Кадры з тамтэйшых выбарчых участкаў уразілі: чэргі, даўжэзныя чэргі! Народ пёр як шалёны, пры тым што буфэтаў з танным бургундзкім не заўважалася :)

У нас падобнае бывае хіба калі да скрыняў прыводзяць шыхтом жаўнераў. Петась айчынныя памежнікі, напрыклад, "адстраляліся" на сваіх участках ужо да сярэдзіны дня 19 сакавіка. І, як адрапартавала ведамасная прэсавая служба, амаль што пагалоўна (98,1%) аддалі галасы галоўнакамандуючаму.

Увогуле ж на леташніх выбарах у нас датэрмінова прагаласавала 31,3% электарату. Прасачыце дынаміку: на выбарах-2001 было каля 14%, на рэфэрэндуме-2004 — каля 17%. Калі так пойдзе, дык хутка асноўны дзень галасаваньня стане атавізмам :)

У Францыі на ўчорашніх выбарах прагаласавала каля 85%. Трохі не дацягнулі да леташняга беларускага паказчыку (92,9%), але перавысілі лічбу нашых выбараў-2001 (82,55%).

Галоўнае ж, як вы разумееце, якасьць паказчыкаў.

Такі айчынны фэномэн, як пяцідзённае датэрмінованае галасаваньне (і тым болей выраз "у добраахвотна-прымусовым парадку"), увогуле цяжка патлумачыць Захаду. Але факт тое, што без аніякага адміністрацыйнага шчыраваньня актыўнасьць французаў учора аказалася значна большай, чым пяць гадоў таму. Нібы натхніліся патэтычным заклікам газэты "Фігаро": "Свобода ня ёсьць банальнай рэччу. Яна рэдкая, калі падлічыць краіны, дзе гэтае фундамэнтальнае права чалавека паважаецца. Дык карыстайцеся ім. Галасуйце!".

Аналітыкі тлумачаць бум электаральнай актыўнасьці жаданьнем убачыць новых дзейных асобаў на палітычнай сцэне. А галоўнае — прагаю рэальных зьменаў. У французаў стае праблем. Іхняя дэмакратыя, як і дэмакратыя ўвогуле, не стварае зямнога раю. Але, ва ўсякім разе, не дае ператварыць дзяржаву ў вотчыну.

"Францыя стамілася ад сваіх элітаў", — канстатуе "Лібэрасьён".

Стары Шырак адчуў, што ягоная песенька спетая, і прадбачліва выйшаў з гульні. Хаця іхняя канстытуцыя гэтая ж прагрэсіўная, як і наша :) Ніякіх лімітаў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў!

Канчатковую перамогу 6 траўня экспэрты прадракаюць Сарказі. Ён, дарэчы, дасылаў ліст падтрымкі Мілінкевічу напярэдадні Дня волі. Але рэч не ў лісце. Сарказі ўвогуле выглядае здольным да болей рашучай і актыўнай пазыцыі ў беларускім пытаньні. Хаця, канешне ж, у любым выпадку ўплыў Парыжу на гэтае пытаньне — далёка не вырашальны.

У нас прапагандуюць чарку ды скварку (болей вытанчаны варыянт — "беларускую стабільнасьць") як альтэрнатыву разбуральнай стыхіі пераменаў. У Францыі ж, як трапна зазначае маскоўская газэта "Время новостей", падыход да жыцьця іншы: "Усе без выключэньня хочуць па-ранейшаму смачна есьці, але яшчэ і абавязкова пераменаў".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?