27.10.2012 / 09:02

«Адваротны бок люстра»: у Беларусі з'явілася новая Пісьменніца 8

Прыгоды сучаснай дзяўчынкі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ксенія Шталянкова. Фота budzma.org.

Адваротны бок люстра / Ксенія Шталянкова. — Мінск: Логвінаў, 2012. — 192 с.

Часта мы баімся (не хочам) называць беларускі фільм выдатным, кнігу айчыннага аўтара — цудоўнай. Стараемся заставацца нейтральнымі, прыкрываючыся «халоднымі» ацэнкамі. Калі ўзяць на сябе адказнасць, вылучыўшы твор беларускага пісьменніка, можна стаць мішэнню для нападкаў. Маўляў, «пра гэта напісаў замежны класік яшчэ паўстагоддзя таму». Альбо «на Захадзе такія рэчы выдаюць/здымаюць пачкамі».

Ну і хай сабе дзесьці там усё так добра. Але важна, лічу, каб і ў нас з’яўлялася такое ж толькі сваё і па-беларуску.

Раман Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра» — адкрыццё года сярод маладых аўтараў.

Беларуска напісала раман для падлеткаў пра прыгоды сучаснай дзяўчынкі ў ХVI стагоддзі. Ды не дзе-небудзь, а ў сталіцы ВКЛ — Вільні. Сюжэт, у прынцыпе, распаўсюджаны ў сусветным кіно і літаратуры. У Шталянковай ён — на беларускім матэрыяле.

15-гадовая Бася праз старажытнае люстэрка трапіла ў мінулае, дзе пазнаёмілася з 17-гадовым Міхалам. Паміж падлеткамі ўзнікае сімпатыя. І выяўленне пачуццяў адбываецца на фоне палітычных інтрыг у краіне.

Раман Ксеніі захапляе. Школьнік, які ўзяў бы кнігу ў рукі, не расцягне чытання. Канечне, няма на яе старонках псіхалагічных партрэтаў герояў, філасафічных разважанняў.

Гэта падлеткавая проза, напісаная такім самым падлеткам.

Калі гераіня ніякавее перад хлопцам, значыцца, гэта аўтарка прачула на сабе. Не адчуваецца нейкай нацягнутасці, калі б Ксенія пісала, не разумеючы ці не ведаючы чагосьці пра паводзіны моладзі.

Прыкра, што таленавітую аўтарку, якая напісала сваю кнігу яшчэ ў 16 (!) гадоў, не разгледзелі крытыкі, што яна не трапіла на добрага рэдактара.

Твор перад выхадам некалькі гадоў ляжаў у выдавецтвах, і ніхто не браўся яго надрукаваць. Давялося аўтарцы выдаваць сваімі сіламі. У выніку з тэкстам не папрацавала рука рэдактара і карэктара (аўтарка сама адмовілася ад іх). Хоць па-беларуску Ксенія гаворыць выдатна — я пераканаўся ў гэтым падчас гутаркі.

Ведаю, Ксенія задумала напісаць трылогію. І сёлета чакаецца другая частка. Было б добра, каб знайшоўся Марцін Кухта, які б пад адной вокладкай надрукаваў абедзьве часткі — з карэктурай і рэдактарам. Вядома, рызыка з пункту гледжання маркетынгу. Але як тады прасоўваць маладых, калі пастаянна баяцца? Трэба і рызыкаваць.

Замовіць «Адваротны бок люстра» Ксеніі Шталянковай можна тут.

Сяргей Макарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Мэнсан Мандэла / Адказаць
27.10.2012 / 09:52
На вокладцы, здаецца, пазначана прозвішча "ШталЕнкова". Адбрукоўка? Калі так, то чаго вартае такое "выдаведства"?
0
віна / Адказаць
27.10.2012 / 10:49
У выніку з тэкстам не папрацавала рука рэдактара і карэктара. Хоць па-беларуску Ксенія гаворыць выдатна ................ так.. з каго спытаць??? Першы кандыдат на вінаватага - Дубавец!
0
Маци Тэрэза / Адказаць
27.10.2012 / 10:50
Мэнсану: здаецца, на такім варыянце свайго імені настаяла аўтарка: http://budzma.org/news/karanacyya-ksenii-shtalyankovaj-fotarepartazh.html як і на адсутнасьці рэдактара і карэктара, і на дызайне вокладкі:) то бок, спадар макарэвіч даў крыху больш узнёслую інтэрпрэтацыю амбіцыям пісьменьніцы. а пра тое, што яе шмат год пракідвалі дзяржвыдавецтвы, бо такое падлеткавае чытво нашым падлеткам ня трэба, - шчырая праўда
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру