У самых людных месцах горада сустракаецца зроблены праз трафарэт надпіс «Спыніце тэрор! Свабоду Дашкевічу!».

Нагадаем, што сёння ў Мазырскай калоніі адбудзецца выязное пасяджэнне суда над палітвязнем — чарговае. Лідару «Маладога фронту» могуць змяніць пакаранне на суравейшае. «Гэта звязана з тым, што Змітра Дашкевіча прызналі злосным парушальнікам рэжыму», — паведаміла намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка, нявеста палітвязня.

Яна дадала, што актывіст не мог стаць злосным парушальнікам рэжыму, бо адразу па прыбыцці ў выпраўленчую калонію № 20 Мазыра быў змешчаны ў штрафны ізалятар, а затым — у памяшканне камернага тыпу. «Дашкевіча чакае яшчэ адзін пакутлівы этап. Я думаю, што яго перавядуць альбо ў турму ў Жодзіна, альбо ў Гродне», — выказала здагадку Наста Палажанка.

Лідар Маладога Фронту паступіў у мазырскую калонію 19 верасня. Праз два дні ён абвясціў галадоўку ў сувязі з «нялюдскімі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага». Пасля пераводу 4 кастрычніка ў памяшканне камернага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, патлумачыўшы гэта тым, што стаўленне адміністрацыі калоніі да яго «кардынальна змянілася ў лепшы бок».

Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязнямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0