Найлепшы спосаб аблаяць як мага большую колькасць народу — гэта правесці класіфікацыю. Я вырашыў класіфікаваць беларускую недзяржаўную прэсу. Піша Мікола, калгасны слесар з‑пад Пухавіч.

Плоцяць у калгасе мала. Апошні раз атрымаў 70 тысяч за месяц. Грошай на кілбасу не хапае. Але нядаўна прыязджала вядомая журналістка Таццяна М., кілбасы прывезла. Сказала, што трэба артыкул напісаць для нейкага «Абажура» (мабыць мянушка такая). Пра дэмакратычную прэсу і як яна да апазіцыі ставіцца. Тады яшчэ кілбасы прывязе. Газеты я з дзяцінства люблю. І радыё слухаю. Чаму б і не напісаць? Што я есці хачу меней, чым які небудзь прадажны журналюга? Але не паспеў спытаць у Таццяны, што гэты «Абажур» хоча, каб я каго‑небудзь хваліў ці лаяў? Падумаўшы, вырашыў, што калі б трэба было хваліць, то Таццяна напэўна б сказала каго. Значыць — мачыць. Але каго? Вырашыў на ўсялякі выпадак аблаяць усіх. Хай гэты «Абажур» лішняе выкіне, а дзе трэба назвы падставіць.

Як вядома са станоўчага вопыту майстроў заказной журналістыкі, лепшы спосаб аблаяць як мага большую колькасць народу — гэта правесці класіфікацыю. Я вырашыў не выдумляць новага і правесці класіфікацыю рупараў сусветнага імперыялізму. Глядзіце, што атрымалася.

1. Баявыя лісткі

Звычайна — бюлетэнь ,які накладам 299 асобнікаў выдае кожная паважаючая сябе партыя для ўнутранага карыстання. Цікавы толькі яе актывістам і спецслужбістам, якія на падставе перахопленых на пошце бюлетэняў пішуць дакладныя начальству, пачынаючы са словаў: « Как сообщил наш источник внутри...». Калі партыя багатая, партыйны баявы лісток набывае форму агульнанацыянальнага медыя. Нягледзячы на пастаянныя напаміны кшалту: «Мы — незалежная газета (рэсурс)», партыйная лінія ўпарта выпірае з яго. Таму ён не цікавы шырокай публіцы. Мне нават лаяць іх нецікава. Але пачакайце — дайце разагрэцца.

2. Газета платных палітычных аб’яў

Гэта толькі зайздросны піпл і асобныя філолагі лічаць, што недзе за мяжой ёсць негр, які друкуе на станку даляры ( бо на БТ яго паказваюць штодня ) і да гэтага негра рэгулярна з торбамі ездзяць рэдактары апазіцыйных газет і кіраўнікі апазіцыйных партый. На вялікі жаль, гэта няпраўда. Ніхто бедных рэдактараў нідзе не чакае , рэкламу не размяшчае, за паперу, друк, памяшканне, тэлефоны не плоціць. А яшчэ ж і есці хочацца. Прыходзіцца блукаць па добрых людзях з працягнутай рукой. А тут вакол рэдакцыі натоўп апазіцыйных палітыкаў таўчэцца. У парламент іх не пускаюць, па TV не паказваюць , за дэманстрацыі содзяць. Ну дзе ім яшчэ бедным таўчыся, каб пра сябе самых лепшых і перспектыўных заявіць? Карацей кажучы, узнікае канкурэнцыя за права ціскануць чарговую заяву ці лёсавызначальную падзею партыйнага жыцця на старонках газеты. Натуральна, што рэдактар кажа — хочаце, каб было дзе друкаваць вашыя заявы, то дапамажыце газеце. Расцэнкі боскія. Можна выкупляць плошчу ўраздроб, можна браць палосамі. Не дапусціць друкавання канкурэнта каштуе даражэй. Усе задаваленыя. Рэдактар — бо трэба выпрошваць меньш грошай, палітыкі — бо дэманструюць сваю наяўнасць, чытачы — бо газета выходзіць і большая яе частка друкуецца ўсё ж не па замове. А ўлічваючы, што права выказацца мае кожны, хто заплаціў, то і пэўны плюралізм назіраецца. Незадаволеныя толькі тыя, хто грошай не мае. Але што вы ў палітыцы без грошай робіце? З другога боку – здзейсніце подзвіг і мы абавязкова напішам, колькі вам за гэта даў суд.

Карацей кажучы, цалкам уваходжу ў становішча, разумею і не асуджаю.

3. Надзімальнікі дзіравых паветраных шарыкаў

Прыватны выпадак папярэдняга, калі у нейкага палітыка завяліся някепскія грошы і ён гатовы значную частку іх патраціць на стварэнне свайго светлага вобразу. Звычайна — гэта навічок у палітыцы, якому абламілася значная сума і ён ня ведае, куды яе дзець. Структур, здольных з’есці любыя грошы за ім няма, застаецца прэса.

У гэтым выпадку палітыку ня трэба напружваць мазгі і самому нешта пісаць. На дапамогу прыходзяць прафесіяналы‑журналісты. Паслядоўна і мэтанакіравана (пакуль не скончацца грошы) яны лепяць вобраз Героя — Адзінага ўратавальніка Краіны (скарочана — ГАУК). Любы яго крок, рух, чых адразу робіцца на старонках медыя падзеяй сусветнага масштабу. Яго магчымыя канкурэнты патроху прышчымліваюцца, у лепшым выпадку замоўчваюцца. Медыя ператвараецца у насос, які напампоўвае фігуру палітыка, нібыта паветраны шар, да велічных памераў. Але ўсё добрае раней ці пазней скончваецца. Грошы таксама. Як толькі «паліва» перастае трапляць у насос, ён глохне. Фігура ГАУКа адразу пачынае здзімацца, паціху вяртаючыся да ранейшых памераў . І потым яшчэ доўга палітычныя вятры ганяюць пустую абалонку былога ГАУКа з аднаго канца партыйнага спектру ў другі.

4. Стваральнікі каралёў

Клінічны выпадак і вынік лагічнага развіцця папярэдніх. Здараецца, калі журналісты, расчараваўшыся ў палітыках, бяруць справу ў свае рукі і вырашаюць самім скіраваць палітычны працэс да хуткай і бяспрэчнай перамогі дэмакратыі. Тут да матэрыяльнага кампаненту дадаецца цвёрдая ўпэўненасць, што іхні ГАУК — сапраўдны ГАУК. Калі ў папярэднім выпадку дапускаецца суіснаванне на старонках аднаго медыя некалькіх ГАУКаў (абы плацілі), то тут сапраўдную манаполію атрымоўвае толькі адзін. Усе ягоныя канкурэнты бязлітасна знішчаюцца. Кожны рух ГАУКа — гэта подзвіг, любое дзеянне яго канкурэнтаў (калі яно не ігнаруецца медыяй) — страшэнны правал. Нават рэпрэсіі злачыннага рэжыму ў адносінах да канкурэнтаў ГАУКа з’яўляюцца справядлівымі і бясспрэчнымі. Аналагічныя рэпрэсіі да неканкурэнтаў застаюцца злачыннымі.

І вось, надзьмутага да велізарных памераў ГАУКа выводзяць на рашучую бітву з гідрай рэжыму . Гэта нагадвае праход баксёра‑прафесіянала па зале, дзе адбудзецца ягоная бойка з супернікам, да рынга. Героя суправаджае натоўп прыхільнікаў, трэнераў, дарадцаў. Яны масіруюць ягоныя біцэпсы‑трыцэпсы, шэпчуць парады і адштурхоўваюць канкурэнтаў, якія пакрыўджана мармычуць, што яны б выступілі лепей. Гледачы вітаюць ГАУКа авацыямі. Ён ідзе, выкрыкваючы пагрозы і абразы ў бок гідры рэжыму. Ён абяцае даць ёй паміж рагоў па лысай галаве, падраць на дробныя запасныя часткі, выкінуць на сярэдзіну праезджай часткі, бэсціць апошнімі словамі увесь ейны род. І вось ён на рынгу. Замах... Напалоханая гідра рэжыму заплюшчвае вочы і задам адпаўзае ў бок аэрадрому Мачулішчы, дзе ўжо гудуць маторамі самалёты, каб прыняць яе і залаты запас.

Але ў момант замаху з героям нешта здараецца. Я ўяўляю сабе гэта так. У адпаведнасці з законамі жанру у момант замаху ўсе ягонае жыццё праносіцца у героя перад вачыма. Ён бачыць сваё дзяцінства. Ён сядзіць на каленях у мамы (таты) у вясковым клубе (летнім кінатэатры) і глядзіць на чорна‑белы экран, дзе танчаць і спяваюць дзіўнымі галасамі босыя мужчыны з кругленькімі пузікамі у белых кашулях і кальсонах, а таксама жанчыны з голымі таліямі ў складачкі... Карацей кажучы, героя раптоўна прабівае на гандзізм. Ён разумее, што не можа проста так ўзяць і ляснуць жывую істоту па галаве. Яго рука бяссільна апускаецца. Герой паварочваецца і знікае за спінамі канкурэнтаў, што штурхаюцца з‑заду. Тыя, неспадзявана апынуўшыся сам‑насам з гідрай, таксама імкнуцца за спіны Іншых. Натоўп імкліва рассыпаецца. На плошчы застаюцца адны дзеці і жанчыны. Заслона.

Далейшае развіццё падзей магчыма па аднаму з двух варыянтаў.

Варыянт 1. Расплюшчыўшы вочы і не ўбачыўшы небяспекі, разьюшаная гідра разяўляе пашчу і ... наш герой ператвараецца ў пакутніка. На старонках ягонага медыя надоўга завісае пытанне з аднаго украінскага анекдоту, якое задало «малєсєнко гарнєсєнко цуцєнятко Муму поганому москалю Герасіму»: «За что?». Пры кантактах са стваральнікамі гэтага героя ў мяне звычайна адбываецца наступны дыялог.

ЖУРНАЛІСТ: Ну што, недаацаніу ты яго. Ты бачыў, як ён ішоу, як крычаў?

Я(наіўна): А што ж не ляснуў?

ЖУРНАЛІСТ(збянтэжана): Ну дык... Нявопытны яшчэ.

Раіць яму наступнага ГАУКа спачатку патрэніраваць хаця б на кошках я, з‑за уласцівай кожнаму калгаснаму слесару далікатнасці, не наважваюся.

Варыянт 2. Гідра не вельмі напалохалася і не вельмі раззлавалася на

ГАУКа. Магчыма, ня так крычаў ці лёг у першым раўндзе ці яшчэ што. ГАУК — живы і на свабодзе. Ягоная медыя з рупара рєвалюцыі таксама ператвараецца ў паслядоўніка гандзізму. Уяўляю, як у рэдакцыі ў сары гуляюць босыя журналісткі з голымі таліямі (цікава, са складачкамі ці без?). Яны вядуць паміж сабой дыскусіі. Як, напрыклад, маральна сябе павесці ў выпадку нападу у цемным завулку, каб выпадкова не нанесці фізічнай ці, крый божа, псіхалагічнай траўмы ахвотніку да журналісцкага цела.

Журналісты – таксама босыя мужчыны ў белых кашулях і кальсонах, але чамусці без кругленькіх пузікаў, вітаюць адзін другога словамі: «Беларусь — Індыя : бхай‑бхай».

Самы горшы выпадак, калі розныя медыі ствараюць розных ГАУКау.

Напрыклад ,газета NN стварае ГАУКа №1 і мочыць №2. А газета WW, наадварот — стварае ГАУКа №2 і мочыць №1. У выніку чытачы — прыхільнікі ГАУКа №1 перастаюць набываць газету WW, чытачы — паслядоўнікі ГАУКа №2 — газету NN, а чытачы — непрыхільнікі ГАУКіады — пасылаюць абедзьве гэтыя газеты.

5. Лаяць усіх, каб выжыць

Безумоўна, кожная медыя цвёрда ведае, каго ёй нельга чапаць. Напрыклад, табу для рэгіянальных медыяў — мясцовае начальства. Тыя, хто думалі па іншаму, ужо ня з намі. Цэнтральныя медыі, акрамя пары інтэрнэт‑рэсурсаў, ніколі ўсур’ёз не чапаюць ГБ, што наводзіць на сумныя развагі.

Хваліць рэжым і лаяць апазіцыю нельга — «СБ» гэта робіць лепш і каштуе меней, ды і аўдыторыю згубіш. Лаяць ўладу і хваліць апазіцыю — зачыняць.

Што ж рабіць? Выйсце ёсць. Трэба лаяць усіх — і ўладу і апазіцыю. Тады і аўдыторыя застанецца і ўлада не кране. Бо хто чытае такія газеты? Тыя, хто ўладу і так ня любіць. І тут яна нічога не губляе. Але разам з уладай апазіцыйныя чытачы газеты пачынаюць не любіць і апазіцыю. Галоўнае, ня трэба саромецца, а аднолькава мачыць абодвух і вас ніхто не кране. Гарантавана.

Усе задаволеныя. Улада — тым, што мочаць апазіцыю сярод яе патэнцыйных прихільнікау. Гэтыя прыхільнікі — тым, што можна супакоіць сумленне і не выпаўзаць пад дубінкі на плошчы на заклікі нейкай прыдуркаватай апазіцыі.

Газета — тым, што яна можа не палохацца ліквідацыі ды пры гэтым яшчэ ганарыцца сваёй мужнай апазіцыйнасцю. Не задавалена адна апазіцыя, дык гэта яе ўласныя праблемы.

6. Не лаяць нікога, каб выжыць

Такія медыі косяць пад салідныя еўрапейскія выданні. Толькі інфармацыя, ніякай лаянкі. Чытачы вядуцца, пачынаюць лічыць газету за саліднае аб’ектыўнае выданне. Яе аўдыторыя расце, запаўзаючы на нейтральнае поле. І у гэтым — галоўная небяспека для такіх газет. Калі колькасць чытачоў перасягае нейкую крытычную мяжу, гідра рэжыму адплюшчвае адно вока і пачынае ім разглядаць гэтую газету. Потым, пазяхнуўшы, зноў разяўляе пашчу і ...

7. Дупло

Гэта, калі газета хоча вырашыць праблему фінансавання сваёй барацьбы супраць злачыннага рэжыму за кошт самога рэжыму. Тады яна арганізуе на сваіх старонках «дупло». Кожны служка рэжыму можа, папярэдне заплаціўшы газеце, падкраўшыся ноччу, вывярнуць праз гэта дупло вядро з брудам на галаву свайму калегу па барацьбе за цёмную будучыню краіны. Той, крыху ачомкаўшыся, таксама бярэ вядро і, заплаціўшы вядома, ноччу крадзецца да дупла.

Усе задаволеныя. Газета — бо выходзіць і мае раскошу быць нейтральнай да палітыкаў. Чытачы — бо за адны грошы атрымоўваюць дастаткова аб’ектыўную газету ды яшчэ задавальненне назіраць за боем быкоў у стане чынавенства.

Незадаволеныя адны толькі служкі рэжыму, але гэта іх уласныя праблемы. Дарэчы, рэдактара такой газеты лёгка пазнаць на дыпламатычных прыёмах. Чыноўнікі, з апаскай паглядаючы, аб нечым шэпчуцца за яго спіной, а сам ён мае выгляд чалавека, які занадта шмат ведае пра людзей, і таму крыху расчараваны ў жыцці.

Але, зноў жа, нішто добрае не бывае вечным. Нарэшце служкі рэжыму разумеюць, што іх разводзяць. Яны ідуць да гідры рэжыму, падаюць на калені і доўга б»юцца галавой аб падлогу. Гідра, паслухаўшы іх, разяўляе пашчу.

Дупло забіваюць калодай і замазваюць цэментам.

8. Сексуал‑дэмакраты

Вельмі цікавая газета. Звычайна чытаць яе пачынаюць з апошніх старонак, дзе друкуюцца парады да сексуальнага жыцця, анекдоты ды проста фотаздымкі амаль што голых дзевак. Потым, наталіўшы духоўную смагу, чытач вяртаецца да першых старонак, дзе знаёміцца з чарговымі злачынствамі рэжыму і чытае заклікі да барацьбы з ім. Добра падыходзіць да сямейнага чытання, бо такую газету чытаюць нават жонкі апазіцыянераў. Як кажуць мудрыя людзі — усё ў жыцці чалавека «счэплена з полам». Таму газета цікавая для многіх і яе аўдыторыя паступова расце, ахопліваючы ўсё новыя шэрагі былых камсамольскіх актывістак бальзакаўскага ўзросту. Але галоўнае тут — пачуццё меры, густ. Калі дзеўкі на апошняй старонцы занадта аголеныя, а артыкулы на першай — занадта злобныя, узнікае пачуццё дысбалансу. Гэта як у часопісе «Плэйбой» надрукаваць апошні варыянт Стратэгіі аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Хаця, калі ў «Плэйбоі» ёсць раздзел «Мазахізм», то... Стоп, мне гэта не замаўлялі.

Дысбаланс у газеце можа абразіць пачуццё гармоніі ў пяшчотнай і так лёгка ранімай душы гідры рэжыму. Тады яна разяўляе пашчу і ... газета адпраўляецца ў астрал. Цьфу ты, у віртуал.

Ну ўсё, хопіць — шэдэур гатовы. Узважваю яго на далоні. Колькі атруты, ажно пальцы пячэ. І жоўць, сцякаючы, капае на падлогу, з шыпеннем прапальваючы ў ёй дзіркі. Ды тут не толькі на некалькі кіло сыравяленай, тут на добрую хатнюю паляндвіцу пацягне! Толькі б «Абажур» не кінуу з аплатай. Таня М., дзе ты?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?