Нізкатлустыя віды малочных прадуктаў і прадукты без дадаткаў і напаўняльнікаў усё радзей з’яўляліся на прылаўках беларускіх крамаў. Мінэканомікі канстатавала, што іх вытворчасць практычна спынілася ў сувязі са стратнасцю. Каб вярнуць прадукцыю на прылаўкі, міністэрства дазволіла павысіць гранічныя максімальныя адпускныя цэны на 35%. Вырасце ў цане і хлеб.

Рост цэнаў на 35% чакае малако і кефір тлустасцю да 3,5%, смятану тлустасцю да 25%, тварог тлустасцю да 9% без смакавых дадаткаў і напаўняльнікаў.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе міністэрства, гэта павінна скараціць розніцу ва ўзроўні цэнаў на розныя малочныя прадукты і зацікавіць вытворцаў у павелічэнні выпуску нізкатлустай прадукцыі. Пастанова Мінэканомікі № 86 уступае ў сілу 27 кастрычніка.

Менш сур’ёзнае падаражанне чакае іншыя віды малочнай прадукцыі.
Пастановай Мінэканомікі вытворцам у кастрычніку дазволена падвысіць адпускныя цэны на высокатлустыя віды малака, кефіру, смятаны, тварагу, а таксама на аналагічныя малочныя прадукты са смакавымі дадаткамі і напаўняльнікамі на 4%.

За цэны на тлустую «малочку» Мінэканомікі ўзялося ў красавіку гэтага года. Тады было прынятае рашэнне пра неперавышэнне малакаперапрацоўчымі арганізацыямі на названыя прадукты ўзроўню адпускных цэнаў, усталяваных па стане на 29 красавіка 2012 года. У жніўні і верасні вытворцам дазволілі падвысіць адпускныя цэны на 4% у месяц.

Акрамя таго Мінэканомікі павышае на 10% гранічныя максімальныя адпускныя цэны на сацыяльна значныя віды хлеба і батона. Матывы тыя ж: кампенсацыя падаражання збожжавай сыравіны, скарачэнне стратнасці вытворчасці і насычэнне спажывецкага рынку. Іншыя віды хлебабулачнай прадукцыі вырастуць у цане на 3%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?