Да 1 лістапада ўласнік гомельскага гандлёвага цэнтра «Сакрэт» павінен урэгуляваць праблемныя пытанні з прадпрымальнікамі, якія там працуюць.
Гэтае рашэнне было прынята 23 кастрычніка на нарадзе ў Гомельскім аблвыканкаме, што прайшла з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай улады, уласніка ГЦ і прадпрымальнікаў для дасудовага ўрэгулявання канфлікту.
5 кастрычніка ў ГЦ «Сакрэт» з’явіўся новы ўласнік, які ўзняў арэндную плату з 45 да 120 еўра за квадратны метр і прапанаваў да падпісання новыя дагаворы з непрымальнымі для прадпрымальнікаў умовамі.
У гандлёвым цэнтры працуюць прыблізна 400 прадпрымальнікаў. 23 кастрычніка прадпрымальнікі не адкрылі свае гандлёвыя пункты, павесіўшы аб’явы «Сандзень» і «Пераўлік», і правялі сход. Яны перадалі ў міліцыю калектыўную адозву пра магчымае махлярства з боку новага ўласніка.
Начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Марына Крывунь паведаміла, што змена ўласніка ў гандлёвым цэнтры згодна з Грамадзянскім кодэксам не цягне змены арэндных адносінаў для арандатараў.
«Купля гэтага цэнтра ніякім чынам не мяняла б умовы арэнды для прадпрымальнікаў, калі б не адно: на момант куплі ГЦ яны ўсе ў добраахвотным парадку падпісалі пагадненні аб скасаванні раней дзейнага дагавору арэнды. У прынцыпе, гэта і справакавала магчымасць новага ўласніка прапанаваць умовы арэнды з арэнднай стаўкай, якая ў два і больш разы перавышае раней дзейную», — сказала начальнік аддзела.

Прадпрымальнікі ж сцвярджаюць, што яны скасавалі дагавор, таму што іх падманулі, кіраўніцтва цэнтра злоўжыло іх даверам.

Паводле слоў Крывунь, яна раней дала ўсім прадпрымальнікам рэкамендацыі напісаць на адрас новага ўласніка заявы пра жаданне працягнуць дагаворныя адносіны на ранейшых умовах, гэтыя лісты ўжо атрыманы ўласнікам, «што пры судовым разборы будзе з’яўляцца волевыяўленнем прадпрымальнікаў і разглядацца як іх жаданне заключыць дагаворныя адносіны на ранейшых умовах».

Яна нагадала, што мясцовыя органы ўлады ніколі не ўмешваліся ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, але ў гэтай сітуацыі два бакі не здолелі дамовіцца.
Аблвыканкам ужо неаднаразова праводзіў сустрэчы з уласнікам і прадпрымальнікамі, але «зноў два бакі сталі не на шлях вырашэння канфлікту, а на шлях эскалацыі».

«Сітуацыю мы кантралюем пастаянна. Учора мы ўласніку ясна далі зразумець, што няма падстаў для ўзнімання арэнднай платы», — падкрэсліла Крывунь.

Калі да 1 лістапада ўласнік і прадпрымальнікі не дамовяцца, канфліктную сітуацыю будзе вырашаць гаспадарчы суд.

«Безумоўна, мы будзем вырашаць сітуацыю, ніхто не дасць уласніку самавольнічаць. Сваіх прадпрымальнікаў мы не кінем», — падсумавала начальнік аддзела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?