Ilo&Friends паказалі трэйлер да фільма «Прастытутка» да праекта «Тузін. Немаўля». А пераможцам конкурснай часткі стаў мінскі гурт «Нельга забыць».

Назва гурта «Нельга забыць» нездарма выглядае літаратурным пазычаннем. Музыкі прызнаюцца, што назву ўзялі ў Караткевіча: так пісьменнік назваў свой раман, пазней перайменаваны ў «Леаніды не вернуцца да зямлі». З музычнага спектакля на «Леаніды…» і распачаў гурт сваю дзейнасць у 2009 годзе. Пазней музыкі перайшлі на ўласны рэпертуар, з якога сфармаваўся тэматычны цыкл «Месца моцы». Менавіта ён прынёс перамогу гурту на «Бардаўскай восені — 2012» і цяпер мае шанец быць запісаным у прафесійнай студыі.

Праўда, даўні сябра фестывалю Міхал Анемпадыстаў заўважыў, што журы не мела адзінага меркавання наконт пераможцы.
Лявон Вольскі бачыў у якасці найлепшых выканаўцаў гурт Dzivasil, але яму давялося застацца пры сваім меркаванні, бо астатнія сябры журы яго не падтрымалі. Са сцэны абедзве фармацыі выглядалі добра, аднак стылёва іх аніяк не параўнаеш. Калі «Нельга забыць» прынамсі на фестывалі паказаў схільнасць да медытатыўнай музыкі, то Dzivasil робіць акцэнт на народныя спевы ў аўтарскай аранжыроўцы. Так што нядзіўна, што журы цяжка было прыйсці да адзінадушнага рашэння. Былі адзначаныя таксама гурты Dzivasil і Helisa, а ўдзельніца гурта The Perfect Life Святлана Трапук атрымала спецыяльны прыз ад Радыё Рацыя.

Бельскі гурт Helisa мала асацыяваўся з бардаўскай песняй, але прымусіў парадавацца, што моладзь Падляшша ўсё яшчэ робіць нешта па-беларуску. Бо хоць «Бардаўская восень» і задумвалася найперш для падляшскай беларускай аўдыторыі, мясцовыя каманды заўсёды тут у меншасці. Сёлета з 13 канкурсантаў толькі два маюць мясцовую прапіску.

Увогуле 19-ы фестываль «Бардаўская восень» наўрад ці моцна адрозніваецца ад папярэдніх. Пераважная большасць выканаўцаў добра знаёмая падляшскай публіцы. Сёлета гралі BosaeSonca, Relikt, Лявон Вольскі ды Зміцер Вайцюшкевіч. Пра мясцовы Ilo&Friends і гаварыць няма чаго — салістка Ілона Карпюк на фестывалі проста свая. Яе гурт быў задзейнічаны на двух важных фестывальных днях, але з рознай праграмай. У Беластоцкай оперы, дзе праходзіў другі канцэрт, Ilo&Friends не толькі сыгралі свае найлепшыя творы, але і паказалі трэйлер да праекта партала Tuzin.fm «Немаўля». Цалкам пабачыць нямое кіно «Прастытутка» і пачуць да яго жывы акампанемент у выкананні згаданага калектыву можна будзе ў Мінску 25 лістапада. Таксама вядома, што Ilo&Friends выступяць з эксклюзіўным канцэртам у паб-клубе «Графіці» 24 лістапада.

Бадай, адзіным гуртом-неканкурсантам, які паўдзельнічаў у «Бардаўскай восені» ўпершыню, стаў праект Ганны Хітрык Sounduk.
Ганна так завяла залу, што адпускаць яе ніхто не збіраўся нават пасля адмазкі «ў нас закончыліся беларускамоўныя песні». Давялося другі раз выконваць дзіцячую песню «Чаму?» на словы Андрэя Хадановіча. Словы: «Чаму такая трындзючая ў навінах вядучая?» — проста даводзілі абазнаную ў беларускіх рэаліях публіку да экстазу.

Што да іншых цікавостак сёлетняй «Бардаўскай восені», адзначым, што Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў адразу два новыя праекты — песні на вершы Рафала Ваячка і песні на турэмную тэматыку. Пра апошні праект спявак гаворыць, што сам пакуль не ведае, як яго сустрэнуць. Супольна з Генадзем Бураўкіным яны мелі на мэце стварыць хоць якую-небудзь альтэрнатыву расійскамоўнаму шансону і прыцягнуць да беларускай музыкі новую аўдыторыю.

Як толькі скончыўся фэст, арганізатары са Звязу беларускай моладзі пачалі думаць пра наступны, які будзе ўжо 20-м па ліку. Трэба думаць, што сюрпрызаў на юбілейнай «Бардаўскай восені» будзе яшчэ болей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?