Каб у цяперашняй Беларусі, як зараз вось у Францыі, жанчына рэальна прэтэндавала на прэзыдэнцтва — гэта падаецца фантастыкай. Рэч ня ў тым, што дзейны кіраўнік апрыёры не сьпяшаецца каму-небудзь саступаць месца. Гаворка ідзе ўвогуле пра палітычныя норавы ды грамадзкую мэнтальнасьць.

З аднаго боку, у нас, як вядома, дэманструюць дзяржаўны клопат пра "жэнскі вапрос". Нават разнарадкі ёсьць, каб забясьпечвалася пэўная доля кабетаў у органах прадстаўнічай улады. Гэтакае своеасаблівае беларускае "шэршэ ля фам".

Зь іншага боку, само гэтае адміністрацыйнае шчыраваньне пакідае ўражаньне, што жанчын падсьвядома лічаць непаўнавартаснымі істотамі. На Захадзе фэміністкі, пэўна, узнялі б гвалт, палічыўшы такі просталінейны, імітацыйны клопат прыніжэньнем. Там прадстаўніцы слабой палавіны прабіваюцца ў палітыку самі. Затое выглядаюць не элемэнтамі бутафорыі, а дзейнымі асобамі.

У нас жа варта было, напрыклад, выявіць пэўную палітычную самастойнасць дэпутатцы Натальлі Машэравай — і адразу апынулася ў апале. Увогуле ж на яе таксама працавала імя мужчыны — ейнага бацькі.

Сакрэт папулярнасьці — рэч, канешне, тонкая. Адзін з палітычных супернікаў францускай кандыдаткі Сэгален Руаяль — ультраправы Лё Пэн зьедліва зазначыў, што тая, "карыстаючыся адносна выгаднай фізычнай формай, дэманструе ўборы і дорыць усьмешкі, верзучы пры гэтым лухту". Што ж, можна і скарыстацца, займаючы паводле вэрсіі часопіса FHM шостае месца ў сотні самых сэксуальных жанчынаў сьвету :)

Дарэчы, Сэгален Руаяль — маці чатырох дзяцей. Кладучы руку на сэрца, вы можаце ўявіць сабе шматдзетную маці ў фінале змаганьня за беларускае прэзыдэнцтва?

Зрэшты, там і ў апазыцыі жывецца трохі інакш :) Аб яе не выціраюць ногі, а ладная квота этэрнага часу гарантаваная законам. У нас джэнтльмэны зь дзяржаўнае прапаганды хутка паказалі б гіпатэтычнай апазыцыйнай лідэрцы, што такое гендэрная роўнасьць...

Увогуле ж ня варта ўсё вешаць на рэжым. Гендэрныя стэрэатыпы, дрымучыя патрыярхальныя норавы (ці не зьяўляецца іхнім адлюстраваньнем і псыхалягічны фэномэн "бацькі"?), на жаль, квітнеюць сярод айчыннага паспалітага люду. А гэта ж асноўны электарат.

Карацей, далёка нам, мусіць, да беларускай Руаяль.

P.S. Бальзам для блогераў: як адзначаюць францускія камэнтатары, Сэгален Руаяль найболей творча выкарыстоўвае ў палітычных мэтах Сеціва. Кажуць, што яна "пераняла ягоны сынтаксыс", зразумеўшы, што "P2P, вікі-асяродзьдзе і гіпэртэкст пераўтварылі нашу сыстэму мысьленьня, нашыя кагнітыўныя навыкі, а значыцца, відазьмяніліся і стасункі грамадзянаў з палітыкай".

P.P.S. А Мілінкевіч, мусіць, за Сарказі, бо той дасылаў яму лісты падтрымкі :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?