Мазаіка ў Берасці аўтарства Аляксандра Кішчанкі. Фота darriuss.livejournal.com

Мазаіка ў Берасці аўтарства Аляксандра Кішчанкі. Фота darriuss.livejournal.com

Гэтае міні-апытанне на гучнае званне сацыялагічнага даследавання не прэтэндуе. Аднак зразумець, што творыцца ў галовах сённяшняй моладзі, дапамагае.

Удзельнікам летніка, які прайшоў сёлета на Вялейшчыне, прапанавалі скласці асабістыя рэйтынгі лідараў сусветнай і беларускай гісторыі. Апытаным — па 16–19 гадоў.
Гэта старшакласнікі, навучэнцы каледжаў, першых курсаў ВНУ (у асноўным — Баранавіцкага дзяржуніверсітэта). Яны з’ехаліся ў летнік з Гомеля, Баранавіч, Барысава, Жодзіна, Пінску.
Часта даводзіцца чуць: у моладзі русіфікаваная свядомасць, яна цалкам страціла нацыянальныя арыенціры… Вынікі анкетавання паказваюць: арыенціры — ёсць.
А вось грунтоўных ведаў не стае.
Свае рэйтынгі склалі 17 хлопцаў і дзяўчат, згадаўшы ў іх усяго 124 гістарычныя асобы, з якіх 41 — з беларускай гісторыі.
(Дадаткова некаторыя ў беларускія лідары залічвалі Суворава, Кацярыну ІІ, Напалеона, Пятра І. Відаць, сыходзілі з меркавання, што беларускі лідар — гэта той, хто ў Беларусі бываў і на яе ўздзейнічаў.)
Абсалютным рэкардсменам у «агульным заліку» (і сярод беларускіх, і сярод сусветных лідараў) стаў Францыск Скарына —
яго назвалі 14 чалавек з 17-ці. За ім — Якуб Колас (13). Янка Купала дзеліць 3-е месца з Леніным. На 4-м — Напалеон і… Гітлер. Арганізатараў такая папулярнасць «фюрара» шакавала.
Чаму запісвалі Гітлера ў лідары? «А што тут такога? Ён быў добры вайсковы кіраўнік і стабільнасць пры ім была», — не зразумела дзяўчына з Гомеля.
Не яна прыдумала гэтыя крытэрыі ацэнкі.
Заўважныя ў анкетах і факты засвоенага ў школе спісвання.
Ну як іначай у дзве галавы адначасова прыйшла б ідэя згадаць Лівінгстона, адкрывальніка вадаспада Вікторыя? Не ў Зімбабвэ ж апытанне ладзілася. Скажаце, і Скарыну маглі перапісваць адно ў аднаго? Магчыма. Але Скарына перамог і па выніках нядаўняга даследавання гістарычнай памяці беларусаў, якое ладзілі лабараторыя «Новак» і кампанія «Будзьма».
Яшчэ адзін знак часу: школьнікі ўспрымаюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага як сваю.
І яго лідары трывала ўваходзяць у нацыянальны пантэон. Вітаўт набраў нават на голас больш за Лукашэнку. Ведалі маладзёны і іншых вялікіх князёў — Ягайлу, Гедыміна, Альгерда. Зрэшты, цяпер
веда пра ВКЛ — у вольным доступе, бо дзяржаўнай ідэалогіі не супярэчыць.
Вітаўт жа таксама «добры вайсковы кіраўнік і стабільнасць пры ім была».

Складаней з лідарамі мадэрнай гісторыі. З тымі, дзякуючы каму існуе сённяшняя незалежная Беларусь.

Толькі адзін анкетаваны згадаў «стваральнікаў БНР».
Прычым літаральна так і напісаў. Імёнаў не прыгадаў ніхто.
У беларускім спісе лідараў пераважаюць пісьменнікі і, шырэй, людзі творчых прафесій.
Апроч Коласа і Купалы названыя Багушэвіч, Караткевіч, Міцкевіч, Танк, Крапіва, Цётка, Лучанок, Шагал, Будны, Кірыла Тураўскі… ёсць і Вольскі з Міхалком.
Моладзь адзначае і спартоўцаў-чэмпіёнаў (названыя Несцярэнка, Мірны, Цылінская і Карстан).

Пакінуў след у светаўспрыйманні і школьны прадмет «Вялікая Айчынная вайна» — лідарамі называлі партызанаў бацьку Міная і Васіля Каржа, партбоса Панамарэнку, лётчыка Кажадуба, піянера-героя Марата Казея… Сям’я Купрыянавых набрала столькі ж балаў, колькі дзейны кіраўнік дзяржавы. Да апошняга ў анкетаваных — унікальнае стаўленне: ва ўсіх анкетах яго імя ўпісана з ініцыяламі або ўвогуле з поўным імем і імем па бацьку. У ніводнай анкеце не згаданы прэзідэнт РФ Пуцін, пра папулярнасць якога ў Беларусі часам любяць паразважаць.

У сусветным спісе высокія месцы атрымалі заходнія лідары — такія, як Джордж Вашынгтон, Чэрчыль, Кенэдзі. Такое было б немагчыма пакаленне таму.
І што ўжо зусім было б немагчыма: моладзь згадвае ў шэрагу лідараў кіраўнікоў Microsoft і Apple — Біла Гейтса і Стыва Джобса.

Унізе сусветнага спісу каго толькі няма: Берыя і Аль Капонэ, Тутанхамон і Генры Морган, Мао Цзэдун і Чан Кайшы. Заўважны ўплыў кінаіндустрыі — маладзёны згадвалі Жанну д’Арк і Фрыдрыха Барбаросу, Чынгісхана і Аляксандра Македонскага, нават султана Саладзіна. Былі і маскультурныя героі — Эмінем, Марлі. Цікава, што ніхто з папулярных расейскіх выканаўцаў у «лідары» не прабіўся (затое называлі Глінку, Чайкоўскага).

Ну і, яўна, «каб паржаць», хтосьці ўпісаў Джыгурду,
хтосьці яшчэ — «паручніка Ржэўскага і графіню». Але гэта нават пазітыўна: як яшчэ адзін доказ, што перад намі — шараговая, незаангажаваная моладзь. І што яна лічыць Скарыну, Коласа і Купалу найвялікшымі.

* * *

Першая дзясятка месцаў (у дужках пазначаная колькасць згадак у анкетах)

1. Францыск Скарына (14)

2. Якуб Колас (13)

3. Янка Купала, Уладзімір Ленін (12)

4. Напалеон Банапарт, Адольф Гітлер (11)

5. Іосіф Сталін (10)

6. Аляксандр Пушкін (9)

7. Ефрасіння Полацкая, Пётр І (8)

8. Вітаўт (6)

9. Джордж Вашынгтон, Пётр Купрыянаў, Уінстан Чэрчыль, Джон Кенэдзі, Аляксандр Лукашэнка (5)

10. Кандрат Крапіва, Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вольфганг Амадэй Моцарт, Жанна д’Арк, Кацярына ІІ, Аляксандр Македонскі (4)

* * *

З беларусаў, якія жывуць сёння, лідарамі названыя:

Лявон Вольскі, Кацярына Карстэн, Аляксандр Лукашэнка, Ігар Лучанок, Максім Мірны, Сяргей Міхалок, Юлія Несцярэнка, Наталля Цылінская.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?