Анатоль Сыс.
Надмагілле Сыса ў Гарошкаве.
Можна забіць, і спапяліць,
і прах пусціць на вецер,
а потым людзям абвясціць,
што ён не варты смецця.
Але нябесныя вятры
Ягоны прах па свеце
збяруць, як семя ў макатры,
жывой вадой асвенцяць.
I ўратаваны, з неба Дух
зноў сыдзе чалавекам,
зноў будзе жыць сярод падлюг
ды іх марыянетак.
Ён бажавоўкам праслыве,
прыблудным патарочам,
ніхто яго не праміне,
не плюнуць каб у вочы.
Плююць. Свае і ганакі,
са смехам, без прынукі,
і Духу гэныя пляўкі
страшней за яд гадзюкі.
Ды зганьбаваны сотні раз,
знявечаны натоўпам,
Ён прыйдзе ў самы горшы час
сваім адвечным тропам
да тых, хто выплюнуў душу,
хто ў паднябесных храмах
блюзнерствам замяніў імшу,
а Святароў на Хамаў.
* * *
Анатоль Сыс — адзін з найярчэйшых беларускіх паэтаў канца ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1959 у вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён). Скончыў Гомельскі дзяржуніверсітэт. Быў сярод заснавальнікаў «Тутэйшых».
Разам з Алесем Бяляцкім Сыс арганізаваў першы мітынг на Дзяды1987-га ля помніка Купалу.
Яго зборнікі «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Ягамосць» (2002) сталі паэтычнымі бестселерамі. Літаратурны талент Сыса спалучаўся з эпатажнымі паводзінамі.
Памёр Сыс 4 мая 2005 ад сардэчнага прыступу ў сваёй мінскай кватэры.
* * *
27 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў (Рэчыцкі раён) адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пад назвай «Дух — гэта, людзі, Я!».
У свяце бяруць удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама вядомыя беларускія паэты, барды і гісторыкі.
У тым ліку Эдуард Акулін, Таццяна Беланогая, Вадзім Болбас, Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Андрэй Мельнікаў, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Ларыса Раманава, Міхась Скобла, Сяржук Сыс.
Пачатак свята, а
12-й на Гарошкаўскіх могілках, дзе адбудзецца ўскладанне кветак да надмагільнага помніка паэту.