Супрацоўнікамі Першамайскага РУУС Мінска па падазрэнні ва ўчыненні серыі крадзяжоў з аўтамабіляў затрыманыя трое маладых людзей. Група дзейнічала з пачатку кастрычніка, спецыялізавалася на арыгінальных каўпаках аўтамабіляў «Пежо», «БМВ», «Таёта», «Аўдзі», «Мазда», «Мерседэс», «Рэно».

Як расказалі ў ГУУС Мінгарвыканкама, трое зламыснікаў выязджалі на аўтамабілі аднаго з іх па начах і здымалі каўпакі з аўтамашын, прыпаркаваных у дварах і ўздоўж вуліц у Першамайскім раёне. Колькасць крадзяжоў даходзіла да сямі за ноч. Украдзенае завозілі ў арандаваны гараж па вуліцы Шырокай і рэалізоўвалі праз інтэрнэт па кошце ад 20 да 40 долараў за камплект каўпакоў.

Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў оперупаўнаважанымі аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС непасрэдна ў гаражы спачатку быў затрыманы адзін са зламыснікаў, другога і трэцяга дапамаглі затрымліваць байцы АМАП ГУУС каля дома па вуліцы Красіна і на адным з гарадскіх рынкаў. Двум падазроным па дваццаць гадоў, трэцяму (раней судзімаму за крадзеж) — дваццаць чатыры гады.

Частка выкрадзенага канфіскаваная. Пры гэтым колькасць украдзенага сведчыць аб тым, што не ўсе пацярпелыя звярталіся з адпаведнымі заявамі ў міліцыю. Цяпер супрацоўнікі крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС правяраюць дачыненне затрыманых да аналагічных злачынстваў, у тым ліку і ў іншых раёнах горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?