэрбіі й Чарнагорыі Вука Драшкавіча. Ён не выказваў смутку, бо многія сваякі ды паплечнкі Драшкавіча сталі ахвярамі рэжыму Мілошавіча.

І ўсё-ткі тэлебачаньне не змагло абысьці таго сымбалічнага факту, што на наступны дзень пасьля ягонай сьмерці выпала трэцяя гадавіна забойства прэмьер-міністра Сэрбіі Зорана Джынджыча, былога лідэра апазыцыі, якая процістаяла дыктатуры. На магілу Джынджыча прыйшлі тысячы людзей. Многія зь іх шкадавалі і пра сьмерць Мілошавіча, але толькі таму, што яна дазволіла ўнікнуць прысуду.

Немагчыма схаваць той факт, што сэрбскае грамадзтва застаецца расколатым на два лягеры. І гэта таксама трэба прызнаць спадчынай Мілошавіча. Ягоная сьмерць стала свайго роду вяршыняй сваеасаблівага трохкутніка ў часе й прасторы — забойства Джынджыча ў Бялградзе, сьмерць Ібрагіма Руговы ў Прышціне, сьмерць Мілошавіча ў турме ў Галяндыі. І якой бы ні была непасрэдная прычына ягонай сьмерці, журналісты ўжо сьпяшаюцца падвесьці рысу пад мінулым. Маўляў, апошняя балканская вайна скончылася — трэба аб ёй забыцца й будаваць будучыню, так бы мовіць, з чыстага ліста.

Слоба, Коба ды іншыя

Пра былых хаўрусьнікаў Мілошавіча ў Менску й Маскве можна сказаць так, як некалі пасьля францускай рэвалюцыі казалі пра дынастыю Бурбонаў. Яны ўсё памятаюць, але нічому не навучыліся. Дый сучаснае жыцьцё ў Беларусі не дае забыцца на ўрокі, якія даваў сваім супляменьнікам і ўсяму сьвету Слоба. (Ці ня праўда, ёсьць у гэтай мянушцы нешта сугучнае з партыйнай мянушкай Сталіна — Коба?) Усе катаклізмы, няшчасьці й трагедыі, якія здараліся з сэрбскім народам пры канцы ХХ ст., ён умеў выкарыстаць ва ўласных мэтах. Чым горай было народу — тым лепей дыктатару. Вайна з Харватыяй, потым у Босьніі, апагеем якой сталася разьня мусульманаў у Срэбраніцы, этнічныя хваляваньні ў Косаве, нарэшце масавыя выступы апазыцыі ў Бялградзе ў 1998-м — усё было Мілошавічу ні па чым. Ягоная ўлада толькі ўзмацнялася, а банкаўскія рахункі яго сваякоў папаўняліся. Нават мільённыя мітынгі на вуліцах Бялграду не былі для яго апошнім аргумэнтам. Апошнім аргумэнтам зрабіліся самалёты натаўскае авіяцыі, аб якую разьбіліся ўрэшце невымерныя амбіцыі Мілошавіча. Думаецца, яго згубіла ў турме не атрута, але адчуваньне ўласнага бясьсільля перад законам і абставінамі. Магчыма, ён і быў атручаны, але атручаны ўласнай прагай да ўлады й нянавісьцю, якія душылі ягонае сэрца да апошняга моманту.

Сярод дыктатараў і тыранаў, напэўна, таксама бываюць па-свойму таленавітыя. Толькі гэта таленты асаблівага кшталту. Імі валодалі Ленін, Гітлер і ў вышэйшай ступені Сталін. Былі і ёсьць у іх і больш пасрэдныя вучні, дыктатары сярэдняй рукі. Але адзін, галоўны ўрок усе яны засвойвалі адразу і на ўсё жыцьцё. Калі табе ў рукі трапіла ўлада, ніколі і ні пры якіх абставінах не выпускай яе з рук. У прыхільнікаў «цьвёрдай рукі» заўсёды былі й будуць свае паклоннікі. Менавіта для іх «балканскі мясьнік» Мілошавіч — герой. Каб разьвянчаць гэты міт, быў толькі адзін спосаб: арыштаваць і судзіць.

Сьмерць падсуднага сталася чарговым доказам трывіяльнай ісьціны, што ўсяму прыходзіць канец — нават дыктатарам. Нездарма Сталін некалі ўсур’ёз цікавіўся ў савецкіх лекараў, ці магчымая фізычная несьмяротнасьць. Шчыры адказ расчараваў і нават раззлаваў. Імаверна, гэта стала адным са штуршкоў да фабрыкацыі вядомай «справы дактароў» незадоўга перад сьмерцю правадыра. Дарэчы, ягоны скон таксама дагэтуль ахутаны легендамі. Паводле адной зь іх, Сталіна атруцілі ягоныя падначаленыя.

Хто ведае, можа, сярод былых паплечнікаў Мілошавіча па партыі альбо сяброў з братняй Расеі таксама знайшліся такія, хто быў зацікаўлены ў тым, каб ён хутчэй пайшоў з жыцьця... Але ў кожным выпадку гэта ўжо ня мае ніякага значэньня.

Прынцыповае значэньне мае тое, што ягонай дыктатуры паклалі канец не сьляпы лёс і нават не самалёты NATO, а сэрбскія рабочыя й студэнты, якім аднойчы надакучыла баяцца, і яны выйшлі на вуліцы, каб прагаласаваць за «адзінага кандыдата» ад апазыцыі. Менавіта тады Мілошавіча напаткала палітычная сьмерць, якой ён баяўся больш, чымся сьмерці фізычнай.

А баяцца цяпер прыйшоў час іншым ваенным злачынцам — найперш Караджычу й Младзічу, выдачы якіх па-ранейшаму чакае Міжнародны трыбунал. Месцаў у камэрах турмы ў Гаазе яшчэ хопіць, трэба спадзявацца, на многіх злачынцаў і дыктатараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0