Юльян Пшыркоў у 1953.

Юльян Пшыркоў у 1953.

З маладым Алесем Адамовічам (злева) на першамайскай дэманстрацыі ў 1960.

З маладым Алесем Адамовічам (злева) на першамайскай дэманстрацыі ў 1960.

Першую ў сваім жыцці манаграфію пра творчасць пісьменніка прачытаў у 1951. На вокладцы стаяла: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць», а аўтарам быў Юльян Пшыркоў.
Кніга была прыемнай неспадзяванкай: абяцала расказаць пра паэта, які духоўна няўзнак ужо быў прапісаны ў нашым доме. Маці спявала на паэтавы словы задумліва ціха:

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая,
Што маё сэрца да вас парывае,
Чым так прыкованы я?..

Словы, мелодыі гэтыя ляглі ёй на душу з маладосці, з 20-х гадоў, калі паэзія Купалы і Коласа ў Заходняй Беларусі была на слыху, сталася дзейнікам нацыянальнага ўсведамлення народа.

Быў і ў мяне з юнацкіх гадоў у памяці свой Якуб Колас. Асобныя вершы з чытанак і хрэстаматый у нейкія моманты паклікаліся прамовіць уголас. Як вось гэты:

Голасам моцы, ціха і важна
Гром пракаціўся ўгары.
Луг адазваўся грому працяжна,
Лес адгукнуўся стары.
Гай страсянуўся, дрогнула поле,
Долы той гук паняслі.

У гэтым раскаце чуецца воля,
Чуецца радасць зямлі.

Доўга неяк азывалася ў памяці інтанацыя, якой пачыналася апавяданне «Васіль Чурыла»: «Лес шумеў неяк вельмі нудна. Лес рэдка калі маўчыць...» Імя крытыка і літаратуразнаўца Юльяна Пшыркова для мяне ўжо нешта казала, калі паступаў у БДУ. Але асабіста пагаварыць з Юльянам Сяргеевічам удалося праз гады, ужо ў Акадэміі навук, дзе ён загадваў сектарам беларускай дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі.

На пачатку 60-х, падрыхтаваўшы тэкст кандыдацкай дысертацыі, я пайшоў у Інстытут літаратуры. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзе я скончыў аспірантуру, у той час не было Вучонага савета, дзе б я мог абараніцца. Не парушаючы субардынацыі, перш-наперш я звярнуўся да дырэктара В.Барысенкі. Той адразу скіраваў меня да загадчыка сектара беларускай савецкай літаратуры В.Івашына.

Васіль Уладзіміравіч прыняў неяк насцярожана.
Яго можна было зразумець. Пратэндэнт на абарону дысертацыі з’явіўся, лічы, з вуліцы. І тэма «Народна-паэтычная культура Заходняй Беларусі (1920—1939 гг.)» выклікала пытанне, калі не бянтэжыла. Не дадавала даверу да маладзёна, мне патлумачылі тое пазней, і імя майго навуковага кіраўніка члена-карэспандэнта АН БССР, прафесара Гутарава. У яго з паасобнымі навукоўцамі, аказваецца, былі не вельмі простыя адносіны.
Тады пошукі нейкай рады з абаронай дысертацыі прывялі мяне да Юльяна Пшыркова.
Пачцівы літаратура- і (пазней я ў гэтым пераканаўся) чалавеказнавец Юльян Сяргеевіч выслухаў мяне з зычлівай усмешкай, узяў мой опус для азнаямлення, сказаў зайсці праз колькі дзён. Не прамінуў выказаць спадзяванне, што ўсё павінна быць добра. Пры наступнай сустрэчы без агаворак выказаў згоду быць першым апанентам пры абароне дысертацыі.

Другі апанент як бы прадвызначаўся ўжо самой тэмай майго першага даследавання. Быў ім на той час адзіны спецыяліст на заходнебеларускай літаратуры Уладзімір Калеснік. Два гэтыя светлай памяці чалавекі, аўтарытэтныя вучоныя, літаратуразнаўцы і блаславілі мяне на працу па спецыяльнасці «фалькларыстыка».

Перабіраю фатаграфіі тых далёкіх дзён. За кафедрай на Вучоным савеце падчас абароны — Юльян Сяргеевіч і Уладзімір Андрэевіч, на той час — поўныя жыццёвых сіл, чалавечага, асабовага абаяння. На жаль, вобмаль было сустрэч. Звычайна кароткіх, выпадковых. А колькі можна было пачуць, даведацца жыццёва важнага, існага ад гэтых мудрых ад прыроды, шмат перажыўшых людзей.

Пазнаёміўшыся з Юльянам Сяргеевічам асабіста, я стаў пільней сачыць за тым, што выходзіла з-пад пяра паважнага літаратуразнаўца.
Прачытаў яго апошнюю на той час кнігу «Беларуская савецкая проза (1920 — пачатак 30-х гадоў)». Цікава, павучальна было ўслед за росшукамі сталага даследчыка сягаць вытокаў апавядальнага жанру беларускай літаратуры, асэнсоўваць станаўленне аповесці, рамана. Тым больш, што ў канцы 1950-х стала даступная рэпрэсаваная літаратура і ў кнізе Ю.Пшыркова аналізавалася творчасць Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Міхася Зарэцкага, Янкі Нёманскага. Узнаўляўся літаратурны працэс не ў рэдукаванай, як раней, форме, а ва ўсёй яго паўніні.
Упершыню аб’ектыўна асвятлялася дзейнасць літаратурных аб’яднанняў 1920-х.
Даследчык пераканаўча, доказна расчышчаў завалы вульгарна-сацыялагічнай крытыкі ў дачыненні літаб’яднанняў «Узвышша», «Полымя».

У Юльяна Сяргеевіча, як і ў кожнага даследчыка літаратуры, культуры, былі свае прыярытэты. Асаблівую ўвагу літаратуразнавец аддаваў творчасці Якуба Коласа.

Уражвала аналітыка і сістэмнасць даследчыка пры вывучэнні ім трылогіі «На ростанях» і паэтычнага эпасу Якуба Коласа. Пазней я зарыентаваўся, адкуль гэтая грунтоўная аналітыка і сістэмнасць. Юльян Сяргеевіч яшчэ да вайны паспеў закончыць філалагічны факультэт і аспірантуру пры Ленінградскім універсітэце. Вучыўся ў славутага расійскага літаратуразнаўца Ігара Яроміна. Дарэчы, ленінградскую літаратуразнаўчую школу ўжо пасля вайны прайшлі беларускія спецыялісты па старажытнай літаратуры Аляксандр Коршунаў і Мікола Прашковіч, якіх на пачатку іх навуковай працы шчыра апякаў Юльян Сяргеевіч.

Апора на літаратуразнаўчую школу Ленінградскага ўніверсітэта для беларускай навукі сталася вельмі актуальнай. Страціўшы ў выніку рэпрэсій сваіх літаратуразнаўцаў Аляксандра Вазнясенскага, Івана Замоціна, Міхайлу Піятуховіча, Уладзіміра Дзяржынскага, Міколу Байкова, беларускае літаратуразнаўства пасляваеннага перыяду пачыналася практычна з нуля.

Юльян Пшыркоў, прыйшоўшы ў Інстытут літаратуры АН БССР, убачыў, што поле працы — шырокае, а ратаяў мала.
Каб агледзець, навукова асэнсаваць шматвяковы шлях айчыннай літаратуры, яе творчыя здабыткі, патрэбны людзі кампетэнтныя і апантаныя, неабыякавыя да лёсу роднай літаратуры, культуры.

Спрыяў, дапамагаў апаніраваннем, як навуковы рэдактар, проста разумнай парадай перспектыўным літара-туразнаўцам Івану Навуменку, Алегу Лойку, Міколу Арочку...

Рэальна падтрымліваў і фалькларыстаў, у тым ліку ў будучым плённую даследчыцу традыцыйнай культуры беларусаў Лію Салавей.

Грамадска-навуковая пазіцыя Пшыркова-вучонага, яго клопат пра маладую змену прадвызначаліся, пэўна, яго чалавечай натурай.
Дабрынёй, зычлівасцю свяціліся яго вочы з хітраватай усмешкай. Спакойнай, разважлівай была манера гаварыць.

Прафесар Пшыркоў быў тыпам беларуса ў яго найлепшым праяўленні — разумнага і добрага, шчыра-праўдзівага ў людскіх дачыненнях чалавека. Прыемна было адчуваць яго чалавечы давер у размове, навуковую грунтоўнасць у развагах, працах па літаратуры.

***

Юльян Пшыркоў (31 кастрычніка 1912 — 23 снежня 1980), літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Нарадзіўся ў в.Кісцяні на Рагачоўшчыне. Скончыў педагагічныя курсы ў Рагачове (1930); працаваў настаўнікам. Скончыў філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржуніверсітэта (1939). З 1940 — у савецкім войску, удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Кёнігсбергам; быў тройчы паранены. З 1945 супрацоўнік, з 1954 — загадчык сектара беларускай дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі Інстытута літаратуры АН БССР. У артыкулах «Новая зямля Я. Коласа» і «Дарэвалюцыйныя паэмы Я. Купалы» (абодва — 1940) адзін з першых выступіў з пераглядам вульгарна-сацыялагічных ацэнак гэтых твораў. Аўтар даследаванняў «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951, першая манаграфія ў коласазнаўстве), «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза. 20-я — пачатак 30-х гадоў» (1960), «А. Е. Богданович» (1966) і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?