17 красавіка Эўрапейcкая Камісія апублікавала камунікат «Глябальная Эўропа: узмоцненае партнэрства для паляпшэньня доступу эўрапейскіх экспарцёраў да замежных рынкаў», накіраванае на паляпшэньне доступу эўрапейскага бізнэсу да рынкаў трэціх дзяржаваў.

Мэта дакумэнту — мінімізацыя гандлёвых бар’ераў і стварэньне новых магчымасьцяў для эўрапейскага экспарту. Для дасягненьня гэтых задачаў прапануецца ідэя новага дэцэнтралізаванага партнэрства паміж Эўрапейскай Камісіяй, дзяржавамі‑членамі ЭЗ і бізнэсам, што працуе ў трэціх дзяржавах.

На думку Камісіі, у сучаснай эканоміцы назіраецца зьмяненьне прыроды гандлёвых бар’ераў. Цяперашнія бар’еры , як правіла, нетарыфныя і зьвязаныя з нарматыўна‑прававым і рэгулятарным кліматам той ці іншай дзяржавы.

Так як падобныя бар’еры больш складана ідэнтыфікаваць, паўстае пытаньне пра больш цеснае супрацоўніцтва інстытутаў ЭЗ з эўрапейскімі бізнэс‑гульцамі, якія працуюць у трэціх краінах.

Па словах Пітэра Мэндэльсана, Эўрапейскага Камісара па пытаньнях ззамежнага гандлю, сёньня павышаецца значэньне дэталёвай і дакладнай інфармацыі пра нарматыўна‑прававы клімат рынкаў трэціх дзяржаваў. «Бізнэс ЭЗ абапіраецца на рост замежных рынкаў, што стымулюе эканамічны рост і стварэньне новых працоўных месцаў у самім Эўразьвязе», — лічыць Мэндэльсан.

Прапанаваная ідэя больш цеснага супрацоўніцтва паміж Эўрапейскай Камісіяй, дзяржавамі‑членамі ЭЗ і эўрапейскім бізнэсам, у прыватнасьці стварэньне экспэртных «камандаў па пытаньнях доступу да рынкаў», якія будуць займацца ідэнтыфікацыяй гандлёвых бар’ераў у той ці іншай краіне. Таксама прапануецца ўдасканаленьне эўрапейскай базы дадзеных па пытаньнях доступу да рынкаў (Market Access Database ).

Камісія надае асаблівую ўвагу вызначэньню гандлёвых нормаў у будучых пагадненьнях пра стварэньне зонаў свабоднага гандлю, а таксама выкананьне ўжо існуючых нормаў, замацаваных шматбаковымі альбо двухбаковымі пагадненьнямі.

У 1996 годзе Эўрапейская Камісія распрацавала «Стратэгію доступу да рынкаў», накіраваную на паляпшэньне доступу эўрапейскага бізнэсу да рынкаў трэціх дзяржаваў. Стратэгія складалася з двух асноўных элемэнтаў: інфармаваньня эўрапейскага бізнэсу пра ўмовы доступу да тых ці іншых замежных рынкаў і вызначэньня мэтаду мінімізацыі існуючых гандлёвых бар’ераў.

Цяперашні камунікат аднаўляе гэтую Стратэгію, беручы пад увагу новыя выклікі сусьветнай эканомікі.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0