Зімовых халадоў да сярэдзіны лістапада ў Беларусі не чакаецца. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

Кастрычнік у гэтым годзе характарызаваўся няўстойлівым надвор’ем як па тэмпературы, так і па ападках. «Нягледзячы на тое, што дзве першыя цёплыя дэкады змяніліся рэзкім пахаладаннем у канцы месяца, кастрычнік быў на 1–2 градусы цяплейшым з кліматычную норму, — растлумачыла Людміла Парашчук. — Затое ападкаў у гэты перыяд было багата: на большай частцы тэрыторыі краіны выпала паўтары-дзве месячныя нормы».

Паводле слоў галоўнага сіноптыка, у бліжэйшай дэкадзе лістапада будзе пераважаць павышаны тэмпературны рэжым, які стане на 1–3 градусы цяплейшы за норму.
Колькасць ападкаў будзе адпавядаць кліматычнай норме. Рэзкае пахаладанне пачне змяняцца пацяпленнем, і снежнае покрыва да канца тыдня растане на ўсёй тэрыторыі Беларусі. «Такім чынам, зімы ў першай палавіне лістапада ў Беларусі не чакаецца», — сказала Людміла Парашчук.

У бліжэйшыя суткі, 2 лістапада, умовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць актыўны атмасферны фронт. Услед за ім на тэрыторыю краіны пачнуць паступаць цёплыя паветраныя масы з паўднёвага захаду Еўропы. У гэты дзень будзе пераважаць воблачнае надвор’е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. Вецер будзе паўднёва-ўсходні 5–10 метраў за секунду. У многіх раёнах яго парывы дасягнуць 15–20 метраў за секунду. Тэмпература паветра ўначы будзе ад нуля да плюс 6 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 2–7, а па паўднёвым захадзе — да плюс 10 градусаў.

У бліжэйшыя выхадныя надвор’е сфарміруюць атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы.

У суботу, 3 лістапада, у начны час на большай частцы тэрыторыі, а днём месцамі па краіне прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–6 градусаў вышэй за нуль. Удзень тэмпература будзе вагацца ад плюс 5–10 да плюс 12 градусаў па паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці.

У нядзелю дажджоў стане менш, а тэмпературны рэжым па-ранейшаму будзе павышаным. Ноччу тэмпература паветра складзе 1–6 градусаў са знакам плюс. Днём паветра прагрэецца да 6–11 градусаў, а па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей да 13 градусаў цяпла. Паводле слоў галоўнага сіноптыка, такі тэмпературны фон на 2–4 градусы перавысіць кліматычную норму.

У пачатку наступнага тыдня Беларусь трапіць пад уплыў паўднёвага цыклону, які з Міжземнага мора будзе перамяшчацца ў паўночна-ўсходнім напрамку паблізу беларускіх граніц на поўнач Еўрапейскай Расіі.
5 і 6 лістапада на большай частцы тэрыторыі краіны сіноптыкі прагназуюць дажджы, месцамі пройдуць моцныя дажджы. У панядзелак тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1–6 градусаў. Удзень слупок тэрмометра ўзнімецца да 5–10, а па поўдні да плюс 12 градусаў. У аўторак ноччу чакаецца 4–9 градусаў цяпла. Днём тэмпература паветра складзе плюс 6–11 градусаў.

У сераду, 7 лістапада, тэрыторыя Беларусі апынецца ў тылавой частцы цыклону, у сувязі з чым прагназуецца невялікае пахаладанне.

Тэмпература паветра ўначы складзе 1–6 градусаў вышэй за нуль. Удзень па краіне чакаецца 3–8 градусаў цяпла. Уначы на большай частцы, а ўдзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?