Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Століне 2 лістапада вынесла прыгавор двум жыхарам Столінскага раёна, якія забілі 13-гадовую аднавяскоўку Юлію Ляшук.

Як паведаміла начальнік аддзела пракуратуры вобласці Наталля Васярчук, якая падтрымлівае абвінавачанне па справе, школьніца з вёскі Лядзец знікла ноччу 1 студзеня 2012 года. Яе цела знайшлі 15 студзеня недалёка ад дома, дзе яна жыла. Устаноўлена, што прычына смерці — механічная асфіксія, выкліканая закрыццём рота і носа і сцісканнем органаў шыі тупымі цвёрдымі прадметамі. Ахвяра таксама была згвалтавана.

Па абвінавачанні ва ўчыненні злачынства былі арыштаваны два жыхары вёскі Лядзец.
На момант злачынства ім было па 17 гадоў, цяпер — па 18. Адзін з іх нідзе не працуе і не вучыцца, другі — навучэнец Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
Следствам і судом устаноўлена, што злачынствы былі ўчынены абвінавачванымі ў стане алкагольнага ап’янення і па папярэдняй змове 1 студзеня прыкладна з 4.00 да 6.00.
Пры гэтым яны ведалі, што іх ахвяра непаўналетняя.

Паводле слоў Васярчук, на судовым пасяджэнні маладыя людзі паказалі, што яны напалі на школьніцу, калі тая вярталася дадому з навагодняй дыскатэкі з сельскага Дома культуры. Хлопцы закрывалі сваёй ахвяры рот і нос рукамі, душылі за горла, прыводзячы тым самым у стан непрытомнасці. Пасля чаго дзяўчынка была згвалтавана, таксама ў дачыненні да яе ўчынены гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Задушыўшы школьніцу, маладыя людзі закапалі яе цела.

«Забойства сваёй ахвяры, спалучанае са згвалтаваннем, учынена абвінавачванымі з прамым намерам: яны ўсведамлялі грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, прадбачылі іх наступствы і жадалі іх надыходу», — дапоўніла Васярчук.

Праведзеная стацыянарная комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза прызнала, што маладыя людзі ў стане свядомасці.

«На следстве абодва паказвалі, што за тыдзень да Новага года, выпіваючы, гаварылі аб тым, ці могуць забіць чалавека. Успомнілі пра такую гутарку на навагодняй дыскатэцы ў сельскім Доме культуры.

Той, хто нідзе не вучыцца і не працуе, прапанаваў забіць гэту дзяўчынку, бо два гады таму яна не захацела з ім сустракацца», — расказала дзяржабвінаваўца.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала маладых людзей вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных п. 7 і 15 ч. 2 арт. 139, ч. 2 арт. 166 і ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама непаўналетняй у групе; згвалтаванне заведама непаўналетняй; гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетняй). Адзін з іх таксама прызнаны вінаватым ва ўчыненні двух крадзяжоў веласіпедаў (ч. 2 арт. 205) і замаху на крадзеж веласіпеда (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 205).

Абвінавачваны, які нідзе не працуе і не вучыцца, прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі, навучэнец прафесійнага ліцэя — да 11 гадоў пазбаўлення волі. Абодва — з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

«На судовым пасяджэнні яны прызналі сваю віну поўнасцю, прасілі прабачэння ў бацькоў школьніцы, у суда — строга не караць», — сказала Васярчук.

Абвінавачваныя стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, ужывалі спіртныя напоі.

Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?