Прадпрымальнікі гомельскага гандлёвага цэнтра «Сакрэт» 27 кастрычніка падпісалі дагаворы арэнды з новым уласнікам — ТДА «НП-Сэрвіс». Арэндная стаўка будзе павышана на 10%, а камунальныя плацяжы зніжаныя на 20–25%.

У ГЦ працуе прыкладна 400 прадпрымальнікаў, у якіх узнік канфлікт з новым уласнікам гандлёвага прадпрыемства з-за павышэння арэнднай платы з 45–55 да 120 еўра за квадратны метр. Таксама работнікі ГЦ былі абураныя новымі праектамі дагавораў, дзе прапісаныя «кабальныя ўмовы». Прадпрымальнікі звярнуліся па дапамогу да мясцовых уладаў, якія правялі дасудовае ўрэгуляванне канфлікту, і да РГА «Перспектыва», кіраўнік якога, Анатоль Шумчанка, неаднаразова прыязджаў у Гомель, каб аказаць арганізацыйную і юрыдычную падтрымку работнікам ГЦ.

23 кастрычніка ў аблвыканкаме прайшла нарада з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, новага ўласніка і прадпрымальнікаў.
Па выніках нарады начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Марына Крывунь паведаміла: «Мы ўласніку дакладна далі зразумець, што няма падстаў для ўзняцця арэнднай платы і ніхто не дасць уласніку самавольнічаць, сваіх прадпрымальнікаў мы не кінем».

Пра новыя ўмовы дамовы паведаміў Анатоль Шумчанка: «Мы рады, што ўдалося адстаяць правы прадпрымальнікаў і заключыць новыя дагаворы на прымальных умовах. Асаблівасцю гэтых дагавораў яшчэ з’яўляецца тое, што яны заключаныя на тэрмін 5 гадоў, а раней заключаліся на тэрмін ад трох да 11 месяцаў. Нас пачулі. У гэтым выпадку шмат зрабіў Савет прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтра, нельга не адзначыць і дзеянні мясцовых уладаў, якія падтрымалі работнікаў ГЦ».

Шумчанка адзначыў, што 46 прадпрымальнікаў падпісалі новыя стаўкі дагавораў арэнды, па якіх арэнда ўзрасла ў два-чатыры разы. «Мы, РГА „Перспектыва“, прапаноўвалі прадпрымальнікам аб’яднацца і быць кансалідаванымі. Але некаторыя не паверылі нам, пайшлі і падпісалі новыя дагаворы па павышаных стаўках. А цяпер уласнік сказаў, што тыя дагаворы пераглядаць не будзе. Гэта прыклад усім, што ў канфліктных сітуацыях вельмі важна змагацца за свае правы разам, а не тайком падпісваць дагаворы», — заявіў Шумчанка.

Ён спадзяецца, што новы ўласнік будзе мець партнёрскія адносіны з прадпрымальнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?