Мікалай Карпянкоў

Мікалай Карпянкоў

Карпянкоў стараўся не трапляць у аб'ектывы фотакамер.

Карпянкоў стараўся не трапляць у аб'ектывы фотакамер.

Палкоўнік Карпянкоў загадам міністра прызначаны начальнікам упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (УНіПГЛ).
У прэс-службе МУС гэтую інфармацыю пацвердзілі, аднак не змаглі сказаць, якім днём датаваны загад. «На мінулым тыдні ці раней», - толькі і ўдалося пакуль ад іх пазнаць.
Папярэднік Карпянкова -- палкоўнік Аляксандр Гаўрылаў, які ўзначальваў упраўленне з 2008 года, - сышоў у адстаўку па дасягненні 50-гадовага ўзросту: 9 кастрычніка ён адзначыў юбілей.
Казалі, што Аляксандру Уладзіміравічу прапаноўвалі падоўжыць кантракт яшчэ на пяць гадоў, аднак ён адмовіўся. Да месца заўважыць, што сыход Гаўрылава яго падначаленыя ўспрынялі са шкадаваннем. У той жа час чуткі пра тое, што на яго месца прыйдзе Мікалай Карпянкоў, былі ўспрыняты без энтузіязму. Але, як кажуць у гэтым асяродку, - загады не абмяркоўваюцца.
Што тычыцца Карпянкова, то пра яго нічога не было чуваць амаль два гады.
27 снежня 2010 г. тагачасны міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў сваім загадам вызваліў яго ад займанай пасады камандзіра спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС. На месца Карпянкова быў прызначаны выхадзец з Памежнага камітэта палкоўнік Віктар Зураеў.

Як паведамляла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, «гэтае прызначэнне звязана з пераводам Мікалая Карпянкова на іншую пасаду ў сістэме Міністэрства ўнутраных спраў і абумоўлена мерапрыемствамі ў МУС, накіраванымі на павышэнне эфектыўнасці аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў у барацьбе са злачыннасцю і гарантаванне грамадскай бяспекі ў краіне. Кіраўніцтва міліцэйскага ведамства адзначае сумленную шматгадовую працу Карпянкова і высока цэніць яго асабісты ўклад у падтрыманне правапарадку ў Беларусі».

Якую пасаду ўвесь гэты час займаў палкоўнік Карпянкаў - невядома. Пра яго наогул мала звестак.
Мікалаю Мікалаевічу 44 гады. У 1992-1994 гадах ён з'яўляўся камандзірам баявой групы падраздзялення «Беркут», на базе якога ў 1994 годзе і быў створаны «Алмаз». Затым служыў у «іншых месцах», з іх вядома толькі адно: служба бяспекі прэзідэнта. Спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» Карпянкоў ўзначаліў у 2003 годзе. У лютым 2004-га ўказам прэзідэнта яму было датэрмінова прысвоена званне палкоўніка.
Спецыфіка службы Карпянкова была такая, што ён стараўся не трапляць у аб'ектывы фотакамер. Амаль на ўсіх фотаздымках яго твар размыты.
Падобна на тое, што гэтая традыцыя выконваецца да гэтага часу. На сайце МУС - толькі прозвішча, імя новага начальніка, няма нават кароткага паслужнога спісу. У прэс-службе МУС заўважылі, што гэта «неабавязкова». А вось Аляксандр Гаўрылаў свой твар не хаваў. Больш за тое, пасаду начальніка УНіПГЛ разумее цалкам канкрэтную публічнасць. І Гаўрылаў цесна кантактаваў з журналістамі, з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, удзельнічаў у прэс-канферэнцыях, даваў інтэрв'ю. Паколькі Беларусь удзельнічае ў шэрагу значных міжнародных праграм па барацьбе з наркотыкамі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, то былы начальнік УНіПГЛ даволі часта выязджаў у краіны Заходняй Еўропы.
Варта заўважыць, што экс-камандзір «Алмазу» не ўваходзіць у лік беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕС, хаця трапіў у поле зроку СМІ яшчэ ў 2006 годзе, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта.
Тады казалі, што менавіта пад кіраўніцтвам палкоўніка 2 сакавіка 2006 г. байцы «Алмаза» затрымалі і збілі каля Палаца чыгуначнікаў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, які спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам трэцяга Усебеларускага народнага сходу.

... Заўсёды меркавалася, што для службы ў крымінальным блоку міліцыі, куды ўваходзіць УНіПГЛ, і для кіраўніцтва такімі падраздзяленнямі патрабуецца сур'ёзны вопыт аператыўнай працы. Які меўся, напрыклад, у Гаўрылава і ўсіх яго папярэднікаў.

Няўжо цяпер у МУС кадравая праблема настолькі вялікая, што ў крымінальным вышуку больш не засталося прафесійных сышчыкаў?
Ці агульная крымінагенная сітуацыя настолькі абвастрылася, што і ў «інтэлектуальных» структурах МУС патрабуецца сілавы падыход і кантроль?

А можа, каманда вярнуць палкоўніка Карпянкова ў строй паступіла зверху, ды з падыходзячых толькі гэтая пасада была вакантнай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?