- Кожны чалавек у сваім жыцці павінен
пасадзіць дрэва,
пабудаваць дом…
(застольная псеўдамудрасць,
канец ХХ стагоддзя).
Дзень хіліўся да вечара. Пад разлапістаю ігрушай сядзела Адэлька і вязала ў вянкі цыбулю. Цыбулька сёлета не надта ўдалася. Ведама, гарачыня ўсю зямельку ссушыла ды шчэ груша гэтая сокі з гарода цягне, хоць не родзіць амаль. Папраўдзе ніколі не было з дрэва добрай садавіны. Саджанец Адэлька з мужам яшчэ тады, у далёкай маладосці, выкапалі ў садзе местачковага яўрэя. Падмануў местачковец. Ігрушы былі дробныя, каравыя, не ўгрызці, а пасля зусім звяліся. А цяпер мала што не расце нічога, дык і голле два акны засціць, вільгаць ды цвіль не зводзіцца ў хаце. Колькі разоў прасіла ссекчы грушу, але дарэмна. Цяпер ужо няма каму ані пілаваць, ані секчы. Год як няма ў яе мужа, і чацвёрты дзень — сына.
Мужык яе, Ігнат, хварэў. Апошнія тры гады рэдка ўставаў з ложка, ляжаў лежма што п’яны, што цвярозы.Ногі не трымалі, сэрца калацілася, мог, падняўшыся, грымнуцца. А як звалася тая хвароба, Адэлька і не ведала. Доктар з хуткай дапамогі неяк прыязджаў да суседкі, паглядзеў Ігната дый кажа: «Што ж вы хочаце, гады ўжо. Яму б у бальніцу абследавацца…»
Ды хто ж яго ў той бальніцы даглядаць будзе, на чым яго везці? Баяўся туды класціся. Мо і правільна. Не ад хваробы і памёр. Пры жыцці лячыўся націркамі на гарэлцы. Часцей у вантробы прымаў, чым націраўся.
А Адэлька цягнула на сабе і хату, і гарод, і яго глядзела.Сын Вова з горада ўцёк, на бацькаўшчыну вярнуўся. Спачатку маці ўзрадавалася: дапамога будзе. Хату на Вову перапісала. А яно вунь як выйшла! Стары грошы з пенсіі прыхавае ды Вову аддасць, а той у краму. Глыкчуць разам пасля, сварацца. І крычала, і прасіла, і страшыла… Ды дзе там!
За дзень да смерці Ігнат аб ганак бразнуўся, ладна пабіўся, гузак на лбе, рука ўся сіняя. А назаўтра, як у горад паехала, напіліся з сынам. Ці атруціўся сурагатам, ці проста перабраў — невядома. Прытэпала адвячоркам з аўтобуса, а ён нежывы. Бабы ж у вёсцы прыдумалі, нібы гэта Вова бацьку да смерці выцяў. Першыя дні, як пачуе Адэлька такую звягу, коршакам кідалася: «Не чапаў Вова бацькі! Таўхануць мог, калі стары пішчом у вочы лез, а біць не біў! Ігнат сам стукнуўся».
Але яе ўпартасць толькі пераконвала вяскоўцаў у праўдзівасці плёткі: «Скуль яна ведае? У горадзе ж была. На двары моцна крычаў нехта, а чалавек то ці тэлевізар — хто знае? Шыла ў мяшку не ўтоіш».
Аднак пагаманілі і забыліся. Мінуў год.
А сынок піў, а тады набраў сабе нечага ў галаву ды ў хляве павесіўся.
«І чаго ж ім не жывецца, га? Божухна… Усё ж ім ашчаджала. Ніколі не паляжала хвілінкі спакойна… І наварана было і прыбрана», — каторы раз падумала Адэлька. А слёз не было. Толькі здранцвенне суцэльнае і туга, што за апошнія гады сталася заўсёднаю бабінай сяброўкай.
— Во паўдуркі гэтыя Маньковічы! Штогод хаваюць, — лапаталі людзі.
— Віна Вову замучыла, што бацьку на той свет адправіў, — папоўз з хаты ў хату працяг даўняй плёткі. Ды Адэлька, скамянелая, учарнелая ад гора, не мела моцы сварыцца, даказваць сваё. Усё перамяшалася ў галаве: мана і праўда, ява і здані. Сын прыходзіў у снах і чамусьці толькі маленькім.
— Маўчыць. Значыць, сказаць няма чаго, — па-свойму адрэагавала вёска.
Адэлька маўчала. Пахавала сына. Сталы зладзіла. А на чацвёрты дзень узялася парадчыць цыбулю, каб рукі заняць працаю. Яна і сама была падобная да той цыбулькі — дробненькая сухенькая бабулька ў выцвілай жоўтай хусцінцы.
Адэлькаю нарадзілася, Адэлькаю замуж ішла, Адэлькай век дажывае. Адальфінай Францаўнай давялося пабыць толькі ў сельсаветаўскіх квітанцыях.Калісьці такое звыклае, а сёння рэдкае яе поўнае імя было непрыдатным для штодзённага існавання. Непрыдатным, як ігруша пад акном. І як зрабілася цяпер непрыдатнаю вялізная — не прапаліць — хата. На халеру ёй адной такі клуб. Праўда, ёсць яшчэ дочкі, Аня з Валяй. Ды толькі Аня замужам, за светам, аж у Сібіры. Зусім хворая: рукі пакруціла. Яна нават на хаўтуры не прыязджала, даслала грошы на вянок. І Валя з райцэнтра не паказваецца: купіла лецішча ля горада. Пасля таго як маці хату на Вову перапісала, сказала: «Раз тут майго нічога няма, дык я сюды не паеду. Насіся са сваім алкаголікам!»
Павязаўшы ўсю цыбулю, старая ўзяла два вянкі і пашкрэбала ў хату, якая пасля смерці Вовы спусцела і здавалася яшчэ большай.А ў астатнім усё было па-ранейшаму: цыгарэтны пах уеўся ў сцены, пад койкаю ляжаў Воваў чаравік з падраным носам.
Пакінуўшы цыбулю на цвіках ля печы, Адэля адчыніла лядоўню і ўбачыла рэшткі вэнджанай каўбасы, што засталіся ад сталоў. Апетыту не было, але раз на падносіку нарэзана — трэба з’есці. «Чым дабру прападаць, дык няхай жывот лопне» — усплыло занатаванае ў памяці продкаў, задоўга да Адэльчынага з’яўлення на свет. Яна ўзяла кавалак і пачала старанна пераціраць яго аскепкамі зубоў, яшчэ да канца не верачы ў саму магчымасць есці павольна.
У тое, што ніхто не адбярэ, не спыніць уладнымі словамі: «Пакінь мне».У тое, што нават не з’едзенае сёння застанецца ляжаць на падносіку, ніхто не кране без дазволу, не вынесе на закуску сабутэльнікам, якія зжаруць усё без меры і разбору. Адэлька з асалодаю прыгадвала смак вэнджаніны, а пачуццё віны нібы існавала незалежна ад яе асобы, пачало дакараць і гнясці нават за гэтае хвіліннае, маленечкае, выпакутаванае задавальненне: «Во, сынок у зямлі сырой, а я жыву і прысмакі ем». Але на гэты раз страўнік узяў верх над розумам.
Акно было расчыненае. На суседавым падворку сядзелі бабы. Паглядаючы ў бок Адэльчынай хаты, Пракопчыха з Юстынаю гучна засакаталі:
— Дзяцей пагадавала, а адна як бізун засталася.
— Маўчы ты, раз адплакала, затое хоць пад старасць пажыве па-чалавечы. Той жа Вова…
Змучаная Адэлька ўсё яшчэ ласавалася каўбасой ад жалобнага стала. І раптам, нібы старая чарапаха вылузнулася з панцыру, яна на імгненне зрабілася ранейшай Адэлькай, якой была, пакуль туга не ўбіліся ёй у таварышкі. Увішная, вострая на язык кабета, якая не цярпела звягі ды абгавораў, выскачыла на ганак ды гаркнула на ўсю вуліцу:
«Па сваім паплачце, сарокі дурныя!»
Юстына з Пракопчыхаю аж знямелі ад нечаканага адпору. «Мае, якія ні былі, а па чужых дварах не цягаліся, як каторыя злодзеі ды цюрэмшчыкі», — біла па самым балючым Адэлька. Бо сыны Пракопчыхі, не кажучы пра Юстынінага мужыка-нябожчыка, таксама святыя не былі.
— Мы ж нічога. Мы ж, Адэлька… — урэшце ачомалася Юстына.
Але Адэльцы было ўжо ўсё адно, чарапаха зноў схавалася ў панцыр. Аднекуль усё выразней чуўся бусліны клёкат. Перад адлётам у вырай буслы збіраюцца ў чародкі і разам вандруюць па наваколлі. Белыя і чорныя, усе разам яны ляцелі над вуліцаю ў мяккіх сонечных промнях адвячорку. А ўнізе маленькая сагнутая постаць, ледзь шкрэбаючы, цягнула кудысьці свой апошні вянок цыбулі.
***
Таццяна Барысік, пісьменніца. Жыве ў Магілёве. Працуе настаўніцай.