Вялікі канцэрт гурту «Палац» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з нагоды 20-годдзя нечакана адменены.

Арганізатары вымушаныя вяртаць гледачам грошы за квіткі, якія былі разабраныя яшчэ за два тыдні да пачатку дзеі.
Музыканты гурту «Палац», якія рыхтавалі да канцэрту 26 кастрычніка адмысловую праграму «Песні любові і мудрасці», выглядаюць разгубленымі. Для іх гэты выступ быў вельмі важным.
Па-першае, ён прысвечаны 20-годдзю гурту, а таму запрашэнні на яго атрымалі тыя, хто так ці інакш спрычыніўся да гісторыі каманды. Па-другое,
«палацаўцы» рыхтаваліся прадставіць у гэты дзень адразу два новыя рэлізы – музычную прыпавесць «Салдат-доктар» і свежы студыйны альбом «Кола грукатала».
Афіцыйнай прычынай называецца тое, што «па абставінах, незалежных ад адміністрацыі тэатра і музыкантаў гурту «Палац», паўсталі арганізацыйныя праблемы, у выніку якіх правядзенне мерапрыемства стала немагчымым».
Аніякай больш канкрэтыкі не паведамляецца. Адзінае, што змагла зрабіць адміністрацыя тэатра, дык гэта папрасіць у гледачоў прабачэньня. Лідар гурту Алег Хаменка зазначыў парталу Tuzin.fm:
«Я і мае паплечнікі нічога камэнтаваць не хочам і нам няма за што прыносіць прабачэнні. Пакінем гэту сітуацыю без каментароў».
Тыя, хто набыў квіткі на канцэрт «Палаца», могуць вярнуць грошы за іх у касах Тэатра беларускай драматургіі. Тэлефон касы: +375 29 385-97-51.

* * *

Абсурдны загаловак, абсурдная навіна… Як такое магчыма, каб адны з самых яскравых прадстаўнікоў сучаснай беларускай культуры сталі косткай у горле людзям, адказным па працы нібы за росквіт краіны.

Можна толькі ўявіць, як напужала адміністрацыю тэатра гэтае тэлефанаванне з ласкавай просьбай не праводзіць дадзенае мерапрыемства.
Але ж – нічога, гэта ўсяго толькі тэлефанаванне. Пакуль жа не прыходзяць…І проста дзіва бярэ, як такое тэленафанаванне можа здзейсніць нармальны і адэкватны чалавек. Пакорпаўся б у сваім радаводзе прадстаўнік органаў пільнавання, а можа, якраз па яго сваякоў прыходзілі якіх 75 год таму…

Навошта пілаваць сук, на якім сядзіш і гнюсна шкодзіць людзям, якія ўздымаюць культуру тваёй краіны? Тут варыянты два. Альбо ў дзяржаўныя органы прабраліся чужынцы, якія ставяць за мэту схавана шкодзіць інтарэсам дзяржавы і спрыяць сціраньню нацыяльнай памяці. Альбо шкодзяць свае ж людзі, беларусы, перад якімі пастаўлена задача знішчаць у зародавым стане ўсё, што хоць нейкім чынам можа паспрыяць зменам у грамадстве. У тым ліку і думкі.

Бо небяспеку ўяўляюць зусім не бяскрыўдныя спевы «Палаца» і не сам лагодны і паліткарэктны Хаменка. Небяспеку ўяўляе аўдыторыя гурту.
Бо яны любяць сваё, а значыць шануюць гісторыю і наогул занадта шмат разумеюць у гэтых раскладах, і можна толькі здагадавацца якія крамольныя думкі зараджаюцца ў іхніх галовах, калі яны слухаюць «Як пайду я ў новую канюшню».
Цікава, а што скажа міністр Латушка ды іншыя дзяржслужачыя, якіх «палацаўцы» хацелі запрасіць на канцэрт.
Ды нічога – 100%. Усе прамаўчаць. І пакуль усе мы будзем маўчаць і выконваць незаконныя загады ды слухацца просьбаў з боку прайдзісветаў, нас будуць таптаць. А там глядзіш і сапраўды – не патэлефануюць, а прыйдуць. Па цябе самога.

Загалоўная песня з альбома "Палаца" "Кола грукатала" ў новай рэдакцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?