Пра тое, што асфальт кладуць проста ў лужыны, газеце «Intex-press» паведаміла чытачка. Яна пабачыла гэта ў Паўднёвым мікрараёне горада.
Па словах чытачкі, на яе заўвагу рамонтнікі адказалі. «Мы разумеем, што гэта глупства, але начальства сказала — трэба рабіць».
Ва УКРБП «Баранавічырамбуд», якая займаецца рамонтам гэтага ўчастка вуліцы, «Intex-press» паведамілі, што тэхналогія дазваляе ўкладваць асфальт у такое надвор'е.
Аднак прадстаўнік адной з дарожных арганізацый Баранавічаў у каментары выданню выказаў сумненні на гэты конт.
«Нарматывы, быць можа, і дазваляюць укладку асфальта ў такое надвор'е, але на практыцы падобнымі эксперыментамі займацца не варта.
Сёння ў горадзе, напрыклад, амаль на ўсіх участках, дзе праводзіцца замена дарожнага пакрыцця, праца стаіць — ніхто не рызыкуе займацца рамонтам у такое надвор'е. Бо аснова, на якую ўкладваецца асфальт, павінна быць сухой — гэта адно з найважнейшых патрабаванняў, каб атрымаць якаснае асфальтабетоннае пакрыццё»,— адзначыў ён.
На думку спецыяліста, хутчэй за ўсё стан гэтай вуліцы настолькі абурыў аўтамабілістаў і адміністрацыю бліжэйшых крамаў, што дарожнікі, стаміўшыся ад скаргаў, махнулі рукой на якасць.
У Мінску зноў клалі асфальт у ваду – фотафакты