Палітвязень і журналіст Яўген Васьковіч даслаў сваёй бабулі не зусім звычайны ліст. У ім Васьковіч просіць, каб у дачыненні да яго «не было ніякіх скаргаў, ніякай самадзейнасці».

«Тут жыву я, а не вы… Ці хочаце мне нашкодзіць? «, — піша Васьковіч.

Далей палітвязень удакладняе: «У прэсе пра мяне пісаць можна. Але — не часта і толькі тое, што я ёсць зняволены».

Таксама ён просіць, каб у прэсе не пісалі пра канкрэтны змест яго лістоў.

Віншаванні, лісты падтрымкі, агульная інфармацыя пра яго жыццё ў зняволенні, — такое кола тэм вызначае сам Васьковіч.

— Відаць, публікацыі пра Яўгена Васьковіча ў друкаваных і электронных СМІ (а дакладней — пра некаторыя падрабязнасці яго жыцця ў турме) вельмі раздражняюць улады. І гэта нейкім чынам адбіваецца на самім палітвязні, — лічыць Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» (газеты, у якой больш за год працаваў Васьковіч). — Ці то ў турме на яго аказваюць маральна-псіхалагічнае ўздзеянне, ці то адбываецца нешта іншае… Магчыма, шматлікія пакаранні Васьковіча кожны раз суправаджаюцца фразамі, што, маўляў, калі б пра яго не пісалі, то і такіх праблем бы ў яго не было…

Нагадаем, у пачатку жніўня 2012 года рэдактар «Бобруйского курьера» звяртаўся са скаргай у грамадскую назіральную камісію пры Упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Падставай для звароту сталі факты цэнзуры перапіскі з Васьковічам: не даходзілі лісты да яго і ад яго.

14 верасня 2012 года старшыня камісіі Віктар Сідарэнка сустрэўся і пагутарыў з палітвязнем у магілёўскай турме № 4.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?