Беларусь мае намер і ў далейшым выконваць свае абавязацельствы ў сферы абароны ў рамках Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся сёння з міністрам абароны Расіі Анатолем Сердзюковым.

Прэзідэнт пазітыўна ацаніў беларуска‑расійскае супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. «Пытанні ў ваеннай сферы, на шчасце, не ўзнікаюць па віне нашых дзвюх дзяржаў. Нам іх падкідваюць як выклікі звонку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы занепакоены сітуацыяй, якая складваецца на нашых граніцах. Лічу, гэтыя праблемы нам сёння трэба будзе абмеркаваць». Прэзідэнт адзначыў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні, якія яму будуць зададзены ў час сённяшняй сустрэчы. На яго думку, гэта будзе садзейнічаць прыняццю пэўных рашэнняў.

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў: «Якія б ні былі адносіны паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі, пытанні абараназдольнасці дзвюх дзяржаў — гэта святое. Нікому не дазволена гуляць або выкарыстоўваць як рычаг гэту сферу. Мы ніколі гэтага не рабілі і рабіць не збіраемся. Беларусь, забяспечваючы абараназдольнасць нашай Саюзнай дзяржавы, абавязана зыходзіць з таго, што гэта наша агульная Айчына і абараніць яе мы можам толькі разам». Таму створана сумесная групоўка ўзброеных сіл на заходнім напрамку. Беларусь поўная рашучасці дзейнічаць у гэтым напрамку і далей, і расіяне павінны аб гэтым цвёрда ведаць, адзначыў беларускі лідэр. «Гэта пытанне не падлягае паваротам і разваротам, як спрабуюць некаторыя гэта прадставіць, гэта наша святая справа і абавязацельства. Ваенныя разам павінны забяспечыць парадак. Спадзяюся, што і Расія будзе адказваць адпаведным чынам», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?