Місія МВФ працавала ў Мінску з 18 па 29 кастрычніка з мэтай правядзення трэцяга постпраграмнага маніторынгу беларускай эканомікі. Выніковая справаздача місіі будзе абмяркоўвацца саветам дырэктараў МВФ. Эксперты фонду сустрэліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка, Міністэрства эканомікі, службовымі асобамі Адміністрацыі прэзідэнта.

«Для перамоў па магчыма новай праграме па-ранейшаму неабходная згода ўсіх службовых асоб, у тым ліку на самым высокім узроўні,
адносна ўсёабдымнага пакета мер эканамічнай палітыкі, які атрымае дастатковую падтрымку з боку краін — членаў МВФ», — падкрэсліў Хофман.

У МВФ лічаць неабходным, каб такі пакет мер прадугледжваў паслядоўную палітыку, скіраваную на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці, і абавязацельства рэалізоўваць глыбокія структурныя рэформы.

На думку МВФ, ключавыя структурныя рэформы павінны ўключаць: лібералізацыю цэн, умацаванне права прыватнай уласнасці, распрацоўку стратэгіі рэструктурызацыі і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў і ўвядзенне адрасных сацыяльных дапамог, а таксама дапамог па беспрацоўі для абароны найбольш уразных слаёў насельніцтва.

«Для забеспячэння ўстойлівага росту аб’ёмаў вытворчасці і даходаў, а таксама стабільнага павышэння ўзроўню жыцця, акрамя мер макраэканамічнай палітыкі вельмі неабходныя глыбокія структурныя рэформы. Неадкладнасць такіх рэформ хутка нарастае ў сувязі з нядаўнім уваходжаннем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што павышае міжнародную канкурэнцыю для беларускіх прадпрыемстваў, а таксама ў сувязі з узмацненнем міграцыі кваліфікаванай працоўнай сілы за межы Беларусі. Для пераадолення гэтых з’яў патрабуецца значнае і ўстойлівае павышэнне прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці», — заявіў Хофман.

Некалькімі гадзінамі раней на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што Беларусь разлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з фондам.

«Мы мяркуем, што Беларусь з улікам вялікай праведзенай працы можа разлічваць на праграму з фондам, — сказаў прэм’ер. — І я думаю, што гэта будзе даведзена да выканаўчых дырэктараў і да палітычнага кіраўніцтва фонду».

Мясніковіч адзначыў, што, мяркуючы па аб’ёме матэрыялаў, пададзеных місіяй да сустрэчы ва ўрадзе, на працягу 11 дзён яна дастаткова эфектыўна працавала ў Беларусі. Паводле слоў прэм’ера, ён у прынцыпе падтрымлівае высновы місіі. Аднак «па некаторых пазіцыях», выказаў меркаванне Мясніковіч, у экспертаў, магчыма, не было дастаткова інфармацыі. «І ў гэтай сітуацыі высновы назіраюцца не зусім аб’ектыўныя», — сказаў кіраўнік урада.

«Я думаю, вам дадзена магчымасць пераканацца ў тым, што ўрад з Нацыянальным банкам паслядоўна забяспечвалі стабілізацыю эканомікі», — заявіў Мясніковіч. Гэта, паводле яго слоў, у нейкай ступені адпавядае тым рэкамендацыям, якія былі пададзены папярэдняй місіяй.

У першую чаргу, адзначыў прэм’ер, удалося стабілізаваць сітуацыю на валютным і спажывецкім рынках.

«Мы выйшлі на бездэфіцытны бюджэт, забяспечваем рост золатавалютных рэзерваў. Пры гэтым поўнасцю забяспечваем абслугоўванне знешняга доўгу і планавыя бюджэтныя прызначэнні. Калі паглядзець на сальда нашага знешнегандлёвага балансу, яно таксама станоўчае, і нават калі выкарыстоўваць методыку розных рахункаў, розных падыходаў, то мы дастаткова паспяхова прадаем на экспарт прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння і сельскай гаспадаркі», — заявіў Мясніковіч.
«Чаму мы гаворым аб неабходнасці нарошчвання экспарту як аб прыярытэце?
За гэтым ідзе і макраэканамічная стабілізацыя. Мы, як прафесіяналы, разумеем гэта вельмі добра», — падкрэсліў кіраўнік урада. Пры гэтым ён дадаў, што тэмпы інфляцыі, вядома, не задавольваюць беларускі бок, але яны знаходзяцца ў межах прагнозу. «Таму нам хацелася б, каб у заключных дакументах місіі МВФ былі адлюстраваны гэтыя і іншыя моманты», — рэзюмаваў Мясніковіч.

Беларусь ужо супрацоўнічала з МВФ па праграме stand-by, у рамках якой са студзеня 2009 года па красавік 2010 года атрымала ад фонду крэдыт у 3,6 млрд. долараў. Беларускі бок неаднаразова заяўляў пра зацікаўленасць у рэалізацыі новай праграмы з МВФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?