26.10.2012 / 14:37

Някляеў: Сябры сыпанулі дробным гарохам — інтэрв’ю 25

Паэт скончыў новы раман — «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Але размова пачалася не з гэтага.

27 кастрычніка ў Вільні адбудзецца канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкой». Студэнты ЕГУ запрасілі на яго лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», паэта Уладзіміра Някляева.

— Збіраецеся паехаць, Уладзімір Пракопавіч?

— Паехаў бы… Даўно не быў у Вільні, ды нідзе даўно не быў. Сімпатызую «Ляпісам». Не толькі таму, што Міхалок за мяне на прэзідэнцкіх выбарах галасаваў. За музыку. За энергію, якую, не шкадуючы сябе, аддаюць хлопцы на кожным канцэрце. Яны малайцы. Чаго не скажу пра «хлопцаў», якія абмежавалі мой, так бы мовіць, арэал існавання мінскай кальцавой дарогай. Мне з Мінска не дазваляюць выехаць, не тое што з Беларусі. Паэт-рэцыдывіст.

— Журналістку Ірыну Халіп, якая знаходзіцца прыблізна ў тых жа ўмовах, што і Вы, Лукашэнка нядаўна паабяцаў выпусціць на волю.

— Што ж не выпусціў?.. Чаму не вызваляе Статкевіча, Дашкевіча, Аўтуховіча, Бяляцкага, іншых палітвязняў? Ці нехта яму сказаў: «Вызваліш — сам сядзеш?»

Я чалавек не помслівы, зусім няма гэтага ў характары, але ёсць рэчы, якія дараваць нельга. Сярод іх — свядомае глумленне над кінутымі ў турму ні ў чым не вінаватымі людзьмі, наўмыснае прыніжэнне чалавечай годнасці. Гэта не даруецца ні тым, хто аддае загады садзіць і прыніжаць, ні тым, хто іх выконвае. Усім давядзецца адказваць. Кожнаму за сваё.

— А Вы падавалі якія-небудзь скаргі, апеляцыі?

— Я паэм столькі не напісаў, колькі гэтых апеляцый. А ведаеце, чаму пішу? Адказы надта цікавыя. Напрыклад, пішу, што ў дзень прэзідэнцкіх выбараў на мяне напалі бандыты. Пракуратура горада Мінска, а ўслед за ёй і Генеральная пракуратура адказваюць, што паколькі «не добыто достаточных доказательств того, что физическая сила в отношении Вас применялась сотрудниками правоохранительных органов, то оснований для возбуждения уголовного дела не имеется». Выходзіць, што білі — факт, але калі не «добыто достаточных доказательств», што біла міліцыя, дык і не факт, што білі. Гэта хіба не паэма?

— Ходзяць чуткі, што паэма, напісаная Вамі ў турме, можа стаць рок-операй. Калі так, дык хто піша музыку? Нехта з Вашых старых сяброў-музыкаў?

— На жаль, старых сяброў-музыкаў у мяне не засталося. Ну, амаль… Сыпанулі дробным гарохам.

Ды не варта пра тое.

«На папсу няма надзеі!» — сказаў некалі мне Уладзімір Мулявін. Было гэта пасля канцэрта на «Славянскім базары», калі на сцэну, каб дагадзіць «генеральнаму прадзюсару» беларускай папсы, выкацілі і паставілі побач з раялем трактары з малацілкамі.

Рок — свабодная музыка для свабодных. Папса — для тых, для каго свабода — тая ж папса. Яна можа быць, а можа й не быць, калі тэлевізар не ўключыць. І, бадай, ніхто гэтак пільна, як рок-музыкі, не вартуе сваю свабодную тэрыторыю. Калі яшчэ толькі ствараўся рух «Гавары праўду», які, як яго ні спрабуюць скампраметаваць, ёсць і застаецца ідэяй вельмі прадуктыўнай, я з Юрыем Шаўчуком гаварыў пра магчымасці пашырэння гэтага руху праз рок-музыку ў Беларусі, Расіі і Украіне. Ён спытаў, хто будзе пашыраць. «У Беларусі, — казаў я, — Міхалок, у Расіі — Вы, на Украіне — Скрыпка». Шаўчук кіўнуў: «Міхалок — так». І паківаў: «А Скрыпка — афіцыянт». Да апошняга сцверджання можна ставіцца як заўгодна, але такі характар рок-музыкі і рок-музыкаў: наўпроставы і скразны. Якраз яго й бракуе нам у нашым папсовым жыцці.

— Вы займаліся калі-небудзь музыкай прафесійна?

— Прафесійна — не. Граў у самадзейным аркестры народных інструментаў у Смаргоні. У 60 х, калі ўжо вучыўся ў Мінску, спрабаваў «стыляць» з сябрамі (адзін з іх — журналіст і пісьменнік Віктар Ледзенеў) у такім дваровым (тады паняцця «андэграўнд» не было) аркестрыку. Былі часы хрушчоўскай адлігі. На Цэнтральнай плошчы Мінска быў знесены помнік Сталіну, нам мроілася свабода. А значыць, рок-н-рол. Мы «стылялі» (стыляць — гэта граць пад некага, са слэнгу музыкаў узнікла слова «стыляга») пад Элвіса Прэслі, Джона Рыда. Спрабавалі перарабляць у рок-н-рол блюзы і джазы Літла Рычарда, Чака Бэры, Карла Перыкса, запісы якіх «на шкілетах нашых бабуляў» (на скарыстаных рэнтгенаўскіх здымках) здабывалі і ў Мінсу, і ў Маскве, і ў Піцеры — дзе толькі маглі.

— Значыць, Ваш раман «Лабух», пра які было столькі спрэчак, узнік не на пустым месцы? Ён аўтабіяграфічны?

— У нейкім сэнсе. Як і толькі што скончаны раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» — пра Мінск 60-х гадоў. У «Лабуху», між іншым, галоўны герой прыходзіць да якой высновы? Да такой, што з року ў папсу, з няўтульнай волі ва ўтульную паднявольнасць, забрысці лёгка, а вось вярнуцца — цяжэй. Ды што там цяжэй — немагчыма вярнуцца ў свабоду, калі ты яе прадаў. Ніхто не вярнуўся, я такіх выпадкаў не ведаю. І гэта хай не наўпроставы, але адказ на вашае пытанне пра маіх старых сяброў-музыкаў, якія некалі ўвасаблялі беларускую песню, а цяпер увасабляюць выключна саміх сябе. Ды нават і не сябе, а тых, каго хоча бачыць у іх «генеральны прадзюсар». Афіцыянтаў. Абслугу.

— У свой час Вы пісалі песні для «Песняроў», «Верасоў», «Сяброў». Шмат якія з іх — «Гуляць дык гуляць», «Караван», «Карнавал», «Музыка для ўсіх» — зрабіліся хітамі, якія і сёння гучаць на абшарах былога СССР. А для «Ляпісаў» нічога не напісалі?

— Не. Калі «Ляпісы» пачыналі, я ўжо песнямі амаль не займаўся. Усяму свой час. Але з іншага боку — ёсць «Машына часу». І да ўсяго можна вярнуцца. Хоць бы ў тэкстах…

Ад жыцця жыццё, як свечку ў храме,
Запалю, каб дагарэць не даць.
Што не даспяваў я з «Песнярамі» —
З «Ляпісамі» можна даспяваць.

У абдымку станем мы на Плошчы,
Дзе каменьчык кожны дарагі,
І высокі вецер запалошча
Бел-чырвона-белыя сцягі…

0
Sm / Адказаць
26.10.2012 / 15:11
Спадар Някляеў, чорт з імі, якія сыпанулі дробным гарохам. Дзякуй вам за ўсё
0
rupar_epohi / Адказаць
26.10.2012 / 16:14
Калі гэта - не поза, то Някляеў, так, - рэспект
0
ваха / Адказаць
26.10.2012 / 16:47
не Карл Перыкс, а Карл Перкінс
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру