26.10.2012 / 21:57

У Лунінецкім ліцэі атруціліся школьнікі: больш за 20 вучняў шпіталізаваныя

У ліцэі горада Лунінца (Брэсцкая вобласць) атруціліся школьнікі. Больш за 20 вучняў шпіталізаваны ў інфекцыйнае аддзяленне Лунінецкай раённай бальніцы.

Кепска многім вучням стала 25 кастрычніка пасля абеду. З прыкметамі атручвання — праблемы са страўнікам, высокая тэмпература, ваніты — некалькі чалавек паступілі ў бальніцу ўвечары.

Раніцай 26 кастрычніка ў інфекцыйнае аддзяленне дастаўлена 13 вучняў, якія пражываюць у ліцэйскім інтэрнаце. «Хуткая» забірала падлеткаў і па хатніх адрасах.

Як распавялі самі дзеці, на абед 25 кастрычніка ім давалі вінегрэт, булён, пюрэ і сардэлькі. Пераважна дрэнна стала тым, хто еў вінегрэт.

Медыкі і адміністрацыя ліцэя адмаўляюцца даваць якія-небудзь каментары, у тым ліку па дакладнай колькасці шпіталізаваных. «На занятках не было 30 чалавек, — паведамілі ў ліцэі. — Але гэта з улікам тых, хто хварэе і іншымі захворваннямі, ВРВІ ў тым ліку».

Вучняў, што засталіся ў інтэрнаце, папрасілі раз’ехацца па дамах, субота аб’яўлена непрацоўным днём. Ці будзе ўведзены ў навучальнай установе каранцін, пакуль невядома.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру