Леанід Шчамялёў. Партрэт Яўгена Куліка.

Леанід Шчамялёў. Партрэт Яўгена Куліка.

Таццяна Сяргееўна -- малодшая сястра мастака.

Таццяна Сяргееўна -- малодшая сястра мастака.

Фота Яўгена Куліка стаіць на яе стале.

Фота Яўгена Куліка стаіць на яе стале.

Яўген Кулік. Скульптура Льва Гумілеўскага, паказаная падчас выставы, прысвечанай мастаку ў 2004.

Яўген Кулік. Скульптура Льва Гумілеўскага, паказаная падчас выставы, прысвечанай мастаку ў 2004.

У самым пачатку 1960-х у лёсе Яўгена Куліка адбыўся пераломны момант — ён перайшоў на беларускую мову, -- расказвае сястра вялікага мастака Тамара.

«Ён зрабіў гэта прынцыпова, калі па-беларуску ў горадзе размаўлялі лічаныя людзі. Гэта быў мужны крок.

Проста адчуў сябе беларусам, зразумеў, колькі ўсяго каштоўнага і неацэненага ў беларускай культуры і гісторыі».

Яўген Кулік — эпахальны беларускі мастак.

Якім ён быў у жыцці? Сястра мастака Тамара Сяргееўна падзялілася ўспамінамі з «НН».

«Сям’я ў нас вельмі простая, звычайная — узгадвае спадарыня Тамара. — Бацькі былі неадукаваныя, дзякуй Богу, дзеці адукацыю атрымалі. Мама, Вольга Антонаўна, скончыла курсы лікбезу ў 20-я, бацька, Сяргей Гаўрылавіч, — два класы царкоўна-прыхадской школы. Дзяцей у сям’і было трое. Я была найменшая, мяне замыкалі ў хаце, калі ўсе сыходзілі.

У мяне з Яўгенам розніца — шэсць гадоў, і ён апекаваўся мною.
Пакідаў сшытак і даваў мне заданне — прапісваў некалькі старонак з кручкамі і палачкамі, і я ўсё гэта перапісвала. А ён пасля ставіў мне адзнакі. Таму ў першы клас я прыйшла падрыхтаваная».
Схільнасці да мастацтва з’явіліся ў Яўгена Куліка з самага дзяцінства.

«Старэйшая сястра расказвала: у вайну сям’я наша жыла на рагу Інтэрнацыянальнай і Камсамольскай, у старым доме з вельмі шырокімі падваконнямі, — кажа спадарыня Тамара. —

Паперы не было, дык Яўген маляваў на падваконні. Пасля мама змывала, і ён ізноў маляваў.
Шкада, не захаваўся Яўгена дзіцячы агульны сшытак, там на кожнай старонцы былі яго малюнкі. Там быў выдатны партрэт Гогаля.
Школьнікам ён хадзіў у мастацкі гурток, пад кіраўніцтвам Алега Луцэвіча.
Падчас хваробы Яўген узяў з сабой у шпіталь альбом і алоўкі, а вынікі пасля паказаў кіраўніку, і той надта ўразіўся. Падарыў Яўгену пэндзлікі і фарбы. Тады гэта было асабліва каштоўна».

Не менш, чым малюнкамі, Яўген цікавіўся кнігамі.

«Чытаў усё, што пад руку траплялася. — усміхаецца сястра. — Пасля вайны везлі неяк кнігі на макулатуру на вялікім возе. Дык Яўген бег за возам і выторгваў кнігі адну за адной.
Ці яшчэ, памятаю, як вяртаўся са школы: ідзе і чытае. Прыпыніцца, стаіць і працягвае чытаць».

Праз гэта Яўген Кулік стаў сапраўдным эрудытам. Спадарыня Тамара ўзгадвае:

як яны глядзелі першыя выпускі «Што? Дзе? Калі?», дык Яўген адказваў на ўсе пытанні, апроч вузканавуковых.
Ці мог тыдзень разгадваць крыжаванку, каб у ёй не засталося ніводнага неразгаданага слова, шукаў адказы ў кнігах.

Спадарыня Тамара паказвае кнігі, праілюстраваныя Яўгенам.

Асаблівую ўвагу надае «Песні пра зубра». Гусоўскі на партрэце — як дзве кроплі вады падобны да мастака.
Паэма натхняла, ён працаваў з вялікім захапленнем. З большай самааданасцю працаваў хіба толькі над эталонам «Пагоні».
«Для нас тое, што эскіз Яўгена стаў эталонам, было вялікай радасцю, вялікім гонарам, —
кажа сястра. — У 1991 годзе, калі Беларусь аднавіла незалежнасць, паўстала пытанне пра новую дзяржаўную сімволіку. Увазе камісіі былі прапанаваныя некалькі варыянтаў „Пагоні“, найлепшым з якіх прызналі эскіз майго брата. Такую адказную справу нельга было зрабіць без абмеркавання з калегамі, без кансультавання з гісторыкамі.
Вялікую дапамогу ў гэтай працы Яўгену аказаў Уладзімір Крукоўскі, за што брат быў яму вельмі ўдзячны».

Першая персанальная выстава Куліка адбылася ў 2004 годзе — праз два гады пасля яго смерці. Гледачоў уразіла рознабаковасць яго таленту.

«Яўген быў вельмі сціплы чалавек, — кажа спадарыня Тамара. — Вельмі дабразычлівы, неканфліктны. Я не памятаю, каб мы калі-небудзь сварыліся, магчыма ў дзяцінстве.

Ён, калі трэба якая дапамога, хоць ноч на гэта заб’е, але зробіць, што трэба.
Ён быў мне не толькі брат, але верны-верны сябар. Калі ён памёр, быццам зямля абрынулася».

* * *

Яўген Кулік

нар. 31 кастрычніка 1937 у Мінску. Мастак, вядомы найперш стварэннем эталону герба «Пагоня», графічнымі серыямі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Паўстанне 1863 г. у Беларусі». Аформіў дзясяткі кніг, у тым ліку «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. Яшчэ ў савецкі час Майстэрня Куліка «На паддашку» (на сённяшнім праспекце Незалежнасці, насупраць КДБ) стала месцам збору дэмакратычна настроенай інтэлігенцыі. Памёр Яўген Кулік 12 студзеня 2002 года. Яму было 65 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?