Той факт, што свет народу рубіцца за моўнае/нацыянальнае пытаньне не можа не звяртаць на сябе ўвагі. Хіба лянівы ў апошні час не выказаўся за ці супраць. Дыспуты абнялі не толькі лінгвістычны абсяг, але і агульна-культурны, нацыянальны і глябальна-палітычны.

З’явіліся радыкалы і памяркоўныя, левыя, правыя і няправыя… У зацятых спрэчках многія паважаныя мной людзі ўжо дайшлі да правільных высноваў, што Беларусь не можа быць ніякай іншай апроч як беларускай і… пачалі палохацца ўласнага голасу! Як гэта тыпова для беларусаў — сказаць залішне шмат праўды! Ах, якая недаравальная легкадумнасць! А раптам, барані Божа, каго гэтым пакрыўдзілі?!"

Як жа гэта мы наважыліся сказаць уголас, што ладная палова «змагароў», «класікаў», «дзеячоў» рознага гатунку не маюць нічога супольнага з Беларуссю, хоць яны і незадаволеныя рэжымам такога ж грамадзяніна АРЛа. Так — яны не хочуць яго ўлады, але і сапраўднай паўнавартаснай беларускай краіны яны не хочуць яшчэ больш. Ім утульна тут — у еўрапеізаванай калоніі Расеі і, пачуўшы галасы ў рашучую падтрымку беларускасці, грамадзяне гэтыя жудасна ўзлаваліся! І ёсць з чаго — іх сімпатыі да беларускасці як да прынцыпу жыцця незаўважнай меншасці інтэлектуалаў — гэта адно, а беларускасць як лад мысьленьня — гэта непрымальна!

Усчынаецца лямант пакрыўджаных: «Як жа так?! Вы нас, карэнных сталічных касмапалітаў са знакам якасці, хочаце вашае мове вучыць?! Ну, ізвініце! Мы тут вас церпім, на вашу „Паўлінку“ ходзім у ціатр і пяем „Родзіна мая, Беларуссссія“, і вам мала?!"

Пачынаюцца выкручванні „прымус ні да чога не прывядзе“, „дайце час — усё само зробіцца“ і г.д. І ўсё ў такім жа духу, а лейтматыў адзін — ну, вас з вашай беларускай Беларусьсю, нам тут і так добра, не перашкаджайце нам змагацца „за нашу і вашу“ і вяшчаць ад вашага імя перад народамі на вялікам і магучым!»

Вось такая карціна алеем. Таварышы пачалі палохацца таго, што даўна зрабілі нашыя суседзі ў Польшчы, Літве і іншых краінах, якія на мяжы 80-90-х сталі на шлях сапраўднай нацыянальнай дэмакратыі. Яны адчулі, што вырасла не суполка запалоханых памяркоўных цярпілаў, а адчувальна вялікі пласт грамадства, які хоча нарэшце сапраўдных зменаў! І палягаюць гэтыя змены не толькі ў адхіленні ад улады дыктатара, але і ў разбудове нацыянальнай краіны Беларусі, дзе беларускасць стане не дзяржаўнай праграмай на пару год, а сапраўдным ладам жыцця. Спалохаліся і выдалі сябе дзе гнеўнымі, дзе апраўдальнымі артыкуламі і прамовамі… І да лепшага — усё таемнае становіцца відавочным. Няхай юшацца — ад іх сполаху мы атрымліваем адрэналін… Трымаймася разам і не боймася ўласнага голасу, які нарэшце мае шанец з піску перарасці ў рык.

Жыве вольная і незалежная Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?