Фотавыстава А. Лянкевіча «У яго жаночае імя» пабачыла сьвет у віленскай галерэі «Галера»

Фатограф «Нашай Нівы» Андрэй Лянкевіч у другі раз прэзэнтаваў сваю чорна‑белую фотасэсію жыцьця маладой беларускай лесьбійскай сям’і.

Назва выставы — гэта словы дзяўчынкі‑дачкі, якая распавядала фатографу пра свайго «бацьку».

Першы раз выстава пабачыла сьвет у адной зь менскіх кавярняў. Арганізаваць выставу ў віленскай галерэі мастацтваў «Галера» ўдалося пры дапамозе Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Зазначым, што паглядзець на фотоздымкі сабралася поўная галерэя ахвотнікаў.

Андрэй Лянкевіч кажа, што выстава ў Вільні амаль нічым не адрозьніваецца ад менскай.

Лянкевіч: «Гэта тыя самыя здымкі. Выставы амаль не адрозьніваюцца, толькі фармат крыху іншы. Усё ж такі ў Менску яны віселі ў кавярні, гэта быў збольшага нетрадыцыйны падыход, а тут мы паспрабавалі зрабіць клясычную выставу не зусім традыцыйных здымкаў не зусім традыцыйнай тэмы для самой Літвы, як аказалася пазьней, таму што тут традыцыйнае каталіцкае грамадзтва, каталіцкая краіна, таму да канца не было зразумела, ці будзе гэтая выстава. Было вельмі цяжка, але дырэктар галерэі адстаяў тэму, адстаяў выставу, што вельмі прыемна».

На думку Лянкевіча, падобная выстава — гэта шлях да дэмакратычных пераменаў у грамадзтве.

Лянкевіч: «Трэба зьмяняцца ўсім разам. Мы за дэмакратычныя перамены, перамены ўнутры саміх сябе... Канечне, праз культуру, мы ж не рэвалюцыянэры! (сьмяецца) Вось я не рэвалюцыянэр, напрыклад. Магчыма, нехта праз рэвалюцыю зьмяняе грамадзтва, я зьмяняю па‑простаму, паказваючы людзям саміх сябе, калі яны на саміх сябе глядзяць празь нешта іншае, і тады зьнікае стэрэатыпнасьць, зьнікае штампавасьць, калі трэба размаўляць па‑простаму: «Я — гэта я, таму што да гэтага я стаўлюся так».

Лянкевіч паведаміў, што давялося сутыкнуцца зь нечаканымі цяжкасьцямі пры падрыхтоўцы імпрэзы.

Лянкевіч: «Два месяцы было проста велізарнае змаганьне тут, і дата заўсёды пераносілася, а мне не казалі чаму. І як аказалася, было проста шмат‑шмат такіх праблемных пытаньняў, перапіскай тлумачэньняў пазыцый, і вось сёньня мы гэта зрабілі».

Фатограф падкрэсьліў культурную значнасьць выставы.

Лянкевіч: «Гэтая тэма — гэта заўсёды выстава насуперак. Шмат пытаньняў і шмат праблемаў узьнікае вакол яе. Я ніколі ня мог падумаць, што такая для мяне, напрыклад, вельмі чалавечая і вельмі простая тэма можа выклікаць столькі адмоўных эмоцыяў».

Віленчукі і госьці літоўскай сталіцы маюць мажлівасьць завітаць на выставу да 27 красавіка, калі толькі, паводле Лянкевіча, выставу не прыкрыюць раней.

Сяржук Гаўрыленка, Радыё Рацыя

Глядзі яшчэ:
Галерэя «У яго жаночае імя» на сайце Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0