кім былі тыя таямнічыя «эксперты» і «спецыялісты», на аснове заключэння якіх малады журналіст Аляксандр Вярбіцкі палічыў магчымым без ценю сумневу заявіць, што абсалютна ва ўсіх канфіскаваных у Лагойскім раёне кніжных выданнях, што належалі былому галоўнаму рэдактару «ARCHE» Валеру Булгакаву, утрымліваецца «сомнительная трактовка истории Беларуси в годы фашистcкой оккупации».

На гэта, праўда, я ад самага пачатку асабліва і не разлічваў, ведаючы сумнавядомую спецыфіку Беларускага тэлебачання. У той жа час пра тое, што ад чарговага выпуску праграмы варта, відаць, чакаць новых «сенсацый», я казаў зусім сур’ёзна — і, як выявілася, ані трохі не памыліўся.

Гэтым разам А. Вярбіцкі, акрамя «ваеннага» нумара «ARCHE» за 2008 год, якім гнеўна махаў у эфіры мінулага выпуску перадачы, узяў у рукі другое (і апошняе з больш чым дваццаці) выданне, цалкам прысвечанае разгляду падзей Другой сусветнай вайны: манаграфію нямецкага даследчыка Марка Бартушкі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941–1944». Непадобна, аднак, што гэтую невялікую паводле аб’ёму кнігу журналіст прачытаў цалкам, бо «экстрэмісцкае» выказванне яму (натуральна, з дапамогай тых жа дасведчаных экспертаў) удалося знайсці ўжо на 7-й старонцы, у прадмове аўтарства вядомага беларускага гісторыка Аляксандра Смаленчука.

У гэтым тэксце, паводле словаў Вярбіцкага, прыводзіцца (о, жах!) «тэзіс, што ў СССР быў распрацаваны сакрэтны план „Гроза“, які прадугледжваў нанясенне прэвентыўнага ўдару на Германію з Беластока і Львова, што лабіруе прамовы гітлераўцаў на Нюрнбергскім працэсе».

Калі паверыць А. Вярбіцкаму на слова, то справа выглядае так, што сп. Смалянчук узяў матэрыялы Нюрнбергскага працэсу, пачытаў, што на ім «прамаўлялі» гітлераўцы, а пасля проста «пралабіраваў» (вельмі дзіўны для ацэнкі зместу навуковых прац тэрмін) іхнае бачанне сітуацыі без аніякай крытычнай ацэнкі інфармацыі. Нават калі б менавіта так і было, то гэта сведчыла б толькі пра нізкі прафесійны ўзровень «лабіста» (бо любы гісторык проста абавязаны ставіцца да крыніц крытычна), але зусім не абавязкова пра ягоную схільнасць да прапаганды «экстрэмізму».

Аднак любому хоць бы мінімальна абазнанаму ў гістарыяграфіі Другой сусветнай вайны чалавеку вядома, што зусім не Смалянчук упершыню публічна заявіў пра магчымае існаванне плана «Гроза» — гэта зрабіў яшчэ ў 1980-х гг. Віктар Сувораў у сваёй сёння шырока вядомай дакументальна-публіцыстычнай кнізе «Ледакол».
А пасля таго пра гэты план было шмат казана-пераказана і пісана-перапісана як самім Суворавым, так і ягонымі шматлікімі прыхільнікамі ды паслядоўнікамі.

Наколькі Віктар Сувораў ды ягоныя паслядоўнікі ў сваіх ацэнках маюць рацыю, адназначна сцвярджаць не бяруся, бо, у адрозненне ад А. Вярбіцкага, не маю моды безапеляцыйна выказвацца па пытаннях, у якіх не я не спецыяліст. Ведаю, аднак, што погляды дадзеных гісторыкаў і публіцыстаў пачынаючы з канца 1980-х гг. свабодна выказваюцца, публікуюцца і, адпаведна, распаўсюджваюцца на ўсёй постсавецкай прасторы, і Беларусь тут — аніякае не выключэнне. Дзеля пацверджання сваіх словаў прывяду толькі адзін, але вельмі характэрны факт:

у склад фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўключаныя ажно 16 (шаснаццаць!) розных выданняў «Ледакола», і ўсе яны даступныя любому чытачу бібліятэкі без усялякага адмысловага дазволу
(ведаю дакладна, бо не так даўно замаўляў асабіста). Увогуле ж у гэтай бібліятэцы даступныя чытачам больш за 150 (сто пяцьдзясят!) выданняў розных твораў Віктара Суворава, асоба якога дагэтуль успрымаецца як жывы сімвал «крайне альтэрнатыўнага погляду на Вялікую Айчынную вайну». Не ведаю, колькі за апошнія два дзясяткі гадоў кніг Суворава абсалютна легальна рэалізавана праз беларускія дзяржаўныя кнігарні — упэўнены, аднак, што гэтая лічба немалая і дакладна ў сотні, калі не ў тысячы разоў перавышае ўвесь наклад няшчаснай кнігі Марка Бартушкі з прадмовай Аляксандра Смаленчука. І гэта калі гаварыць толькі пра працы самога Віктара Суворава — а ёсць жа яшчэ і кнігі ды артыкулы ягоных шматлікіх паслядоўнікаў. Двухтомная праца аднаго з іх, расійскага гісторыка Ігара Буніча, агульным аб’ёмам больш за тысячу старонак так, дарэчы, і называецца — «Операция „Гроза“». Яна пасля першапублікацыі ў 1994 г. вытрымала (з рознымі падзагалоўкамі) ужо як мінімум тры перавыданні, прытым усе яны зноў жа даступныя ўсім ахвотным у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а некаторыя нават не ў адным асобніку.

Гэта калі казаць пра друкаваныя выданні. Але ж імі ўсё не абмяжоўваецца. Напрыклад, і на тэлебачанні вядомы расійскі журналіст Леанід Млечын у 2007 г. адзін з выпускаў сваёй папулярнай аўтарскай праграмы «Асаблівая папка» на канале «ТВ Цэнтр» адмыслова прысвяціў аперацыі «Гроза», больш таго, выказаўшы пры гэтым думку, што Сталін нібыта адначасова планаваў падобную аперацыю і на паўднёвым напрамку, рыхтуючы ваенны ўдар на Блізкі Усход. І што здарылася пасля такой «крамолы», пасля такой непрыхаванай дэманстрацыі «экстрэмісцкіх поглядаў»? Мабыць, «дзёрзкі» журналіст неадкладна адправіўся «парыць нары» ці быў вымушаны плаціць вялізны штраф? Ды не, якраз наадварот — у тым жа годзе прэстыжную прафесійную прэмію «ТЭФИ» атрымаў, а праз два гады — яшчэ адну! І гэта прытым, што Расійская Федэрацыя — таксама далёка не самае райскае месца для вальнадумных гісторыкаў, да нядаўняга часу там нават існавала пры іхным прэзідэнце такое дзіўнае ўтварэнне, як «Камісія па супрацьдзеянні спробам фальсіфікацыі гісторыі насуперак інтарэсам Расіі»!

Вось такая, значыць, у выніку складваецца сітуацыя: дзясяткі гадоў выходзяць дзясяткі і сотні аб’ёмных выданняў расійскіх гісторыкаў з «альтэрнатыўным поглядам на Вялікую Айчынную вайну», расійскія журналісты выпускаюць папулярныя праграмы на тую ж тэму, усё гэта свабодна распаўсюджваецца на шматтысячную і нават шматмільённую аўдыторыю, у тым ліку на беларускую.

А адказваць за гэтую «дзёрзкасць», на думку нашых дамарослых «змагароў з фальсіфікацыяй гісторыі», павінныя беларускія гісторыкі ды выдаўцы за вось гэты адзін-адзіны сказ, надрукаваны ў маланакладнай беларускамоўнай кнізе:
«На самай справе ўжо некалькі гадоў таму расійскія гісторыкі выявілі сакрэтны план аперацыі „Навальніца“ („Гроза“), які прадугледжваў нанясенне прэвентыўнага наступальнага ўдару на Германію з раёнаў Беластока і Львова».

Такім чынам,

крымінальная адказнасць паводле абвінавачвання ў «экстрэмізме» можа пагражаць аўтару прадмовы да кнігі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941–1944» Аляксандру Смаленчуку і адказнаму за выпуск гэтай кнігі Валеру Булгакаву (ды, відаць, і мне, грэшнаму, як навуковаму рэдактару гэтага выдання) ні больш ні менш, як за раскрыццё «таямніцы Палішынэля».
І гэта было б смешна, каб не было так сумна. Бо такое на поўным сур’ёзе агучваецца на ўсю краіну ў эфіры перадачы, якая прэзентуе саму сябе як «самая авторитетная программа криминальной хроники на белорусском телевидении. Беспристрастно о нелицеприятном. Исключительно рафинированная репортерская работа — нужно найти факт и доказательства, а выводы делают зрители. Журналисты программы не учат жизни, они показывают, как учит жизнь тех, кто с ней играет».

Вось ужо сапраўды, выпала нам жыць ды працаваць у стопрацэнтным Каралеўстве крывых люстэркаў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?