29.10.2012 / 13:57

«У Паўднёвай Карэі могуць зладзіць «100 дзён» — 14 гадзін на працы і выхад у суботы» 4

Onliner.by расказвае пра беларусаў, якія выправіліся па лепшы лёс і доўгі даляр у далёкія краіны.

Не ва ўсіх атрымліваецца замацавацца на новай зямлі, нават калі гэта суседняя Польшча ці Масква. Што ж перажываюць тыя, хто абівае парогі працадаўцаў на Манхэтэне або ў туманным Альбіёне? Ці, як у сённяшняй гісторыі, у малазнаёмай нам Паўднёвай Карэі? Дзяніс скончыў хімфак БДУ і наважыўся на пералёт у прыгарад Сеула, каб стаць часткай велізарнай карпарацыі Samsung, яе хімічнага падраздзялення.

Нашаму герою дзесьці пашанцавала — ён хоць і скончыў бюджэтнае аддзяленне галоўнай ВНУ краіны, але пад размеркаванне не трапіў, бо працягнуў навучанне ў аспірантуры. Кандыдацкую дысертацыю абараняў у Маскве, дзе застаўся на пару гадоў працы ва ўніверсітэце. У Карэю трапіў, можна сказаць, выпадкова: «Адчуўшы неабходнасць пераменаў, паглядзеў, што прапануюць нашаму брату ў плане папрацаваць, ну і… неяк вось так!»

Вядома, не ўсё так проста.
Як у любой вялікай кампаніі, працэс працаўладкавання быў абвіты бюракратычным плюшчом і складанымі алгарытмамі гутарак. Так, спачатку Дзяніс запоўніў стандартнае рэзюмэ працадаўцы па яго ж шаблоне. Затым, пераадолеўшы першы бар’ер, выслаў прэзентацыю пра сябе ў вольным фармаце. І, нарэшце, сустрэча з прадстаўніком карпарацыі ў Маскве. «Было даволі міла», — дзеліцца ўспамінамі наш герой.

Дзяніса прынялі ў Samsung і прапанавалі пераехаць у Карэю. Але, як можна меркаваць, задача гэта, з улікам вялізнай адлегласці, мякка кажучы, нетрывіяльная.

— Кампанія аплачвае пераезд у межах нейкай сумы — у яе ўваходзяць квіткі на работніка і членаў сям’і, а таксама перавоз рэчаў, — кажа наш суайчыннік. — Я па дурасці набраў дзве валізкі і потым шкадаваў: усё роўна свабодна стаўлюся да вонкавага выгляду і нашу абмежаваную колькасць футболак і джынсаў. Пераехаў я ў горад Сувон, гэта зусім побач з Сеулам — сюды нават даязджае сталічнае метро. Тут куча падраздзяленняў Samsung і, як вынік, даволі шмат рускамоўнай публікі.

Хто бываў у далёкіх азіяцкіх краінах, ведае, як яны моцна адрозніваюцца ад звыклага нам ладу жыцця. Звыклага ва ўсім — ад дробных бытавых асаблівасцяў да ментальнасці людзей.

— Дзівіцца я, прызнацца, не перастаю да гэтага часу, аднак спачатку праз джэт-лаг усё ўспрымалася прасцей, вядома… — працягвае Дзяніс. — Уладкоўвацца асабліва не давялося: па кантракце кампанія дае жыллё з тэхнікай і мэбляй (аж да зубных шчотак), карпаратыўны транспарт спыняецца за два крокі ад дома — зручна!

У Карэю з Дзянісам паляцела і жонка, ужо цяжарная. Так што новы грамадзянін Беларусі з’явіўся ў Карэі.

Дарэчы, Дзяніс адзначае падабенства архаічнага сямейнага ўкладу ў нас і ў карэйцаў: мужчына тут — асноўны здабытчык, а жанчына больш арыентаваная на побыт.
Але на гэтым усё. У астатнім Карэя і Беларусь — планеты з розных галактык.

— Вось вам прыклад. Часцяком мясцовыя жыхары заказваюць ежу на дом, і старанныя кур’еры, спрабуючы дагадзіць заказчыку і «абагнаць» як мага больш кліентаў, нясуцца на ўсіх парах на сваіх матаролерах насуперак правілам дарожнага руху, пастаянна трапляючы ў дробныя ДТЗ. Нясуцца па ходніках, па дзіцячых пляцоўках! — кажа Дзяніс. — Убачыўшы гэта ўпершыню, прызнаюся, зусім інстынктыўна хацеў выпісаць пендаля, бо ў нашым разуменні гэта чыстае жлобства!

Аднак любы карэец ведае, што жыць трэба «палі-палі» («хутчэй-хутчэй»), і гэта галоўная асаблівасць тутэйшага менталітэту, гэтым нават прынята крыху ганарыцца.
І матаролер на дзіцячай пляцоўцы праз спешку кур’ера, — нармальная сітуацыя, да якой усе паставяцца з разуменнем. Палі-палі!

— Што больш за ўсё здзіўляе тваіх карэйскіх таварышаў у табе?

— Шчыра кажучы, не магу пахваліцца багаццем таварышаў сярод мясцовага насельніцтва. Тут дастаткова рускамоўных калегаў (з Беларусі, дарэчы, народу хапае), гэта выдатна ратуе! Што здзіўляе, магу толькі здагадвацца, магчыма, мой (на іх погляд) пафігізм і невялікае жаданне старанна ўбудоўвацца ў рэкамендаваную строгую іерархічную структуру.

Дзяніс працягвае:

— Да ежы прывыкаў проста — паслухаў парады больш дасведчаных таварышаў, разабраўся з тым, што можна есці, а што не варта, і з таго часу адчуваю сябе выдатна. Тут ёсць нават стравы накшталт нашых скварак альбо нават дранікаў!

Карэйцы — дзіўныя людзі. Яны шчыра лічаць, што змена пораў года ёсць толькі ў іх, і не вераць, што такія ж «цуды» адбываюцца ў далёкай Беларусі. Што дзесьці яшчэ ёсць зіма са снегам, вясна з кветкамі, лета з спякотай і восень з лістападам! Уяўленні пра Расію (пра Беларусь ведае добра калі кожны дзясяты) стандартныя: холадна, мядзведзі і КДБ.

Дзяніс з задавальненнем кажа пра сферу абслугоўвання: «Гэта тое, што не перастае падабацца нават пасля трох гадоў пражывання».

— Тут імкнуцца дагадзіць кліенту. Так, вельмі распаўсюджаныя «собісы» (гэта прамоўленае на карэйскі манер ангельскае слова «сэрвіс»), што палягае ў адорванні пакупніка дадатковымі «нішцякамі». Напрыклад, замовіў у інтэрнэт-краме для дзіцяці распашонку — а табе яшчэ і шкарпэткі з шапачкай паклалі!

Вядома, усё гэта суправаджаецца «палі-палі» і бясконцай ветлівасцю.

— Але ёсць і праблемы. Нягледзячы на вельмі добры ўзровень аснашчанасці і арганізаванасці медустановаў, тут пануе разгубленасць у незвычайных сітуацыях, да якіх можна аднесці адукаванасць пацыента, свой погляд на дыягназ, жаданне атрымаць не агульныя рэкамендацыі, а абследавацца ў розных дактароў і г.д.

Карэйцы вельмі старанныя, але і вельмі алгарытмічныя
(«катлеты з бульбай і тэфтэлі з рысам, а катлеты з рысам не паложана!»), і гэта можа выяўляцца і ў медабслугоўванні (хоць, паўтаруся, у цэлым усё вельмі прыстойна), і ў мясцовым ДАІ (хоць і тут грэх скардзіцца), і пры падаткаабкладанні.

— Ці пасябраваў ты з карэйцамі? Як яны наладжваюць прыяцельскія сувязі? Ці адкрытыя да іншаземцаў?

— Прызнацца, не асабліва. Раскланьваюцца і міла ўсміхаюцца, пытаючыся дзяжурна «як маешся?», але гэта не сяброўства. Адносіны тут пачынаюць будавацца з роспытаў пра ўзрост, шлюб, дзяцей (калі першы хлопчык — гэта плюс), адукацыю. Усе гэтыя звесткі патрэбныя, каб зразумець тваё месца ў іерархіі і каб было ясна, як з табой мець зносіны — пагардліва, паблажліва (з прычыны, напрыклад, таго, што ты на паўгода маладзейшы) або падкрэслена паважліва (з прычыны, скажам, таго, што да Samsung ты быў на пазіцыі Assistant Professor).

Дзяніс адзначае, што з іншаземцамі карэйцы не асабліва адкрытыя — ім хутчэй цікава.

Многія чулі пра жорсткія парадкі ў карэйскіх карпарацыях. Маўляў, нельга, напрыклад, сысці з працы раней, чым твой бос. Ці ледзь не ў абавязковым парадку — звышурочныя гадзіны, выхад на працу ў суботы. Быццам нейкі спаборніцкі дух з суседнімі краінамі — Японіяй і Кітаем. Як насамрэч?

— Усё так, але гэта датычыць у першую чаргу карэйцаў і толькі потым замежнікаў, — працягвае Дзяніс. — Мне пашанцавала: начальнік у гэтым плане не самадур. А вось у нашых калег з іншага горада не так даўно зладзілі «100 дзён» — з панядзелка да пятніцы на працы быць з 8:00 да 22:00 і ў суботах мінімум 4 гадзіны. Пры гэтым не так і важна, ці ёсць праца (можаш проста драмаць у офісе), галоўнае — прысутнічаць!

Дзянісу не здаецца, што ва ўсім гэтым ёсць спаборніцкі элемент з суседнімі «азіяцкімі тыграмі».

— У Кітаі ж ніхто не ведае, што які-небудзь карэйская містэр Пак на гэтым тыдні нават у суботу да 23:00 пісаў справаздачу! Проста ёсць устаноўка, што «трэба заўсёды і ва ўсім араць». Думаю, не такая і дрэнная ўстаноўка… Хоць часам заданні ў стылі «праца дзеля працы» раз’юшваюць, гэта ёсць.

Дзяніс — хімік, і працуе ён над хімічнымі крыніцамі току. Кажа, што наша адукацыя і вопыт цэняцца да таго часу, пакуль ты здзіўляеш эфектыўнымі рашэннямі.

— Як толькі з цябе будзе няма чаго ўзяць (а ўзяць можна нават такую дробязь, як «белы твар у нас на паверсе» ці «а ты праўда вось гэтую чарку гарэлкі выпіць можаш?»), думаю, ад цябе пазбавяцца. Але не рэзка штурхнуць з прычыны скарачэння штата, а вельмі акуратна і з ушанаваннямі не падоўжаць кантракт і (пасля тыднёвых папоек з начальнікамі розных узроўняў) аплацяць зваротны білет і падзякуюць за супрацоўніцтва.

— Якую кар’еру можа зрабіць у Карэі беларус? Ці ёсць непераадольныя прыступкі?

— Ніякую! Вырасці ад інжынера да старэйшага інжынера. Да галоўнага дарасці — наўрад ці, гэта трэба, каб адразу ўзялі на галоўнага інжынера. Але без мовы і «карэйскага радаводу» і гэта складана. Ёсць прыклады адваротнага, але пакуль гэта хутчэй выключэнні.

Дарэчы, мову Дзяніс вучыць кінуў «за непатрэбнасцю» — больш ці менш хапае ангельскай.

— Да чаго ты ніколі не прывыкнеш у Карэі?

— Да таго, што кіроўцы аўтобусаў, таксі і аўтамабіляў уключаюць дурня, адварочваюць твар і «крадуцца» на чырвонае святло. Ну і да падкрэслена гучнага чхання або чвякання за сталом прывыкнуць ніяк не ўдаецца.

— Што параіш тым, хто першы раз прыязджае ў краіну?

— Не парыцца — цябе тут ніхто не кране, і гэта самы галоўны плюс гэтай краіны.

— А тым, хто шукае тут працу?

— Напэўна, у Карэі лепш ісці працаваць у вытворчасць, у кампанію, пажадана буйную, тыпу Samsung, LG і гэтак далей.

— Ці гатовы ты вярнуцца ў Беларусь?

— Правакацыйнае пытанне! Скажу так: хоць перад ад’ездам у Карэю (у якой я ўжо 3 гады) я пражыў 5 гадоў у Маскве, усё роўна я вельмі сумую па Беларусі.

0
Несцераў / Адказаць
29.10.2012 / 14:55
Не здарма ў беларускай мове "азіят" — лаянкавае слова. "Азіят ты, замучыў мяне саўсім". Карацей, хай яны там дзесьці на краю зямлі і жывуць. Нам у Беларусі іхнага брата не трэба.
0
afrocore / Адказаць
29.10.2012 / 15:45
Ага, конец оказался немного предсказуем. Обе кореи - более-менее мононациональные государства; получить гражданство южной кореи почти нереально, исключение составляют бывшие граждане Кореи, бежавшие от корейской войны, ныне проживающие на Тайване, ну и некоторые другие... Ну а если еще и забить болт на местный язык и вращаться среди таких же русскоязычных... Да ну его, лет 5 можно поработать, а потом лучше свалить в другое место - в Сингапур, хотя там муравейник еще тот...
0
дедушка Пак / Адказаць
29.10.2012 / 16:40
получить гражданство южной кореи почти нереально, исключение составляют бывшие граждане Кореи, бежавшие от корейской войны, ныне проживающие на Тайване, ну и некоторые другие... -------------------------------------------------------------------------------------------------- а зачем получать гражданство Юж.Кореи? Человек поработал там, денег заработал, опыта набрался. Можно в другую страну работать переезжать. Благо, есть что в резюме написать.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру