Азбукоўнік і лічылка: апавяданні, вершы, казкі, лічылкі / укладальнік З. І. Кустава; мастак У. С. Пашчасцьеў. — Мінск: Маст. літ., 2012.— 327 с. ISBN: 978-985-02-1341-9

Азбукоўнік і лічылка: апавяданні, вершы, казкі, лічылкі / укладальнік З. І. Кустава; мастак У. С. Пашчасцьеў. — Мінск: Маст. літ., 2012.— 327 с. ISBN: 978-985-02-1341-9

У дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла чытанка для дзяцей «Азбукоўнік і лічылка», укладзеная Зосяй Куставай і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» характарызуе сваё выданне, як «доўгачаканае і ўнікальнае, апрабаванае дашкольнымі ўстановамі краіны».

Як расказалі карэспандэнту «НН» у выдавецтве, кніга выйшла ў пачатку кастрычніка, у продаж паступіла ў пачатку гэтага тыдня і ўжо амаль прададзеная. Большую частку выкупілі бібліятэкі ў рэгіёнах, у кнігарні пайшла нязначная частка з 2000 накладу — усяго 150 асобнікаў.

Укладальніца Зося Кустава тлумачыць поспех кнігі тым, што такой літаратуры ў Беларусі мала. «Фактычна, я зрабіла альтэрнатыву традыцыйнаму буквару. Я хацела пашырыць кола аўтараў, якія б пісалі для дзяцей, каб сярод іх былі і сучасныя літаратары», — кажа ўкладальніца. Над чытанкай працавалі больш за 70 аўтараў.

Зося Кустава кажа, што пачала працаваць над кнігай яшчэ тады, калі падрастала яе дачка Валярына. Фактычна, рабіла гэтую кніжку для яе. Аўтарам канцэпцыі яна называе сваю маму — Валянціну Салаўёву.

Што адметнага ў кнізе? «Я запрашаю да знаёмства з кожнай літарай, кожнай лічбай з дапамогай аўтарскага тэксту. Некаторыя тэксты пісаліся адмыслова на замову, напрыклад, тэкст Міколы Маляўкі (знаёміць з літарай «а» — НН)», — расказвае ўкладальніца.

Кніга не толькі знаёміць дзетак з літарамі і лічбамі, але і вучыць іх этыкету. «Я прыдумала такі раздзел — «Куфар ветлівасці і дабрыні». Нашых дзяцей трэба вучыць таму, як паводзіць сябе з дарослымі, напрыклад. У нашых аўтараў ёсць такія творы і я іх выкарыстоўваю».

«Куточак бабулі Усцінні» знаёміць дзяцей з прыкладамі вуснай народнай творчасці.

«Мяне выхоўвала бабуля Усціння і я прысвяціла ёй раздзел у кнізе. Усё пачынаецца з калыханкі. Хто заспявае яе вам у маленстве, на якой мове — з гэтага пачынаецца дзіця. Народная творчасць — наша аснова».
У кнізе багата казак. Укладальніца кажа, што адбірала акурат тыя казкі, якія вучаць дзяцей.

Зося Кустава асабліва падкрэслівае, што ў чытанка закліканая не толькі выхоўваюць будучых інтэлектуалаў, але найперш гадаваць беларусаў.

Знайсці «Азбукоўнік і лічылку» можна ў крамах «Белкнігі», а таксама замовіць па тэлефоне выдавецтва — (017) 203-58-09 (разлік безнаяўны).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?