42-гадовы бортінжынер быў ключавым сведкам па справе пра авіякатастрофу польскага Ту-154 пад Смаленскам.

Следства мяркуе, што гэта было самагубства і пабочныя асобы да смерці Муся не датычныя.

Падчас катастрофы прэзідэнцкага лайнера бортінжынер знаходзіўся ў кабіне Як-40, які прызямліўся за гадзіну да трагедыі ў аэрапорце Паўночны. Праз бартавую радыёстанцыю ён слухаў перамовы экіпажа фатальнага рэйса са смаленскім дыспетчарам. У сваіх паказаннях Мусь казаў, што дзяжурны дазволіў прэзідэнцкаму самалёту знізіцца да вышыні ў 50 м, нягледзячы на густы туман. Паводле афіцыйнай версіі, дыспетчар не дазваляў змяншацца ніжэй за 100 м.

Нагадаем, самалёт, у якім ляцела амаль усё кіраўніцтва Польшчы, разбіўся 10 красавіка 2010 года пры заходзе на пасадку на аэрадром Паўночны ў Смаленску. Загінулі ўсе 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Міжнародны авіяцыйны камітэт, расследаваўшы катастрофу, назваў адказнымі пілотаў. Таксама эксперты прыйшлі да высновы, што на пілотаў прэзідэнцкага Ту-154 ціснуў галоўнакамандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Польшчы Анджэй Бласік, у крыві якога быў выяўлены алкаголь. Польшча неаднаразова выказвала нязгоду з гэтымі высновамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?