Грамадства2323

Лукашэнка зацвердзіў шпіталізацыю кіраўніка Масада за 2,5 гадзіны: новыя падрабязнасці пра Дагана

Так апісвае падзеі ізраільская газэта Maariv.

Стан здароўя былога кіраўніка Масаду Мэіра Дагана, які на мінулым тыдні перанёс апэрацыю па перасадцы печані ў Менску, значна палепшаў.

І хоць Даган усё яшчэ ляжыць у рэанімацыйным аддзяленьні, ён у прытомнасьці.

Даган папрасіў сваю жонку і сяброў прынесьці яму «добры кавалак ласося», аднак адміністрацыя забараняе сваякам пацыентаў прыносіць у шпіталь харчаваньне. Таму былому кіраўніку зьнешняй разьведкі Ізраілю давялося абыходзіцца шпітальнай ежай.

Даган размаўляе мала, і тым, хто наведвае яго ў шпіталі, ён паведамляе, што ў яго «ўсё ў парадку».
Мяркуецца, што бліжэйшымі днямі ён будзе пераведзены ў звычайнае аддзяленьне.

Тым часам зьяўляюцца новыя падрабязнасьці, зьвязаныя з гісторыяй шпіталізацыі Дагана.
Некалькі тыдняў таму міністар замежных справаў Ізраілю Авігдор Лібэрман зьвярнуўся да аднаго з афіцыйных ізраільскіх прадстаўнікоў у сталіцы Беларусі, расказаў яму аб сытуацыі, у якой апынуўся былы кіраўнік Масаду, і папрасіў зьвярнуцца да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай шпіталізаваць Дагана ва ўрадавы шпіталь — з мэтай правядзеньня апэрацыі па перасадцы печані.

У той самы дзень ізраільскі прадстаўнік зьвярнуўся да намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, і той перадаў просьбу Лукашэнку. «Прэзыдэнт Лукашэнка зацьвердзіў гэтую просьбу на працягу двух з паловай гадзінаў», — распавёў нам адзін з удзельнікаў гэтых перамоваў.

Ужо праз два дні пасьля гэтага Даган быў дастаўлены ў Менск на прыватным самалёце.

Яго сустракаў намесьнік начальніка сакрэтнай службы Беларусі. Даган прыляцеў у Менск разам з жонкай і дзецьмі, у суправаджэньні ізраільскіх целаахоўнікаў. Былы кіраўнік Масаду быў прыняты на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і дастаўлены ў гатэль у суправаджэньні картэжу ўрадавых аўтамабіляў.

На працягу пяці наступных дзён ён прайшоў усе неабходныя мэдыцынскія праверкі, якія пацьвердзілі гатоўнасьць да апэрацыі.
Цяпер заставалася толькі знайсьці донара. Адміністрацыя мэдычнага цэнтру паведаміла, што працэс пошуку зойме два-тры дні, і Даган вырашыў вярнуцца ў Ізраіль, каб правесьці дні перад апэрацыяй з унукамі. Празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як ён вярнуўся дадому, яму патэлефанавалі зь Менску і паведамілі, што донар знойдзены.

Даган вярнуўся ў сталіцу Беларусі. Сьледам за ім у Менск спэцыяльным рэйсам з Парыжу прыляцеў францускі хірург, доктар Даніэль Азулай.

«Гэтым разам Даган выглядаў па-сапраўднаму хворым, — распавёў нам адзін з тых, хто сустракаўся з былым кіраўніком Масаду ў гэтыя дні. — Ён зь цяжкасьцю дыхаў, яго твар счарнеў. Ён выглядаў так, нібы знаходзіўся пры сьмерці».

Беларускія спэцслужбы падрыхтавалі для Дагана раскошны аўтамабіль БМВ, аднак той палічыў за лепшае выправіцца ў шпіталь разам з жонкай і целаахоўнікамі на звычайнай машыне, якую суправаджалі ўрадавыя аўтамабілі.
У шпіталі доктар Азулай неадкладна прыступіў да правядзеньня апэрацыі, якая доўжылася дзевяць гадзін. Яму дапамагаў калектыў мясцовых лекараў, які атрымаў высокую ацэнку за свой прафэсіяналізм ад францускага хірурга.

За некалькі гадзін да апэрацыі, у ходзе правядзеньня апошніх праверак, Даган перадаў Лібэрману праз аднаго з ізраільскіх прадстаўнікоў у Менску такое паведамленьне: «Скажы дзякуй Івэту» (Івэт — памяншальная форма імя Лібэрмана).

Лібэрман працягвае атрымліваць інфармацыю пра стан Дагана ў менскім шпіталі.
Пацыента наведаў таксама беларускі міністар аховы здароўя. Некалькі дзён таму прэзыдэнт Шымон Пэрэс патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і падзякаваў яму за дапамогу. Лукашэнка расказаў Пэрэсу, што ён знаёмы з Даганам па мінулых сустрэчах і запрасіў ізраільскага прэзыдэнта наведаць Беларусь.

Каментары23

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе7

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць